У СМІ перададзеныя пратаколы допыту бізнэсоўца Паўла Малочкі, запісаныя Сьвятланай Байковай. Яны сьведчаць пра сапраўдныя маштабы карупцыі ў мытні, Памежным камітэце і КДБ.

Допыты бізнэсоўца Паўла Малочкі сьледчая Сьвятлана Байкова праводзіла ў Бэрліне, дзе Малочка жыў пасьля таго, як уцёк зь Беларусі, даведаўшыся пра крымінальныя справы аб карупцыі на мяжы. У рэдакцыю "Свабоды" трапілі копіі пратаколаў двух допытаў: ад 20 лютага і ад 26 лістапада 2009 году. Прызнаньні Паўла Малочкі ня толькі сьведчаць пра маштабы карупцыі ў беларускіх праваахоўных органах, але выкрываюць мэханізм карупцыі на мяжы і ў зьвязаных зь ёй сфэрах, а таксама паказваюць чалавечыя якасьці прадажных службоўцаў, якія павінны абараняць закон.

З пратаколу вынікае, што бізнэсовец Павал Малочка ў 2001 гадзе праз хабар пэўным мытнікам, памежнікам ды супрацоўнікам КДБ, якія «курыравалі" памежныя пераходы ў раёне Берасьця, забясьпечыў незаконны праезд сотняў фураў расейскіх бізнэсоўцаў.
Гэтай дзейнасьцю Малочка, паводле ягоных ацэнак, зарабіў прыкладна 900 тысяч даляраў. Дарэчы, столькі ж зарабіў ягоны саўдзельнік па прозьвішчы Клім, які пазьней быў арыштаваны. Колькі ж перапала карумпаваным беларускім сілавікам? Пра памер іх заробкаў сьведчыць такая цытата з пратаколу.
«За кожную аўтамашыну з таварам мы атрымоўвалі ад расейскіх кліентаў ад 12 да 15 тысяч даляраў.
З гэтай сумы на хабар усім службовым асобам мытні і праваахоўных структураў ішло ад 4 да 7 тысяч даляраў ЗША. У Расеі ж размытніць адну фуру тавару каштавала б 45 тысяч даляраў».

Як дзейнічала карупцыйная схема, супроць якой мусіла змагацца цэлая армія кантралёраў у розных беларускіх ведамствах? Аказваецца, насамрэч заслоны не дапамагалі. У пратаколе Павал Малочка называе пэўнага адказнага мытніка зь Берасьця, які падказваў злачынцам, пад якія тавары лепш «кансьпіраваць» кантрабанду ў дакумэнтах. Іншы саўдзельнік, ужо з Памежнага камітэту, падрабляў копію дакумэнтаў польскай мытні, каб не ўзьнікла падазрэньняў у кантрабандзе. Грошы таксама трэба было плаціць супрацоўніку КДБ, які курыраваў мытню, за тое, каб падчас праезду фураў празь Беларусь іх нечакана не спынілі. Берасьцейскім мытнікам дапамагалі калегі ў цэнтральным апараце Мытнага камітэту ў Менску — ім перападала іх доля. Паводле падлікаў, усяго гаворка ішла пра сотні тысяч даляраў хабару.

Зьдзіўляе хуткасьць, зь якой, паводле Паўла Малочкі, расло кола карумпаваных сілавікоў: пачыналася схема з аднаго-двух, а ў выніку ў пратаколе фігуруюць дзесяткі службоўцаў. Сярод іх асаблівую ролю займаюць супрацоўнікі КДБ. Ёсьць паказаньні на былога старшыню КДБ па Берасьцейскай вобласьці Аксючыца, які пазьней зьнік і цяпер знаходзіцца ў вышуку. Яму, а таксама ягонаму намесьніку Грамовічу нібыта перадаваўся хабар у 50 тысяч даляраў. «Дадзеная сума перадавалася ім як арганізатарам каналу кантрабанды ў якасьці іх долі ад сумеснай злачыннай дзейнасьці» — паказаў Павал Малочка.

Адметная дэталь: Павал Малочка спачатку спрабаваў змагацца зь вялікімі паборамі мытнікаў і памежнікаў, распавядаючы пра іх карумпаванасьць супрацоўнікам КДБ.
Але ў выніку гэтага «заступніцтва» давялося плаціць таксама і супрацоўнікам КДБ. Прычым апэтыты «чэкістаў» увесь час расьлі. Малочка даў паказаньні пра «вайну» паміж 3 і 9-ым аддзеламі берасьцейскай управы КДБ.

«Супрацоўнікі 3-га аддзелу затрымлівалі аўтамашыны з грузам, якія «крышаваў» 9-ы аддзел, а супрацоўнікі 9-га аддзелу затрымлівалі машыны, якія «крышаваў» 3-ці аддзел".

Каб вырашыць праблему, чарговаму начальніку ў КДБ, якога наўпрост называе Малочка, давялося даваць хабар у 70 тысяч даляраў. Згадваецца ў пратаколах і прозьвішча былога старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі.

Для паўнаты маральнага партрэту хабарнікаў істотнай будзе гэткая дэталь: атрымліваючы штомесяц тысячы даляраў наяўнага хабару, яны ня грэбавалі і драбязой: адзін з супрацоўнікаў, які і так быў на ўтрыманьні, раптам папрасіў кампутар. Давялося Малочку везьці з Масквы свой асабісты «камп». Некалькі разоў Павал Малочка прыганяў карупцыянэрам з КДБ аўтамабілі зь Нямеччыны, купляў драўляны зруб, пазычыў грошы на кватэру ў Маскве і гэтак далей.

Ужо некалькі месяцаў у Беларускім вайсковым судзе ідзе працэс над былым намесьнікам начальніка ўправы КДБ па Берасьцейскай вобласьці Анатолем Грамовічам, дзе, відаць, вывучаюцца гэтыя дакумэнты. Але падрабязнасьці слуханьняў невядомыя, бо працэс закрыты. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што прычына тут не ў «службовых таямніцах».

«Уладзе гэта нецікава, бо могуць зьявіцца новыя падрабязнасьці, новыя прозьвішчы. Магчыма, Грамовіч зараз больш раскажа.
Як на мой погляд праваабаронцы, такія працэсы мусяць быць адкрытымі, каб усё было бачна грамадзкасьці, і тады ўлада зможа сказаць, што яна ня мае да гэтага дачыненьня. А калі працэс закрыты, то менавіта ўлада дазваляла такім чыноўнікам доўгі час красьці і пазьбягаць адказнасьці».

Нагадаем, у лютым 2010 году, празь некалькі месяцаў пасьля допыту Паўла Малочкі, сьледчая па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Сьвятлана Байкова была арыштаваная КДБ і на паўгода зьмешчаная ў сьледчую турму КДБ. Байкову абвінавачваюць у тым, што яна не прыцягнула да адказнасьці Паўла Малочку, які на момант сьледзтва ня жыў у Беларусі і шансаў на ягоную выдачу зь Нямеччыны фактычна не было. Толькі 24 жніўня Сьвятлану Байкову з «амэрыканкі» вызвалілі пад хатні арышт, расьсьледаваньне яе крымінальнай справы працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?