Вельмі многія мужчыны і жанчыны розных узростаў – ад 15 да 55 – лічаць, што віртуальны сэкс – гэта нешта няправільнае. Часта людзі, якія так кажуць, самі не мелі ніякага вопыту ў віртуальным сэксе.
Але ацэньваць гэты бок жыцця яны рвуцца. Гэтая сітуацыя нагадвае час, калі толькі-толькі з'явіліся тэлевізары, і многія людзі з пенай ля рота даказвалі, што гэта – павевы д'ябла, распуста чалавецтва і г.д. Паспрабуем разабрацца, ці з'яўляецца віртуальны сэкс чымсьці небяспечным, супярэчыць ён прыродзе чалавека, ці гэта проста яшчэ адзін інструмент для задавальнення сэксуальна-эратычных патрэбаў мужчын і жанчын.

Хто больш за ўсё займаецца віртуальным сэксам? Падлеткі.
Раней мастурбацыя перад часопісам, тэлевізарам, цяпер – перад маніторам. Па сутнасці нічога не змянілася. Раней уяўленне ўключалася з дапамогай візуальнага стымулу, цяпер з'явілася пачуццё прыналежнасці. Ну няма ў падлеткаў яшчэ магчымасці гэтым заняцца рэальна, што зробіш. Жыць неяк трэба. А тут, здаецца, і не ціха сам з сабою, а нават накшталт як з кімсьці. Уяўленне дапаможа. А раней што, было па-іншаму? Ды тое самае.
Але як растлумачыць тое, што дарослыя мужчыны і жанчыны займаюцца тым самым?
Ім жа можна і так. А тут раптам нейкі віртуальны сэкс. Можа, тут вычварэнствам патыхае? Не, тут усё проста. Што там наконт шлюбнай вернасці? Гэта ж выключна грамадская норма маралі. Выхаванне, так сказаць, і ўсё такое. А ў думках што? Ну так, ёсць людзі, якія захоўваюць вернасць адно аднаму выключна дзякуючы любові да бліжняга свайго, бескарысліва, добраахвотна і ні пра кога іншага нават не думаючы. Чулі пра такіх. У кіно пару разоў ды ў літаратуры, пераважна класічнай. А наяве што?

Яшчэ адна прычына. Вось заходзяць у чат хлопцы і дзяўчаты. Пачынаюць ля-ля. Знаёмяцца. Далей трэба пра што-небудзь больш інтэлектуальнае пагаварыць. Але абмяркоўваць праблему павароту паўночных рэк у Сярэднюю Азію ў чаце не з рукі – і народу шмат, няёмка, ды і абстаноўка не тая. Можна пагаварыць пра нешта больш асабістае, але не будзем жа мы з першым сустрэчным на асабістыя тэмы размаўляць, сваё жыццё і праблемы абмяркоўваць! Таму і пачынаюцца размовы пра сэкс з пераходам у той самы сэкс віртуальны. Чаму? Ды таму, што гэта такая тэма – ніякая. Гаварыць можна з кім заўгодна, нават не ведаючы добра чалавека. Так, людзям, якія незнаёмыя са зносінамі ў чаце, гэта можа здацца незразумелым – як так! Сэкс – гэта ж нейкі найвышэйшы этап у зносінах людзей. Яно так, ды не зусім. Нават у жыцці сэкс далёка не заўсёды з'яўляецца гэтым самым найвышэйшым этапам. А ўжо ў віртуальнасці...

Цікавы той факт, што большасць людзей лічыць, што па адчуваннях віртуальны сэкс нашмат слабейшы за рэальны. Але чамусьці размовы пра віртуальны сэкс вельмі папулярныя,
і вельмі многія людзі працягваюць упарта цікавіцца гэтым бокам віртуальных стасункаў. Тым не менш, большасць не можа выказаць сваё стаўленне да гэтай тэмы. Многія лічаць, што віртуальны сэкс дазваляе ім расслабіцца, іншыя ж выкарыстоўваюць яго для пачатку рэальных адносінаў.

Падчас аналізу гэтай праблемы важна ўлічваць яшчэ адно. У нашым грамадстве тэма сэксу так ці інакш табуяваная. Адкрытыя размовы на тэму сэксуальных адносінаў часта знаходзяцца пад асабістай забаронай. А віртуальным сэксам вельмі часта займаюцца людзі, якія хочуць адкрыта і не азіраючыся на можна і нельга, паразмаўляць на гэтую тэму, даведацца пра фантазіі, жаданні і досвед іншых людзей.

Наша грамадства цяпер уяўляе сабой нейкую цікавую сумесь процілеглых тэндэнцыяў. Адна з іх – нейкае пурытанства, а другая – поўная сэксуальная ўсёдазволенасць. Гэта таксама накладае адбітак. З аднаго боку, у многіх людзей, як мужчын, так і жанчын, прачынаецца цікавасць да "забароненых" сэксуальных адносінаў – групавы сэкс, аднаполае каханне і г.д. Прычым "афіцыйна" ў грамадстве прапагандуецца адмоўнае стаўленне да такога кшталту рэчаў. Але ж з жаданнямі нічога не зробіш. І людзям даводзіцца на публіцы ганіць, а ў сітуацыі ананімных віртуальных стасункаў... Вельмі часта ў сітуацыі віртуальнага сэксу людзі спрабуюць "рэалізаваць" жаданні, якія ў рэальнасці яны баяцца неяк выказаць.

Чыста тэхнічна (зыходзячы з фізіялогіі) віртуальны сэкс – гэта сярэдняе паміж звычайным сэксам і мастурбацыяй. Але гэта зусім не тлумачыць прычыну яго шырокай папулярнасці.

Якія можна знайсці сацыяльныя прычыны гэтай з'явы? Напэўна, жаданне разнастаіць сваё сэксуальнае жыццё ўласцівае большасці нармальных людзей.
Пры гэтым у нашым грамадстве, а тым больш на некалькі дзесяцігоддзяў раней, гэтыя нармальныя імкненні скоўваліся і працягваюць скоўвацца грамадскімі нормамі маралі. Чаму гэта адбываецца, зразумела. Мужчына як біялагічная істота імкнецца апладніць максімальную колькасць жанчын – гэта ўваходзіць у яго біялагічны "абавязак" і з'яўляецца свайго кшталту гарантам выжывання чалавецтва. Пры гэтым жанчына як біялагічная істота імкнецца ўтрымаць каля сябе мужчыну – гэта з'яўляецца гарантый выжывання яе і яе дзяцей; таксама неабходная ўмова для выжывання чалавечага роду.
Вернасць і здрада – гэта катэгорыі выключна чалавечага жыцця. Яны з'яўляюцца сацыяльнымі ўтварэннямі. Сям'я як такая наўпрост залежыць ад таго сацыяльнага кантэксту, у якім знаходзіцца.
Калі ўзгадаць Спарту, то там лічылася цалкам нармальным, калі жонка правядзе ноч з прыезджым купцом і народзіць ад яго дзіця, – гэта было неабходна для геннага абнаўлення. У расійскіх вёсках у пэўны перыяд самай зайздроснай нявестай была тая, у якой былі дзеці, – гэта было гарантыяй, што жанчына не бясплодная. Сёння распаўсюджаная норма вернасці. Пры гэтым любая "норма" ці "правіла" з'яўляюцца як процівага пэўнай тэндэнцыі ў паводзінах чалавека, то бок грамадская мараль пакліканая кіраваць паводзінамі людзей, не даючы праявіцца жаданням, якія могуць парушыць існыя грамадскія сістэмы. І натуральна, што людзі імкнуцца абыходзіць любыя забароны.
Віртуальны сэкс часта з'яўляецца свайго кшталту процідзеяннем існым у нас у дадзены перыяд сямейных нормаў і каштоўнасцяў.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці можа віртуальны сэкс быць небяспекай для грамадства, ці можа быць прычынай разбурэння сем'яў? Хутчэй за ўсё, не. Віртуальны сэкс – гэта ўсяго толькі адзін з сучасных механізмаў праявы глыбінных запатрабаванняў чалавека.

Сямейныя людзі пачынаюць цікавіцца віртуальным сэксам, калі сэксуальны партнёр ім надакучвае і хочацца чагосьці новага. Пры гэтым нормы маралі перашкаджаюць таму, каб заводзіць рэальных каханкаў. Віртуальны сэкс сам па сабе ёсць толькі адлюстраваннем праблем або жаданняў канкрэтных людзей. Вельмі часта віртуальны сэкс нават спрыяе захаванню нармальных узаемаадносін у сям'і, дазваляючы людзям рэалізаваць свае "забароненыя" жаданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?