Лідэр Руху «За Свабоду» звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам зрабіць празрыстасць падліку галасоў галоўным крытэрам ацэнкі выбараў.

Аляксандр Мілінкевіч у лісце да кіраўнікоў дыпламатычных місіяў краінаў АБСЕ, у БДІПЧ АБСЕ, у Раду Еўропы, Еўрапейскі парламент і Еўрапейскую камісію акцэнтуе ўвагу на неабходнай умове для прызнання надыходзячых беларускіх выбараў еўрапейскай супольнасцю.

Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што мясцовыя выбары, то прайшлі ў красавіку, пераканаўча прадэманстравалі фасаднасць і недастатковасць зменаў выбарчага заканадаўства Беларусі.

На думку лідэра Руху «За Свабоду», сапраўдныя паўнавартасныя выбары можа забяспечыць адно дэмакратычная працэдура іх правядзення. Гэта значыць — уключэнне ў склад выбарчых камісій усіх узроўняў прадстаўнікоў усіх кандыдатаў.

Мілінкевіч прапануе разглядаць уключэнне ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў усіх кандыдатаў галоўным крытэрам прызнання выбараў.

«У гэтай сувязі прашу Вас пры ацэнцы Выбарчага Кодэксу і вынікаў выбараў у Беларусі лічыць права на уключэнне прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў у камісіі ўсіх узроўняў фундаментальным крытэрам іх празрыстасці. Коратка патрабаванне простае: лічым галасы разам!», − піша Аляксандр Мілінкевіч.

10 жніўня Мілінкевіч звярнуўся з заклікам да палаты прадстаўнікоў. Ён прапануе падчас нечарговай сесіі, што склікаецца 7 верасня, прыняць папраўку ў Выбарчы кодэкс, якая будзе гарантаваць кожнаму незалежнаму кандыдату ў прэзідэнты наяўнасць яго прадстаўнікоў у выбарчых камісіях усіх узроўняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?