Пра гэта паведаміў сёньня на прэс-канфэрэнцыі дырэктар РНПЦ мэдычнай экспэртызы і рэабілітацыі прафэсар Васіль Смычак.

«Міністэрствам аховы здароўя пастаўлена задача выправіць і перарабіць інструкцыі па інваліднасьці, а таксама інструкцыі па выдачы лістка часовай непрацаздольнасьці (бальнічнага)…», — распавёў Васіль Смычак. Гэтыя меры накіраваныя на тое, каб «чалавека, калі ён хварэе, менш ганяць ў паліклініку».

Плянуецца, што ў выпадку захворваньня на ВРЗ або на грып, да прыкладу, выдаваць бальнічны не на 3 дні, а на 5–6 і гэтак далей. Акрамя таго, будуць зьмяняцца тэрміны выдачы лісткоў непрацаздольнасьці, напрыклад, у цяжкіх хворых пасьля інсульту.

«Калі мы бачым, што ў цяжкага хворага няма паляпшэньня, будзе шырэй практыкавацца выдача бальнічнага на 5–6 месяцаў», — адзначыў Васіль Смычак.

Наконт пытаньня аб пераглядзе інструкцыі па інваліднасьці, дырэктар РНПЦ паведаміў, што пільная ўвага будзе зьвяртацца на вызначэньне бестэрміновай інваліднасьці. У прыватнасьці, калі 3 гады няма паляпшэньняў, то інваліднасьць будзе прысвойвацца бестэрмінова.

Чакаецца, што новыя інструкцыі будуць прынятыя ўжо ў гэтым годзе. Васіль Смычак асабліва падкрэсьліў, што гэтыя меры накіраваны на тое, каб палегчыць «хаджэньне па муках» пацыентаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?