На думку намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, вылучанага партыяй кандыдатам на пасаду прэзідэнта, на дэбатах неабходна абмеркаваць палажэнні маніфэсту аб абароне нацыянальных інтарэсаў, які быў прадстаўлены 23 жніўня.

«Палажэнні маніфэсту выклікалі цікавасць у сродкаў масавай інфармацыі і патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Я гатовы ў дэбатах давесці, што падчас прэзідэнцкай кампаніі апазіцыйны кандыдат павінен адстойваць нацыянальныя інтарэсы, а не, напрыклад, прарасійскія», – сказаў ён.

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што пакуль афіцыйнай рэакцыі на прапанову далучыцца да маніфесту не было. Аднак, паведаміў ён, падпісаць дакумент можа лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, палітык Алесь Міхалевіч.

У маніфэсце Партыі БНФ адзначаецца, што небяспека палітычнай і эканамічнай незалежнасці Беларусі і свабодзе яе грамадзянаў зыходзіць «не толькі ад сённяшняга рэжыму, але і ад вышэйшых палітычных колаў Расіі і звязаных з імі алігархаў». А таму на выбарах неабходна змагацца не толькі супраць Лукашэнкі, але і супраць прарасійскага кандыдата.

Пасля свайго прыходу да ўлады, гаворыцца ў дакуменце, Партыя БНФ гарантуе рэзкі разрыў саюзных адносінаў з Расіяй, у тым ліку выхад з Мытнага саюза і АДКБ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?