Адборачны матч да чэмпіяната Эўропы-2008 паміж зборнымі Беларусі і Румыніі скончыўся досыць прагназавана – 3:1 перамаглі нашчадкі князя Ўлада Цэпеша. Ужо на дзясятай хвіліне гульні беларусы без варыянтаў «гарэлі». Расхлябанасьцю беларускага брамніка Ўладзімера Гаева і абаронцаў скарысталіся Муту і Марыка.

На самым фінішы першай паловы гульні стараньнямі Сяргея Карніленкі нашы гульцы адыгралі адзін гол. Зацепліўся праменьчык надзеі. І беларусы мелі шмат момантаў, каб параўняць лік. Чаго быў толькі варты выхад сам-насам з румынскім брамнікам усё таго ж Сяргея Карніленкі. Форвард паскнарнічаў на перадачу і запароў момант, за што атрымаў значны наганяй ад Вячаслава Глеба. На апошніх хвілінах гульні румыны скарысталі яшчэ адзін момант – пасьля падачы з вугла поля мяч удала знайшоў галаву Гояна.

Галоўны трэнэр зборнай Юры Пунтус назваў адной з прычынаў пройгрышаў беларускай зборнай – няведаньне яе гульцамі нацыянальнага гімну. Цяпер Пунтус возьме пад свой кантроль, каб кожны гулец зборнай ведаў гімн.

Матч Румынія – Беларусь таксама запомніцца каляспартовымі падзеямі на стадыёне «Сьцяўа». Дзясяткі беларускіх заўзятараў напачатку гульні былі пасаджаныя ў аўтобусы і вывезеныя за межы Бухарэсту. Гэта адбылося пасьля таго, як у беларускім сэктары пачаліся бойкі. Цяжка даць адназначны адказ, хто быў іхнім ініцыятарам. Гарачыя ад выпітых сьпіртных напояў беларусы ці румынскія фанаты. Беларуская амбасада ў Бухарэсьце запэўнівае, што вінаватыя гаспадары стадыёну. Тады становіцца дзіўным, зь якой прычыны беларусаў вывезьлі ў лес.

Ніхто з нашых суайчыньнікаў ня быў затрыманы, кажуць у пасольстве. Цікава, ці зьбіраюцца беларусы падаваць нейкія скаргі ў суд з прычыны таго, што не змаглі паглядзець матч, за які заплацілі грошы, і хто будзе ў ролі адказьніка.

Тым часам румыны вырашылі да наступнага матчу зьмяніць стадыён. Люксэмбуржцаў яны прымуць у Цімішаарэ, бо гульцы румынскай каманды неаднаразова чулі ганебныя выкрыкі ад фанатаў у іхні бок.

Астатнія матчы нашай групы скончыліся наступным чынам: Славенія – Люксэмбург 2:0, Баўгарыя – Галяндыя 1:1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?