Украінскі часопіс зрабіў тэмай нумару «беларускі эканамічны цуд».

Чарговы выпуск украінскага часопіса «Корреспондент» выйшаў з выявай Лукашэнкі на вокладцы і загалоўкам «Беларускі цуд». Тэма нумару — ліберальныя рэформы ў Беларусі, іх вынікі і планы на будучыню. Прычынай для абрання такой тэмы стала траплянне Беларусі ў штогадовым рэйтынгу ўмоваў вядзення бізнесу ад World Bank на 58-е месца.

«На вокладцы гэтага нумара (заўтра будзе на сайце) — эканамічныя рэформы ў Беларусі. Так-так, учорашняя краіна-ізгой на чале з былым старшынём калгасу з дыктатарскімі замашкамі шчыра спрабуе стаць сяброўскай для прадпрымальнікаў. Прычым, не толькі для сваіх, але і замежных»,
піша пра беларускі нумар ў сваім блогу на сайце часопіса журналіст выдання Віталь Сыч. Ён нагадвае, што ў рэйтынгу World Bank беларусы абагналі ў гэтым годзе палякаў, італьянцаў, іспанцаў і чэхаў. І падкрэслівае, што такіх ашаламляльных поспехаў Беларусь дамаглася вымушана, страціўшы папярэдне падтрымку Расіі.

У артыкуле «Беларускі цуд», які ў часопісе займае чатыры старонкі, у якасці прыкладу паспяховага вядзення бізнесу ў Беларусі прыводзіцца досвед банкіра Лявона Ханікяна. Намеснік старшыні праўлення Беларускага банка малога бізнесу (ББМБ) некалькі гадоў займаўся бізнесам ва Украіне, а пасля перабраўся ў Беларусь. Па яго словах, хоць банк і выйшаў на беларускі рынак адначасова з надыходам сусветнага фінансавага крызісу восенню 2008 года, прыбытковым ён стаў ужо менш чым праз год. «І ўсё дзякуючы ліберальным рэформам, якія ў Беларусі праводзяць на працягу апошніх трох гадоў».

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў на старонках «Корреспондента» расказвае пра праведзеныя і запланаваныя ў краіне рэформы.

«Мы ўзялі інтэрв'ю ў Міністра эканомікі Беларусі. Дык вось, у яго нават офіс падобны на заходнюю кампанію. У нашых жа міністраў — дываны і залатыя папяльнічкі»,
— не стамляюцца здзіўляцца вестэрнізацыі беларускай эканомікі ўкраінскія журналісты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?