Праз восем гадоў Расія плануе пачаць запуск ракетаў з новага касмадрома на Амуры «Усходні», вызваліўшыся ад касмадрома Байканур у Казахстане.

Пра планы пабудовы касмадрома прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў падчас сваёй паездкі па Далёкім Усходзе Расіі. Цяпер на тэрыторыі будучага касмадрома знаходзіцца поле і закінутая база ракетных войскаў з пустымі сілас ракет з пустымі бункерамі для ракет з ядзернымі боегалоўкамі.

Пуцін заклаў першы камень з надпісам: «Тут паўстане новы касмадром». Да канца года плануецца скончыць праектна-падрыхтоўчыя працы, а будаўніцтва мае пачацца ў наступным годзе. Праз пяць гадоў плануецца пачаць запуск беспілотных караблёў.

Першыя пілатаваныя палёты пачнуцца ў пачатку 2018.
На касмадроме паўстануць дзве стартавыя пляцоўкі.

Расія ўжо амаль 50 гадоў карыстаецца касмадромам Байканур у Казахстане, адкуль стартавалі ўсе савецкія і расійскія ракеты.

Масква плаціць за арэнду $115 млн у год, а Казахстан скардзіцца, што «Байканур» атручвае навакольнае асяроддзе.
Расія таксама мае ракетны палігон у Плясецку, але ён прызначаны для вайсковых мэтаў, у тым ліку для запуску спадарожнікаў.

— Будаўніцтва касмадрома «Усходні» не спыніць супрацоўніцтва ні з Казахстанам, ні з французамі [Парыж — партнёр расійскай касмічнай праграмы, асабліва ў запуску спадарожнікаў], — запэўніў Пуцін. — Але попыт у галіне касмічных паслугаў будзе расці, і таму ў нас з’явіцца новы касмадром.

Ля касмадрома паўстане 40-тысячны горад, дзе будуць жыць працаўнікі касмадрома і іх сем’і.

Візіт прэм’ер-міністра на Далёкі Усход быў пакліканы паказаць, што Масква не занядбала рэгіёну, што знаходзіцца за 10 гадзінаў лёту ад сталіцы і мае больш эканамічных сувязяў з Кітаем, чым з еўрапейскай часткай Расіі. Пуцін адкрыў будоўлю новай гідраэлектрастанцыі і расійскую частку новага нафтаправоду ў Кітай. Але пакуль што гэта дарога ў нікуды, бо Кітаю неабходна пабудаваць больш за 900 км трубаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?