Ад пачатку разумеючы, што, апрача ціску ўлады, грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!» будзе паскубваць, не роўна дыхаючы, яшчэ й апазіцыя, я ўзяў за правіла не адказваць ні на якія закіды ў наш бок. Не ўлазіць ані ў якія апазіцыйныя разборкі. Не губляць на гэта сілы і час — займацца справай. Аднак правілаў, як вядома, не бывае без выключэнняў…

Чаму я вырашыў адказаць (пры ўсіх астатніх папроках і абвінавачваннях) менавіта на закіды Івана Шылы? Па-першае, таму што сімпатызую яму асабіста: ён з тых маладафронтаўцаў, дзеянні якіх (а значыць, і пазіцыя) заслугоўваюць павагі. Па-другое, таму што ён з таго пакалення, дзеля якога (і з якім) мы й распачалі грамадзянскую кампанію «Гавары праўду».

З якой мэтай?

Вось дакумент, які называецца «Стратэгія кампаніі «Гавары праўду» і які перададзены мной у рабочую групу па выпрацоўцы агульнай стратэгіі аб’яднанай апазіцыі на чарговых прэзідэнцкіх выбарах.

Цытую пачатак:

«Кампанія «Гавары праўду!» ствараецца ў знешнепалітычнай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, спрыяльнай для перамогі дэмакратычных сіл у Беларусі.

Дзейнасць кампаніі ўнутры краіны скіраваная на стварэнне ўмоў для дасягнення перамогі, найпершай з якіх з’яўляецца адзінства дэмакратычных сіл. Пры немагчымасці кансалідацыі кампанія дзейнічае самастойна.

Знешнепалітычная дзейнасць кампаніі скіраваная на ўзаемадзеянне з палітычнымі сіламі, якія сваімі ўплывамі здольныя наблізіць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі да дэмакратычных стандартаў.

Тое, што гэты дакумент дасюль мы не публікавалі — не стратэгія, а тактыка. Трэба было паспець набрацца сілы да таго, як нас паспрабуюць знішчыць. І мы паспелі.

Калі мэта ўсталяваць дэмакратыю «нічога не ўяўляе ў ідэйным сэнсе», дык што тады ў тваім разуменні ёсць ідэя, Іване?

Адзін з доказаў нашай «адсутнасці ідэі» нібыта ў тым, што, не надта разлічваючы на перамогу ідэі (духу), мы ўключылі ў барацьбу не духоўнае, а матэрыяльнае: грошы. Што мы перакупляем сяброў розных партый і рухаў, на шматкі раздзіраючы апазіцыю, якая дасюль была цэласнай, а пра грошы нават не сніла.

Пакінем у баку сны…

Калі мы пралічвалі, якія сродкі спатрэбяцца для правядзення кампаніі, мы разумелі: колькі б мы грошай ні сабралі — у Лукашэнкі іх будзе больш. Амапаўцу заплацяць не столькі, колькі валанцёру. Але кожнаму — за што?.. І ў гэтым «за што?» — перавага кожнага валанцёра над кожным амапаўцам.

Разумеючы гэта, разлічвалі і разлічваем мы не на грошы, а на людзей. На цябе, Іване, і на такіх, як ты.

У нас зусім не столькі сродкаў, як некаму ўяўляецца. Проста мы стараемся эфектыўна іх скарыстоўваць. Канцэнтруем на асноўных напрамках. І вырашаем задачы, якія ставім. Якія — прыступка за прыступкай — вядуць нас да мэты.

Я веру ў тое, што мы да яе дойдзем. Што пераможам — і зменім Беларусь.

Цябе цікавіць: у які бок?..

Праз канстытуцыйную рэформу ў бок парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі з наданнем усё большых паўнамоцтваў парламенту і абмежаваннем паўнамоцтваў прэзідэнта, каб у Беларусі ніколі ўжо не ўзнікла не тое што дыктатура — сама магчымасць яе.

Праз эканамічную рэформу ў бок рынкавай эканомікі з рэальнымі інвестыцыямі ў вытворчасць, у новыя тэхналогіі, з непарушнай прыватнай уласнасцю — у тым ліку на зямлю.

Праз абедзве рэформы ў бок насамрэч незалежнай, заможнай, дэмакратычнай — з еўрапейскімі традыцыямі — Беларусі. З еўрапейскімі традыцыямі, бо нашы продкі — стваральнікі адной з першых (і найлепшых) еўрапейскіх канстытуцый.

Усё гэта ўжо даўно павінна было б у нас быць. Чаму ж да сёння мы гэтага не дасягнулі? Чаму 16 гадоў (амаль усё тваё свядомае жыццё, Іване) у Беларусі пануе ўлада, якая спляжвае ўсё беларускае? Чалавечае. Годнае, высокае… Каго, апроч улады, у тым вінаваціць? Апазіцыю? Каго ў апазіцыі?..

Я не стаў вінаваціць нікога, апроч сябе самога. Тое самае раю зрабіць і астатнім.

Сам я ў гэтым часе жыў. І нічога нельга спісаць на тое, што я паэт, што палітыка — не мая справа. Ніхто не можа апраўдацца тым, што ён не палітык. Бо кожны — грамадзянін.

Праблема, зразумела, не ў маіх — ці ў нечых — рэфлексіях. Не ў віне і пошуках апраўданняў. Усё гэта мной адкінута (пакінута на пасля), каб не замінала. Каб ясна бачыць мэту і шлях да яе.

Я б вельмі хацеў, каб на гэтым шляху ты быў побач, Іван. Не зважаючы на плёткі і чуткі, быў з праўдай. Бо, як сказаў невядомы мне палкоўнік з відэароліка, знятага ў дзень тваёй вайсковай прысягі: «Праўда ў нас адна».

У траўні гэтага года прадстаўнікамі 12 моладзевых арганізацый быў прыняты «Мемарандум беларускае моладзі». У ім сказана:

«…Мы, ніжэй падпісаныя прадстаўнікі моладзевых дэмакратычных аб’яднанняў, падпісваем наступны мемарандум галоўных патрабаванняў да кандыдатаў у прэзідэнты ад дэмакратычнага руху Беларусі:

Па-першае, кожны палітык, каторы агучыў свае прэзідэнцкія амбіцыі, павінен ад пачатку сваёй перадвыбарчай дзейнасці заклікаць грамадзянаў Беларусі ня толькі прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, але і прыходзіць на галоўную плошчу Беларусі — плошчу Кастуся Каліноўскага, каб разам дамагацца праўдзівых вынікаў галасавання.

Па-другое, кожны кандыдат у прэзідэнты, каторы прадстаўляе дэмакратычны рух, павінен патрабаваць правядзення свабодных выбараў і адстойваць сапраўды падлік галасоў да поўнай перамогі».

На мемарандум моладзі не адрэагаваў пакуль ніводны з магчымых кандыдатаў у прэзідэнты. Можаш лічыць, Іван, што гэтым лістом да цябе я падпісваюся пад гэтым мемарандумам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?