Дыскусіі на тэму пабудовы атамнай электрастанцыі ў Астраўцы варта пачынаць з прыгадваньня словаў Аляксандра Лукашэнкі: краіны з атамнымі электрастанцыямі не бамбяць.
Сёлета ўвесну дзеючы прэзыдэнт чарговы раз выказаў шкадаваньне адсутнасьці ў Беларусі атамнай зброі. У гэтым — уся палітычная сутнасьць пражэкту беларускай АЭС і прычына таго, чаму пры гэтай уладзе АЭС пабудавана ня будзе.

Канешне, пільны крытык можа аспрэчыць гэтае выказваньне дзеючага прэзыдэнта. Насамрэч, для многіх краінаў якраз-такі атамныя праграмы і былі нагодай для пагаршэньня замежнапалітычнай сытуацыі. Нажаль, колішні сябра Лукашэнкі зь Іраку больш ужо ня можа распавесьці пра вынікі сваёй нацыянальнай атамнай праграмы.

Невядома, чым скончыцца гісторыя зь іранскай АЭС у Бушэры — нашыя новыя сябры з Тэгерану маюць таксама вялікія праблемы акурат праз гэты праект.
Зусім нядаўна, 21 жніўня, у Бушэры адбылася ўрачыстая цырымонія завозу паліва ў першы энергаблёк і быў зроблены ягоны фізычны пуск. З гэтага моманту станцыя кваліфікуецца як ядзерная ўстаноўка. Сёлетняя рэзалюцыя ААН № 1929 і адпаведныя рашэньні пра санкцыі з боку іншых дзяржаваў (у тым ліку нядаўнія санкцыі ЗША супраць зьвязаных зь Іранам менскіх банкаў «Онербанк» і «Гандлёвы капітал») сьведчаць пра занепакоенасьць міжнароднай супольнасьці гэтай праблемай.

Але ў прынцыпе сама пастаноўка Лукашэнкам пытаньня слушная — паколькі пабудова АЭС у Беларусі вымагае палітычнага рашэньня аднаго з магутных цэнтраў сілы ў сучасным сьвеце, то сам факт пачатку будаўніцтва будзе служыць сыгналам: «У гэтай дзяржаве сытуацыя стабільная, і гэтая стабільнасьць падтрымліваецца вядучымі гульцамі міжнароднай палітыкі». А як вядома беларуская стабільнасць азначае ўстойлівасьць і нязьменнасьць дыктатарскай улады, парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі.

Атамныя аптымісты заплюшчваюць вочы на палітычны складнік праекту і пераконваюць нас, што такім чынам краіна будзе здольная хоць нейкім чынам пазбавіцца ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі. Так, патрэба ў дывэрсіфікацыі паставак энэргіі і энэрганосьбітаў зьяўляецца для нашай краіны надзвычай актуальнай. Але незразумела, у чым залежнасьць ад «Росатама» будзе лепшай за залежнасьць ад «Газпрама», бо асноўным падрадчыкам па беларускай АЭС абраны расейскі вытворца.

А вось у палітычным сэнсе розьніца паміж «Белтрасгазам» і патэнцыйнай беларускай АЭС вялікая. Канфлікты Беларусі з Расеяй пакуль пагражаюць Эўропе адно толькі кароткачасовымі перабоямі ў транзіце газу. Калі ж будзе АЭС-то ў беларускага дыктатара зьявіцца атамная дубінка, якой ён будзе здольны пагражаць як захаду, так і ўсходу. Наколькі сур’ёзнай пагрозай можа быць мірны атам, прадэманстраваў Чарнобыль.

Нельга праводзіць паралелі і зь мінулымі «іміджавымі» будоўлямі рэжыму. АЭС — гэта не будынак нацыянальнай біблятэкі ці Мінск-арэна, якія можна было пабудаваць у выніку мабілізацыі, штурмаўшчыны і шчодрага фінансаваньня. Нават калі Лукашэнка выведзе на суботнік усё сваё сямейства — пабудаваць АЭС без дапамогі замежных профільных кампаніяў не атрымаецца. А так склалася, што гэтыя замежныя кампаніі ўсе залежныя ад дзяржаўных палітычных рашэньняў — такая спэцыяфіка гэтай галіны энергетыкі. Як дзецям дарослыя не даюць гуляцца з запалкамі — так і сусьветная супольнасьць не дапускае адыёзныя рэжымы накшталт сёньняшняга беларускага да атамных «цацак».

Рэгіянальны кантэкст і энэргетычная сытуацыя вакол нашай краіны дазваляюць зрабіць выснову: калі адкінуць паліытчныя выгоды для ўстойлівасьці дзеючага рэжыму, то пабудова АЭС у Астраўцы робіцца немэтазгоднай.
Новыя АЭС зьбіраюцца будаваць і Літва, і Польшча, а ў Калінінградзкай вобласьці ўжо пачатае будаўніцтва Балтыйскай АЭС з разьлікам увесьці яе ў строй да 2016 году. Гэта можа азначаць, што з улікам украінскіх рэсурсаў электраэнергіі ўжо ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве некаторы недахоп электраэнергіі ў нашым рэгіёне зьменіцца на яе перавытворчасьць. Пры такіх абставінах грошы лепш інвэставаць у энергазберагаючыя тэхналёгіі і пераарыентацыю прамысловасьці на ўмовы «дарагіх кілават», чым у сумнеўныя і звышдарагія «цацкі».

Да таго ж, зафінансаваць гэтыя атамныя гульні Лукашэнка зьбіраецца за кошт крэдытаў, што пагражае легчы цяжкім цяжарам на плечы будучых пакаленьняў. На дадзены момант праект беларускай АЭС важыць ня менш за 9 мільярдаў даляраў з пэрспэктывай павелічэньня! Энэргазберажэньне акупіцца пры любым раскладзе — а пэрспэктывы рэнтабельнасьці АЭС вельмі сумнеўныя.

Гэтыя аргумэнты супраць АЭС ня новыя, ды і не адзіныя. Але грамадзкага абмеркаваньня праблемы ўнутры краіны не атрымалася. Дакладней, улады ў звычайным стылі хуценька імітавалі дыскусію з удзелам на ўсё гатовых «працоўных калектываў» і абвесьцілі прынятае рашэньне. Аднак экалягічныя арганізацыі канстататвалі — інфармацыя пра праект не была даведзеная да ведама насельніцтва краіны, чым была парушаная Орхуская канвэнцыя і шэраг іншых міжнародных дакумэнтаў. Слуханьні справаздачы аб ацэнцы ўплыву АЭС на навакольнае асяродздьзе, якія праводзіліся ў Астраўцы летась, атрымалі міжнародны розгалас як сыгнал: ужо на першапачатковым этапе праект «беларускай АЭС» рэалізуецца з грубымі парушэньнямі міжнароднага права. На дадзены момант у межах Канвэнцыі ЭСПОО, якая рэгулюе памежны кантэкст ацэнкі экалягічнай шкоднасьці, пададзеная скарга з боку ўкраінскай грамадзкасці пра парушэньне беларускім урадам патрабаваньняў гэтай міжнароднай дамовы.

Праект пабудовы варта абмяркоўваць. Але — не з Лукашэнкам. Дэмакратычны, цывілізаваны ўрад будзе здольны вырашыць пытаньне разьвіцьця нацыянальнай энэргетыкі ў выніку грамадзкай дыскусіі, з волным абмеркаваньнем усіх аргумэнтаў, як прыхільнікаў, так і праціўнікаў АЭС. Таксама новы дэмакратычны ўрад будзе здольны весьці перамовы і з нашымі суседзямі — Украінай, Польшчай, Літвой — пра рэгіянальную каапэрацыю ў энэргетычнай сфэры і магчымае супрацоўніцтва ў справе АЭС.

Цешыць тое, што сьвет яшчэ не зусім страціў здаровы сэнс: будаваць АЭС для Лукашэнкі ніхто ня будзе.
Сарваныя перамовы з рускім «Атамстройэкспартам», французская кампанія «Арева» дыстанцуецца ад беларускага праекта, прапановы КНР будаваць АЭС у Беларусі выглядаюць фантастычна. Падобна на тое, што найбольшую палітычную волю да ўдзелу ў беларускім атамным праекце гатовы праявіць толькі… Іран. Зь іншага боку, ужо зробленыя праектныя напрацоўкі ня будуць страчаныя — у далешым дэмакратычны ўрад будзе здольны іх разгледзець і, магчыма, скарыстаць. Так што ставіцца да «беларускай АЭС» трэба ў адпаведнасьці зь яе сутнасьцю: за энэргетычнай і эканамічнай рыторыкай ў гэтым праекце хаваецца адно толькі палітычная авантура па фінансаваньні ды забесьпячэньні бестэрміновага захаваньня дынастыі Лукашэнкі — і нічога болей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?