Выканаўцы аўтарскай песні з Беларусі, Расіі і Украіны з’язджаюцца на першы міжрэгіянальны спартыўна-музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка»,
які адкрываецца 26 жніўня на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

Як паведаміў БелаПАН старшыня аргкамітэта фестывалю Сяргей Кулягін, падобны фестываль — першы не толькі ў Беларусі, але і ў СНД. Акрамя выканання ўласных песень яго ўдзельнікі будуць спаборнічаць у рыбалоўным майстэрстве.

Ідэя фестывалю належыць барду і заўзятаму рыбаку з Гомельскай вобласці Вячаславу Клімовічу. Праект падтрымаў Быхаўскі райвыканкам, які дапамог у арганізацыі фестывалю і пошуку спонсараў.

«Многія барды захапляюцца рыбалкай, — адзначыў Кулягін. — Хацелася б адрадзіць у Магілёве фестываль аўтарскай песні: у мінулым у нас праводзіліся „Сакавіцкі кот“ і „Новы горад“. Таму было вырашана аб’яднаць два захапленні — рыбалку і аўтарскую песню — і арганізаваць спартыўна-музычнае свята».

Пакуль удзельнікі фестывалю размяшчаюцца ў палатках на тэрыторыі аграсядзібы «Пясчаны бераг». «Ужо прыехалі барды з Масквы, Адэсы і ўсіх рэгіёнаў Беларусі», — паведаміў Кулягін. Арганізатары чакаюць прыезду прыкладна сотні бардаў, а таксама амаль тысячы слухачоў.

У праграме фестывалю, які будзе доўжыцца да 29 жніўня, — канцэрт «Гітара па кругу», выкананне песень пад гітару на пантоннай сцэне на вадзе («Ноч класічнай гітары»), рыбалоўныя спаборніцтвы, гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рыбалоўных спаборніцтваў.

Першы канцэрт пройдзе сёння ўвечары ў быхаўскім Доме афіцэраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?