Раніцай 30 жніўня ў Маскве адкрылася канферэнцыя «Беларусь — Расія: канец саюза, пачатак прагматычнага партнёрства?». У ёй бяруць удзел расійскія і беларускія эксперты ў сферы эканомікі і знешняй палітыкі.

Арганізатарамі канферэнцыі з расійскага боку выступіла партыя «Правое дело» і рух «Выбор России», з беларускага — Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) і Навукова-даследчы цэнтр Мізеса, які ўзначальвае эканаміст Яраслаў Раманчук, прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі ад АГП. Першая такая канферэнцыя прайшла год таму у Мінску.

Як паведаміў напярэдадні ад’езду ў Маскву старшыня АГП Анатоль Лябедзька, удзельнікі сустрэчы абмяркуюць усе аспекты беларуска-расійскіх стасункаў. «Канферэнцыя — гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння палітыкаў, экспертаў, журналістаў дзвюх краін. Мы разумеем, што неабходна выпрацаваць адказныя рашэнні, якія закранаюць беларуска-расійскія стасункі, прыцягваць да іх распрацоўкі грамадзянскую супольнасць», — сказаў палітык.

Паводле інфармацыі Лябедзькі, у канферэнцыі плануецца ўдзел такіх расійскіх палітыкаў, як Уладзімір Рыжкоў, Барыс Нямцоў, Леанід Гозман і іншых.

Сярод удзельнікаў з беларускага боку, акрамя Лябедзькі і Раманчука, — лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, кіраўнік і эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка і Валерый Карбалевіч, дырэктар сацыялагічнай лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі і іншыя.

Лябедзька таксама паведаміў, што ў Маскве прадстаўнікі АГП правядуць шэраг сустрэч з расійскімі палітыкамі і экспертамі па-за межамі канферэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?