Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праваахоўныя органы пільна адпрацуюць версію магчымай датычнасці расійскага боку да інцыдэнту, які адбыўся на тэрыторыі амбасады РФ у Мінску.

«Хутчэй за ўсё, напэўна, ім патрэбны быў гэты інцыдэнт, каб паказаць: вось бачыце, які там урад, Лукашэнка, які ледзь не сам зладзіў гэты тэракт, як яны яго называюць, і падпалілі аўтамабіль расійскай амбасады. Падонкі і нягоднікі», — заявіў Лукашэнка ў сераду, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

«Атака адна, атака другая, атака трэцяя ў СМІ, беспрэцэдэнтны ціск у эканоміцы. Не ўдаецца. Хацелі прэзідэнта нахіліць — выходзіць наадварот. Трэба шукаць іншыя метады», — сказаў Лукашэнка. Таму, па яго словах, «гэта цікавая версія, і мы будзем яе адпрацоўваць».

Лукашэнка заявіў, што беларускі бок «імгненна выявіў і прапанаваў расійскай амбасадзе дапамогу. Але яны сказалі, што дадуць рады самі.

Па яго словах, «што датычыць гэтай хуткай абвінаваўчай рэакцыі з боку Расіі, то я пачынаю падумваць аб тым, каму гэта трэба было». «Нам гэта трэба было з чарадой гэтых прапагандысцкіх фільмаў? Ну ніяк нам гэта не трэба было. Тым больш — беларускаму прэзідэнту гэта на шкоду. Таму спіхваць гэта на тое, што мы ведалі і не перадухілілі… Гэта падонкі і ідыёты», — сказаў Лукашэнка. «Гэты абвінаваўчы тон вестуноў Крамля кажа аб тым, што праваахоўным органам трэба ўважліва паглядзець на гэты інцыдэнт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, каментуючы выказванне расійскіх палітыкаў аб тым, што беларускія ўлады ведалі пра рыхтаваную акцыю, але не перадухілілі яе.

«Ну, а тое, што мы нясём адказнасць, — гэта цалкам правільна. Мы за гэта адказваем і зробім усё, каб разабрацца, што адбылося», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Амбасада РФ у Мінску пакуль адмаўляецца каментаваць выказванні кіраўніка Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?