Яго пакажуць у нядзелю, а 22.45. Казулін карэспандэнту «НН»: «Самі ўсё пабачыце».

Казуліна затрымліваюць пасля суда над іншым палітвязнем — прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, 6 мая 2010.

Казуліна затрымліваюць пасля суда над іншым палітвязнем — прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, 6 мая 2010.

«Праграма «Без купюр». Інтэрв’ю з Аляксандрам Казуліным — кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь» — такі анонс стаіць у праграме НТВ на нядзелю.

Няўжо экс-кандыдат у прэзідэнты прыняў рашэнне балатавацца зноў? Ён быў на пэўны час знік з радараў. Не ўдзельнічаў у зборках лідэраў апазіцыі, не кіраваў ніякай палітычнай сілай.

Казулін на тэлефанаванне адказаў ухіліста.

— Спадару Казулін, у праграме НТВ стаіць інтэрв’ю з «Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь». Гэта азначае, што Вы рашылі балатавацца ў прэзідэнты?

— (Смех у слухаўцы.) Можа быць, маецца на ўвазе экс-кандыдат?

— Дык Вы не рашылі?

— Зразумела.

— А што будзе ў праграме? Пра што была гаворка?

— Калі пакажуць, самі ўсё пабачыце.

— Там будзе нешта сенсацыйнае?

— Пабачыце!

Аляксандр Казулін удзельнічаў у выбарах у 2006 годзе і скончыў іх трэцім па папулярнасці палітыкам пасля Лукашэнкі й Мілінкевіча.

У часе Плошчы ён вагаўся разам з Мілінкевічам наконт тактыкі дзеянняў. Малалікасць (каля 20 тысяч дэманстрантаў) не давала маральнага права абвесціць сябе пераможцам выбараў, падлік галасоў на якіх немагчыма было праверыць.

Спрабуючы сцвердзіць сябе як больш рашучага лідэра, 25 Сакавіка 2006 года Казулін заклікаў дэманстрантаў прайсці да турмы на Акрэсціна, дзе тады ўтрымлівалі каля 600 арыштаваных маніфестантаў. На ягоны заклік адгукнулася некалькі тысяч чалавек, якіх рассеяў спецназ у верхавінах Нямігі.

Улады баяліся штурму турмы.

Пасля гэтага Казуліна па надуманым абвінавачванні пасадзілі. Выйшаў ён з турмы толькі за два гады пад ціскам ЗША і Еўрасаюза, які зрабілі ягонае вызваленне ўмовай нармалізацыі адносінаў з Беларуссю. Асаблівую настойлівасць праявіла Амерыка: у часе працяглай галадоўкі палітвязня амерыканскі дыпламат нават агучыў пытанне Казуліна на Радзе бяспекі ААН.

У часе ягонага турэмнага зняволення памёрла ад раку ягоная жонка.

Пасля вызвалення Казулін не далучыўся ні да адной палітычнай групоўкі. Ён спрабаваў стварыць арганізацыю «Беларускі дом» на базе некалькіх суполак інтэлігенцыі і нацыянальных актывістаў. Аднак спроба не ўдалася, бо лідэры Згуртавання беларусаў свету і Саюза пісьменнікаў пабачылі ў тым небяспеку ўцягвання ва ўнутрыапазіцыйныя палітычныя змаганні на баку адной з груповак. Казулін таксама страціў сувязі з сацыял-дэмакратамі, якіх пэўны час узначальваў.

Лідэры апазіцыі доўгі час ставіліся да Казулін скептычна праз доўгатэрміновую адданую працу Казуліна на Аляксандра Лукашэнку ў якасці рэктара БДУ.
У канцы 90-х хадзілі чуткі і пра асабістае сяброўства Казуліна й Лукашэнкі. Аднак пасля 2006 года Казулін стаў адным з самых рэзкіх крытыкаў рэжыму і найбольш пацярпеў ад рэпрэсій.

Казуліна падтрымліваюць дзве прыгажуні-дачкі. У турме Казулін дасканала вывучыў беларускую мову.

Вядома, што Казулін улетку пабываў у Нарвегіі, дзе выступаў на сусветным форуме праваабаронцаў і змагароў за дэмакратыю. Унутры Беларусі ён і ягоныя паплечнікі выбралі тактыку канспірацыі.

У фільме «Хросны бацька» НТВ падавала нязменна ўсмешлівага Казуліна як лідэра апазіцыі. Казулін мае пэўныя сувязі з бізнэсоўцамі беларускага паходжання, якія аселі ў Расіі.
Пагаворвалі, што менавіта яны фінансавалі кампанію Казуліна ў 2006-м.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?