Учора з Касьперам занеслі чарговую перадачу Зьмітру. "25,5 кілаграмаў", - паведаміла цётка ў камуфляжы. Значыцца, да канца месяца яму можна перадаць яшчэ 4,5 кг. Не, уявіце сабе, за 4 дні месяцу амаль вычарпалі ўвесь ліміт!

Нясуць знаёмыя, сядзельцы па намётаваму лягеру, пратэстанты і проста неабыякавыя людзі. Прычым многія перадаюць вараную бульбу, мандарыны, яблыкі і агуркі з лецішча... Ну не разумеюць людзі, што з-за гэтага наш Дзімачка будзе галадаць наступныя тры тыдні!!! Не бы папярэдне запытацца, што яму трэба. А то тэлефануюць і дакладаюць: "Я тут Дашкевіча пакарміла, вінаградзіка яму занесла…" А заўтра ліміт будзе вычарпаны і мы ня здолеем перадаць яму нават самае неабходнае. Мы з Палажанкай стаміліся з гэтым змагацца. Дзіма называе гэта "прадавольственная вайна". Народ, пішыце лепш лісты, а накарміць Дашкевіча – мы накормім!

На месяц кожнаму сядзельцу дазволена атрымаць перадачаў на 30 кілаграмаў. Гэта кілаграм на дзень. У гэтую вагу ўваходзяць таксама вопратка і сродкі гігіены, таму прыходзіцца выбіраць - ці швэдар, ці сала. З гэтай прычыны ёсьць сэнс перадаваць прадукты, якія важаць мала – распушчальныя кашы, сухую кілбасу, "ралтоны". Дзіма патрабуе больш кнігаў, кажа, што лепш есьці меньш будзе. Але на кнігі ўжо кілаграмаў не засталося :)

Увогуле, парадкі на Валадарцы – асобная гісторыя. Існуюць правілы, паводле якіх амаль уся ежа перадаецца ў празрыстых пакетах. Кашкі перасыпаем, цукеркі разгортваем, мёд у плястыку заклейваем скотчам, пюрэ распушчальнае чамусьці нельга. Як нельга звычайныя сродкі для і пасьля галеньня – дазваляюць толькі ў цюбіках (відаць, падтрымліваем айчыннага вытворцу:).

Каб зрабіць паўнавартасную перадачу, трэба правесьці пад сьценамі СІЗА не адну гадзіну. Лекі прымаюць з 12 да 13 гадзінаў (пан, сер, птн). Перапынак на абед – з 13 да 14. Кнігі прымаюць з 14 да 15. Каб перадаць ежу, трэ адстаяць няхілую чаргу. Карацей, на працу і асабістыя справы ў дзень перадачы можна забыцца.

Лісты да Зьмітра ідуць 5 дзён, усё, што з навінамі цэнзары пускаюць у сьмецьце, праверана. Прапускаюць толькі сюсюсю, ляляля, размовы пра надвор'е. Думаю набыць яму якіх паштовак, усё весялей будзе. Перадала капэртаў з падасінавічкамі - ён мне ўсё абяцаў, што пойдзем у грыбы. А зараз піша, што мае чуйку, што восень 2008 будзе грыбной. Во гад, а? Вернецца ж раней, стопудова. Ну мы, прынамсі, чакаем.

(Дадаць новы камэнтар)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?