МУС Беларусi мае намер правесьцi перапiс няўлiчаных працоўных рэсурсаў. Паводле слоў першага намесьнiка начальнiка Дэпартамэнту па грамадзянству i мiграцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Аляксея Бегуна, прыкладна кожны трэцi працаздольны беларус не заяўляе аб сваiх крынiцах даходаў, ня плацiць падаткаў i ня робiць адлiчэньняў у сацыяльныя фонды. Фактычна мiлiцыянтам давядзецца дайсьцi да кожнага беспрацоўнага чалавека з названага вышэй «мiльённага сьпiсу», каб высьветлiць, на каго гэтыя людзi працуюць, піша дзяржаўная газэта «Звязда».

Агульная колькасьць такiх, ня ўцягнутых у актыўную працоўную дзейнасьць асоб, складае амаль 1 мiльён чалавек. Сьпiс «нахлебнiкаў» на шыi ў грамадзтва даволi вялiкi. У гэтую катэгорыю, напрыклад, уваходзяць i людзi, якiя займаюцца хатняй гаспадаркай, i кантынгент месцаў пазбаўленьня волi, i нелегальныя прадпрымальнiкi, i «гастарбайтэры». Рэальная колькасьць апошнiх, дарэчы, да гэтага часу невядомая. Афiцыйна за межамi Беларусi працуюць толькi каля 5 тысяч нашых суайчыньнiкаў, зь якiх прыкладна 3–4 тысячы – у Расеi. Разам з тым, паводле зьвестак мiграцыйных службаў РФ, на тэрыторыi суседняй дзяржавы знаходзяцца ад 150 да 300 тысяч беларускiх «гастарбайтэраў». Аднак гэта толькi прыблiзны лiк. Таму, як паведамiў Аляксей Бягун, МУС краiны вырашыла правесьцi татальны манiторынг усiх суайчыньнiкаў, якiя працуюць за мяжой, i грамадзян, якiя ўтоена зарабляюць сабе на хлеб у Беларусi.

Фактычна мiлiцыянтам давядзецца дайсьцi да кожнага чалавека з названага вышэй «мiльённага сьпiсу», каб высьветлiць, на каго гэтыя людзi працуюць. На гэта спатрэбiцца ня менш за 2–3 месяцы. Пасьля таго, як будзе завершаны своеасаблiвы перапiс няўлiчаных працоўных рэсурсаў, Мiнiстэрства ўнутраных спраў выступiць з канкрэтнымi прапановамi дзеля iх легалiзацыi. Паводле слоў Аляксея Бегуна, напрыклад, было б мэтазгодна даць магчымасьць «гастарбайтэрам» добраахвотна дэкляраваць свае даходы, атрыманыя за мяжой, i плацiць падаткi у бюджэт Беларусi, а таксама ўносiць адлiчэньнi ў пэнсiйны i iншыя фонды. Суграмадзян, якiя не захочуць дзялiцца даходамi зь дзяржавай, прапануецца пазбавiць пэўных сацыяльных гарантый цi абмежаваць iльготы. Якiя канкрэтна меры будуць прынятыя да «нахлебнiкаў» беларускага грамадзтва, Аляксей Бягун не паведамiў, бо, як ён кажа, зараз «пытаньне толькi вывучаецца», – адзначае «Звязда».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?