Былы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, а цяпер дарадца старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў камэнтуе галадоўку эвангелістаў з царквы «Новае жыцьцё»: «Лукашэнка распачаў непрыхаваную вайну проці пратэстанцкай царквы ў Беларусі». Прыводзім поўны тэкст ягонага ліста.

Вайна з пратэстантамі

Праўнае бязладзьдзе чыняць усе структуры дзяржаўнае ўлады ў дачыненьні да царквы эвангельскіх хрысьціян «Новае жыцьцё». І Менская гарадзкая ўлада, і найвышэйшы гаспадарчы суд, і Адміністрацыя Прэзыдэнта павыходзілі ня толькі за межы сёньняшняга заканадаўства, але й пераступілі праз артыкулы беларускае Канстытуцыі. Царква, што арганізавалася паводле закону, набыла будынак паводле закону, дзейнічае паводле закону, віною ўлады раптам апынулася па-за законам. Забралі малітоўны дом, забралі сродкі, укладзеныя на рамонт дому, забралі права на эвангельскае служэньне. Дзяржава на чале з Лукашэнкам забараніла тысячы вернікаў сабрацца разам дзеля малітвы і чытаньня Бібліі.

Лукашэнка распачаў непрыхаваную вайну проці пратэстанцкай царквы ў Беларусі. Арышты прапаведнікаў і пастыраў, непамысныя штрафы на царкоўных служкаў, закрыцьцё малітоўных дамоў, адмова рэгістраваць новыя цэрквы – вось набор вайсковых сродкаў «праваслаўнага атэіста» ў дачыненьні да эвангельскіх хрысьціян. За ягоную дванаццацігадовую прэзыдэнцкую дзейнасьць ніводная эвангельская царква, у тым ліку й каталіцкая, не атрымала ў Менску ніводнай пусткі й дазволу на будаўніцтва царквы.

Сотні малітоўных дамоў ня можна зарэгістраваць як культавыя будынкі, а значыцца вернікі ня могуць зьбірацца дзеля праслаўленьня Госпада. Як і за савецкімі часамі, супрацоўнікі КДБ сочаць царкоўных работнікаў, бесцырымонна запрашаюць іх на бяседы ў свае кабінэты.

«Праваслаўны атэіст», як сябе мянуе А.Лукашэнка, вядзе вайну зь вернікамі не прыхавана, ігнаруючы пратэстанцкую рэакцыю нават ад міжнародных структураў. Карыстаючы бязьмежнай уладай і беспакаранасьцю, ён усчаў чарговую расправу з царквою, у якой чальцоў ёсьць болей як тысяча. Вучань Лукашэнка годны сваіх бязбожных настаўнікаў Леніна-Сталіна, якія гэтаксама бульдозэрамі руйнавалі храмы й кідалі за краты людзей толькі за тое, што тыя верылі ў Бога.

Частка эвангельскіх хрысьціян з царквы «Новае жыцьцё» абвясьціла галадоўку. Такім чынам яны хочуць прыцягнуць увагу грамадзкасьці да бязбожных, антыканстытуцыйных дзеяў улады.

На жаль, наперадзе іх чакаюць яшчэ большыя цяжкасьці. Вельмі добра ведаючы характар Лукашэнкі, сьлед чакаць арыштаў галадоўнікаў, прымяненьня сіл АМАПу проці іх, зьбіцьця, не зьдзіўлюся, калі спэцтэхніка зруйнуе будынак малітоўнага дому, як гэта надоечы зрабілі ў дачыненьні да аўтакефальнае праваслаўнае царквы.

Біблія вучыць, што хрысьціян часам адусюль гнятуць, але яны не прыгнечаныя; бываюць у роспачным стане, але не ўпадаюць у роспач; іх гоняць, але яны не пакінутыя; іх валяць, але яны ня гінуць (2 Карынф. 4:8–9). Мы ведаем, што наперадзе ў Лукашэнкі і такіх, як ён сам, суд чалавечы і суд Божы. Але мы як сапраўдныя хрысьціяне ня прагнем крыві, але молімся за яго і такіх, як ён, і просім: «Даруй ім, Божа, бо ня ведаюць, што чыняць».

Іван Пашкевіч, дарадца старшыні Зьвязу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў

На гэтую ж тэму глядзі:

Да галадоўкі пратэстантаў далучыліся ўжо 110 чалавек (25 пастараў з усёй Беларусі зьехаліся на малітоўнае богаслужэньне ў царкву «Новае жыцьцё». Да галадоўкі вернікаў далучаюцца дзеячы апазыцыі і інтэлігенцыі);

– а таксама блогі Юліі Дарашкевіч і Андрэя Лянкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0