У апошнія гады ў Беларусі расце цікавасць да нацыянальнага вясельнага абраду. Аб гэтым заявіла дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакатко 24 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, упершыню паслугу «беларускае вяселле» музей прапанаваў у 2005 годзе.

З кожным годам колькасць ахвотнікаў выканаць нацыянальны вясельны абрад расце.
У 2009 годзе музей прыняў 50 пар, а вясной 2010 года ахвотнікі правесці вяселле ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі ўжо запісваліся на восень, гэта значыць утварылася чарга.

Большасць ахвотных правесці нацыянальны вясельны абрад — моладзь. «Што цікава, ёсць пары, калі яна беларуска, а ён з іншай краіны, напрыклад немец або японец», — адзначыла спецыяліст. Паводле яе слоў, даволі часта нявесты і жаніхі пры праходжанні беларускага вясельнага абраду апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, а не ў белую сукенку маладой і чорны касцюм маладога, як пры рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГС.

Як лічыць Лакатко, рост цікавасці да нацыянальнага вясельнага абраду сведчыць аб узмацненні цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры.

Лідэр этна-трыо «Троіца» Іван Кірчук таксама заявіў, што сярод моладзі адзначаецца мода на беларускія вяселлі. Паводле яго меркавання, маладым людзям перад вяселлем належыць даведацца пра традыцыі свайго роду і сям’і, пра значэнне нацыянальных вясельных абрадаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?