На думку навазеландскіх даследчыкаў, тытунёвая прамысловасць, магчыма, спрабуе абысці забарону на рэкламу сваёй прадукцыі з дапамогай такіх сайтаў, як YouTube.

Тытунёвыя кампаніі сцвярджаюць, што яны ніколі не рэкламуюць цыгарэт у інтэрнэце.

Аднак навазеландцы выявілі, што некаторыя ролікі ў YouTube «знаходзяцца ў рэчышчы ненаўпростай маркетынгавай дзейнасці тытунёвых фірмаў і іх партнёраў».

Іх персанажы дэманструюць станоўчае стаўленне да курэння, не асуджаюць тых, хто закурвае ў грамадскіх месцах, паказваюць гэты занятак як нешта стыльнае, што падкрэслівае мужнасць або жаноцкасць.

Як сказаў адзін з даследчыкаў, доктар Джордж Томсан, «чым нармальнейшым выглядае на экране кампутара спажыванне тытуню, тым больш дзяцей пачнуць яго курыць».

Навукоўцы рэкамендавалі ўладам правяраць матэрыялы такога зместу. На іх думку, сусветная сетка дае вялікія магчымасці для тых, хто хоча абысці правілы рэкламы.

Падазроны прафесіяналізм

Спецыялісты з Новай Зеландыі прааналізавалі

163 аматарскіх відэакліпы, якія ўтрымлівалі згадку якога-небудзь з пяці вядомых тытунёвых брэндаў. Аказалася, што 20 з іх былі зробленыя «вельмі прафесійна».

У многіх роліках абыгрываюцца тэмы, вядомыя па рэкламе цыгарэт,

прысутнічаюць выявы ці музыка, на якія ў тытунёвых кампаній ёсць аўтарскія правы.

Тэарэтычна гэтыя кампаніі маглі патрабаваць выдалення з інтэрнэту такіх кліпаў. Акрамя таго, аўтары запісаў маглі б папярэдзіць кампанію Google, якая валодае аднайменным пашукавіком і YouTube, што матэрыялы могуць быць непажаданымі для пэўнай часткі аўдыторыі.

У вывучаных кліпах апынулася шмат архіўных выяваў знакамітасцяў, такіх як гурт «Бітлз», з цыгарэтамі ў руках.

Адказ тытунёвых фірмаў

Прадстаўніца British American Tobacco Кэтрын Армстранг заявіла, што палітыка яе кампаніі не прадугледжвае выкарыстання ні YouTube, ні сацыяльных сетак накшталт Facebook для ўмацавання пазіцый сваіх гандлёвых марак.

У 2002 некалькі тытунёвых кампаній добраахвотна абавязаліся скараціць аб’ём сваёй наўпростай рэкламы ў інтэрнэце.

Прадстаўніца арганізацыі супраціўнікаў курэння Action on Smoking and Health Аманда Санфард сказала Бі-бі-сі, што выяўленая навазеландцамі прыхаваная рэклама цыгарэтаў адлюстроўвае тыповыя паводзіны тытунёвых фірмаў.

«Як толькі знікае адна магчымасць для навязвання людзям такой прадукцыі, яе вытворцы пачынаюць спакушаць спажыўцоў іншымі спосабамі, —
сказала Аманда Санфард. — Цяпер яны засяродзілі высілкі на моладзі, якая шмат глядзіць відэа ў інтэрнэце».

Прадстаўнікі YouTube заявілі, што гэты сэрвіс не прымае платы за тытунёвую рэкламу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?