Відавочна, сьвята «Дажынкі» мае даўнюю традыцыю, і можна сьмела рэканструяваць, як выглядаў сьпіч правадыра племені са стаянкі Юравічы падчас сьвяткаваньня «Дажынак» недзе ў 2006 г. да н.э.:

Добры дзень, шаноўныя супляменьнікі. Дазвольце лічыць сьвята «Дажынкі-2006 да н.э.» адкрытым.

Хацелася б пачаць свой выступ зь невялічкага экскурсу ў гісторыю.

Прыгадаем, што яшчэ некалькі тысячагодзьдзяў таму падчас ледавіковага пэрыяду гаворка ішла проста аб выжываньні нашага племені.

Таму зь першых дзён свайго правадырства я блізка да сэрца прыняў трывогі супляменьнікаў, на якія самым нэгатыўным чынам мелі уплыў непрадуманыя рэформы ў выніку пераходу на аседлы спосаб жыцьця.

Калі мы пачыналі «Дажынкі», давялося пачуць шмат скептычных рэплік з боку апазыцыі. Быццам гаспадарка ляжыць пластом і ніякіх пэрспэктываў у ёй няма. Чым закапваць зерне ў зямлю – гэтак яны называлі бюджэтную падтрымку стаянак, – можна вырабляць зааморфныя фігуркі і мяняць іх у суседніх плямёнаў на мяса мамантаў.

Аднак чужым мамантам сыты ня будзеш!

Аб якой прадуктовай бясьпецы племені можна гаварыць, калі цалкам залежыш ад паставак з суседняга лесу?

Нельга не адзначыць стымулюючай функцыі «Дажынак». Пераможцы становяцца героямі наскальных малюнкаў, на іх хоча быць падобная моладзь. Стаянка, якая набывае права прымаць «Дажынкі», перажывае другое нараджэньне: адрамантаваныя зямлянкі, добраўпарадкаваныя шалашы, абсталяваныя магільнікі і пасаджаныя на калы вязьні варожых плямёнаў.

Прыемна адзначыць, што свой унёсак у сьвята зрабілі самі жыхары стаянак: яны тройчы выходзілі на суботнікі.

Яшчэ адна добрая традыцыя «Дажынак» – пакідаць пасьля сябе нейкі значны аб’ект. Для нашай стаянкі гэта курган. Там можна пахаваць аднаго правадыра і 70 рабоў, якія будуць суправаджаць яго ў замагільнае царства. Хацеў бы прыгадаць, што ўсе курганы ў нашым племені – рэнтабэльныя!

Перш чым удзельнікі агульнаплемяннога спаборніцтва атрымаюць узнагароды з рук правадыра – касьцяныя пацеркі, хачу адказаць на магчымыя пытаньні аўдыторыі.

Што да мажлівых эканамічных санкцый з боку балтаў, то я скажу так: перажывём – галоўнае, каб таваразварот ня ляснуў, а ён ня лясьне, бо мы штодзня прыносім ахвяру богу Таваразвароту.

Тут задавалі пытаньне – што мы будуем, ці не жадаем мы вяртаньня ў часы дыназаўраў. Я скажу так: выміраньне дыназаўраў было вялікай катастрофай для ўсёй зямлі, і мы павінны ўзяць усё найлепшае з тых часоў, напрыклад, плазуноў.

Таму, у цэлым пазытыўна ацэньваючы працу племені, падкрэсьлю: час выходзіць на ўзровень перадавых афрыканскіх плямёнаў – Тамбукту, Ганы, Канема, Борну і Конга.

А цяпер запрашаю вас усіх на вялікае гала-паяданьне зорак айчыннай і трыпольскай эстрады!

Смачна есьці! Дзякуй за ўвагу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?