Спалучыліся рашучасць Валэнсы і мудрасць ягоных дарадцаў-інтэлектуалаў.

Напярэдадні страйку эканамічная сітуацыя рабілася ўсё горшай: эканоміка падала, замежная запазычанасць расла, даражэла мяса. Сітуацыя ў краіне была напружанай. Досыць было адной іскры, каб разгарэўся нябачаны дагэтуль пажар. Аднак калі б тая іскра ўпала на камень, то наступнага рэвалюцыйнага моманта прыйшлося б чакаць яшчэ дзесятак гадоў.

Звальненне з Гданьскай верфі ўдзельніцы нелегальных свабодных прафсаюзаў Ганны Валентыновіч акурат і сталася той яскаркай.
Пяць караблебудаўнікоў — Ежы Бароўчак, Богдан Барушэвіч, Людвік Прандзыньскі, Богдан Фэльскі і звольнены з верфі ў 1976 Лех Валэнса — пастанавілі арганізаваць забастоўку.
Мэта была ясная: заняць памяшканні верфі і спыненне вытворчасці аднаго з самых прыбытковых дзяржаўных прадпрыемстваў з патрабаваннем выканаць сфармуляваныя пратэстоўцамі палажэнні.
Першапачаткова ўмоваў былі наступныя: аднаўленне на працы Ганны Валентыновіч, падвышэнне заробку, спачатку на 200 злотых, але пад уплывам Фэльскага, які хацеў звярнуць большую ўвагу на пратэсты, сума вырасла з 200 да 2000. Як неўзабаве высветлілася, улёткі з абсурдна празмернымі патрабаваннямі ўпалі на добрую глебу.

14 жніўня на верфі замест пяці арганізатараў з’явіліся двое — і менавіта на іх плечы лёг абавязак склікання працаўнікоў верфі. Спачатку было нялёгка, але потым да варотаў падышлі тры групы працоўных і пачалі чакаць далейшых інструкцый.

Рызыка была велізарная: каб не паўтарыліся трагічныя падзеі 1970, працоўных нельга было выпускаць за вароты верфі. Урэшце з’явіўся Лех Валэнса: ён пераскочыў праз браму і сказаў прамову перад пратэстоўцамі, дадаўшы ім бадзёрасці і пераканаўшы ў слушнасці іхнага кроку. Страйкоўцы ўладкаваліся ля варотаў і пачалі чакаць размовы з кіраўніцтвам.

Кіраўніцтва хутка пагадзілася на аднаўленне Валентыновіч і падвышэнне заробкаў, абы прадпрыемства зноў пачало працаваць. Задаволеныя такім паваротам, працоўныя пачалі паволі пакідаць шэрагі пратэстоўцаў. Аднак абяцанні выканаць не ўсе патрабаванні, да таго ж, выказаныя толькі ў вуснай форме, не задаволілі арганізатараў.

Яны адчувалі, што гэта прыдатны момант, каб змяніць сітуацыю не толькі на верфі, але і ва ўсёй краіне.
Камітэт страйкоўцаў распачаў працу над новымі пунктамі патрабаванняў, якіх спачатку было цэлых 90. Нарэшце іх скарацілі да 21 — «ачка», як зазначыў Валэнса. Патрабаванні запісалі на драўляных дошках.

Духоўная і матэрыяльная падтрымка

І хаця страйкавыя камітэты пачалі ўтварацца па ўсёй краіне, людзі ў Гданьску не рваліся працягваць забастоўку. Набіралася стома, хацелася дахаты. Патрэбны быў нейкі іншы імпульс. І камітэт пастанавіў зладзіць 17 жніўня нядзельную імшу. Улады не рашыліся забараніць рэлігійную службу на заводзе, баючыся кепскай пагалоскі.

Адзіным святаром, які пагадзіўся адправіць службу перад забастоўшчыкамі, быў ксёндз Генрык Янкоўскі. Айцец Янкоўскі, які супрацоўнічаў з апазіцыяй, перш чым паехаць на верф, напісаў на ўсякі выпадак запавет. Ён баяўся, што жывым з прадпрыемства яго не выпусцяць.
Імша дала цудоўны вынік — аб’яднала пратэстоўцаў. А на браме верфі з'явіўся партрэт духоўнага лідэра — папы Яна Паўла ІІ. Менавіта перад ім з боку горада пачаў збірацца натоўп тых працоўных, якія ў пачатку страйку павярталіся дахаты, а цяпер зноў перайшлі на бок пратэстоўцаў.

Новую сілу людзям дадаў факт, што на суднаверф, нібы на мінскую Плошчу ў 2006-м, з усяго горада пацяклі прадукты, цыгарэты, грошы. Гэта паказала працоўным, як спачувае ім народ.

Прыціснутая да сценкі кампартыя паабяцала выслаць дэлегацыю з Варшавы.
Калі аўтобус з прадстаўнікамі ўлады прыбыў на месца, спецназаўцаў на тэрыторыю завода рабочыя не прапусцілі. Адсутнасць спецназаўцаў на перамовах дала пратэстоўцам важную псіхалагічную перавагу.

Бакі распачалі размовы.

Да пратэстоўцаў-рабочых далучылася таксама група экспертаў-інтэлектуалаў, частка якіх прыехала з Варшавы. Гэты былі, гаворачы мовай афіцыйнай прапаганды, «прафесійныя апазіцыянеры і гнілая інтэлігенцыя». Калі б не яны, рабочых лягчэй было б падмануць.

Рашучасць працоўных была велізарная: 10 дзён і начэй ішлі перамовы ў адной і той жа залі з кароткімі перапынкамі на перакусы. Стрэс і стома моцна даваліся ў знакі. Але Валэнса быў непахісны: ён не прымаў прывабных, але занадта агульных абяцанняў уладаў. Валэнса, з падказкі інтэлектуалаў, патрабаваў пісьмовых і публічных дамоўленасцяў.

Урэшце 31 жніўня Валэнса ўзяў легендарную асадку з выявай папы і разам з дэлегатам уладаў паставіў пад дамовай свой подпіс.

Падзеі ў жніўні 1980 былі першым выпадкам, калі ўрад, што звычайна ўжываў сілу, разганяючы такія акцыі пратэсту, быў вымушаны на роўных распачаць перамовы з працоўнымі.
Адным з найважнейшых выкананых пунктаў знакамітага спісу стала стварэнне незалежных прафсаюзаў, пакліканых абараняць правы працоўных, у прыватнасці, акрэсленне іх удзелу ў вызначэнні памеру заработнай платы, паляпшэнне ўмоваў працы работнікаў аховы здароўя. Узгодненае было скарачэнне цэнзуры і аднаўленне на працы звольненых у перыяд паміж 1970 і 1976 удзельнікаў страйку. Пагадненне змяніла менталітэт палякаў, якія салідарызаваліся з групай невядомых людзей, што змагалася за паляпшэнне ўмоваў жыцця ўсяго народа.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?