Каму была патрэбная смерць вядомага журналіста? Піша ў сваім блогу Святлана Калінкіна.

Алега Бебеніна я ў апошні раз бачыла каля будынку Першамайскага РУУС, куды нас — Радзіну, Коктыш, Халіп і мяне — выклікалі падчас аблавы на сайты. Так што не магу сказаць, што мне вядомыя закуткі яго душы. Але і не магу паверыць, што чалавек, у якога па ўсіх франтах ўсё ў парадку, у якога мора планаў, праектаў і, нягледзячы на цяперашнія ўмовы працы, нават перспектыў дамаўляецца з сябрамі пайсці ў кіно, а сам ідзе і… вешаецца. Так проста не бывае. У маёй галаве гэта не ўкладваецца. Я круціла гэтую сітуацыю і так, і гэтак, аналізавала драбочкі інфармацыі, якая з’явілася, але ва ўсіх агучаных версіях здарэння вымалёўваюцца відавочныя нацяжкі.

Самагубства?.. Дапусцім, нават бліжэйшыя сябры не ведалі чагосьці супертаемнага з жыцця Бебеніна.
Напрыклад, што яго шантажавалі чымсьці вельмі ўжо непрыстойным і, будучы чалавекам гонару, ён абраў смерць. Але ў такой сітуацыі хіба думаюць аб паходзе ў кіно? Хіба дамаўляюцца аб сустрэчы? Ды вядома не! Тым ці іншым чынам кажуць апошняе «даруй» блізкім людзям і робяць той самы, апошні, крок.

А яшчэ гэты дурацкі павалены зэдлік, які згадаў прадстаўнік МУС у доказ версіі самагубства. Навошта Бябеніну быў зэдлік, калі ён умудрыўся павесіцца, практычна стоячы на падлозе. Кажуць, што так бывае: людзі, здаецца, і на ложку вешаюцца, і стоячы на каленях… Але тады чаму перакуліўся зэдлік?..

Версія — забойства…

Пасля доўгага зацішша ў адрас беларускай улады зноў загучалі абвінавачванні ў забойстве палітычных апанентаў. Загучалі не слабымі галасамі дзесятка ўдзельнікаў «Ланцуга неабыякавых людзей», а з экранаў расійскіх тэлеканалаў. Апазіцыя з новым натхненнем піша лісты ў ААН і розныя міжнародныя структуры з патрабаваннем расследавання, у Еўропе для збору дадатковых звестак аб гэтых злачынствах сабралася група на чале з аўтарам кнігі «Расстрэльная каманда» Алегам Алкаевым, у Маскве на дадзены момант апынуліся тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у пошуку «эскадронаў смерці» і не з газетных публікацый ведае аб іх дзейнасці. У гэтай сітуацыі пайсці на яшчэ адно рэзананснае злачынства атачэнне Лукашэнкі, калі яно ў здаровым розуме, не мае права нават з меркаванняў неверагоднай адданасці свайму правадыру. Таму што гэта азначае падкінуць дроў у вогнішча, ўскалыхнуць усё тое, на што ўжо крыху забыліся — самагубствы актывістаў апазыцыі з-за шантажу КДБ, так і не расследаваныя забойствы журналістаў Веранікі Чаркасавай і Васіля Гроднікава, дзіўныя смерці Анатоля Майсені, Генадзя Карпенкі і гэтак далей.

Ды і якая мэта? Усім жа зразумела, што нават пасля смерці Алега сайт Хартыі не спыніць працу, таму што яго робіць каманда.
І лідэр «Еўрапейскай кааліцыі» Андрэй Саннікаў не адмовіцца ад палітычнай барацьбы, таму што пры цяперашніх абставінах гэта ўжо справа гонару. Тады навошта ўладам гэтая смерць?

Яна патрэбная знешнім сілам для нагнятання сітуацыі?

Прабачце за цынізм, але «знешнія сілы», жадаючы ўзмацніць, пагоршыць, ачарніць, абвінаваціць Лукашэнку знайшлі б больш «рэзанансную ахвяру». І зрабілі бы ўсё так, што ні ў каго не засталося б сумненняў, што гэта забойства. Не ў гэтай логіцы сытуацыя «ці то так, то ці не», не ў гэтых сцэнарах забойства, замаскіраванае пад самазабойства, ды так, каб аб сапраўдных падзеях мог даведацца толькі вузкае кола асоб.

Тое ж самае можна сказаць і пра версіі «правакацыя апазіцыі». Калі нават выказаць здагадку, што гэта ў апазіцыйным лагеры нехта вырашыў «нагнятаць напругу», то задача дамагчыся максімальнага рэзанансу патрабуе іншага выканання. Ды і на маёй памяці апазіцыянеры адзін аднаму морду толькі аднойчы набілі (у Гродне была гісторыя), прычым з-за жанчыны. Нішто не сведчыць пра тое, што ёсць у шэрагах апазіцыі такія профі: мегафон да мітынгу таемна давезці не могуць, абавязкова ў міліцыю патрапяць. А мы гіпатэтычна разважаем, ці мог хто-небудзь з іх зымітаваць забойства пад самазабойства, прычым так, каб ніхто не здагадаўся…

І ўсё-ткі ў Беларусі здараліся злачынствы з ахвярамі, калі было зусім не зразумела, што ж адбылося на самай справе, і калі толькі вузкае кола асоб ведала падаплёку падзей.
Узгадаем, напрыклад, выбух на Дзень незалежнасці, вынікам якога стала поўная перагрупоўка фігур ўплыву ў сілавых ведамствах, у тым ліку адстаўка «шэрага кардынала» Віктара Шэймана. Пацярпелі больш за пяцьдзесят чалавек, арганізатараў выбуху так і не знайшлі, затое свае пасады знайшлі «маладыя ваўкі».

Але вось зараз, праз два гады, стала зразумела, што новыя фігуры, якія занялі высокія пасады ў сілавых ведамствах і якім было даверана кантраляваць практычна ўсе, страцілі галаву ад уседазволенасці. Узляцелі ранавата, не маючы ні дастатковага досведу, ні дастатковай асцярожнасці, не ведаючы ўстойлівыя правілы каманднай гульні. Яны дапусцілі столькі праколаў, працёкаў, скандалаў, колькі ў шэрагах сілавікоў не было за ўсе папярэднія гады. Лукашэнка пры іх аказаўся не над канфліктам, як гэта было раней, а ўсё часцей — унутры яго. Але, галоўнае, пры ўсім намаганні «маладых ваўкоў» раптам высветлілася, што Лукашэнка і яго спецслужбы кантралююць далёка не ўсё.

На гэтым фоне, натуральна, сталі падымаць галаву тыя, хто выступае за вяртанне Віктара Шэймана. Кожную рэзанансную справу яны сустракаюць аргументам: «Пры Шэймане такога б не было…» І усімі даступнымі спосабамі імкнуцца данесці гэтую думку да прэзідэнта. Здавалася б, яшчэ пару скандалаў, і магчымасць вяртання Шэймана становіцца ўсё больш рэальнай.

Ну, вось і здарылася…

Калі ёсць хоць нейкае падазрэнне, што смерць Алега Бябеніна не была самагубствам, то, на мой погляд, менавіта з гэтай версіяй — барацьбой розных цэнтраў уплыву ў сілавых структурах, ахвярай якой стаў журналіст — следству варта разбірацца найбольш дбайна. Таму што ў гэтай версіі ёсць матыў, мэта. І гэтая мэта адпавядае выкананню. Рэзанансным, але не аглушальным, зразумела, але не ўсім. І выдатная магчымасць запалохваць беларускага правадыра «знешнімі сіламі», якія так подла і жорстка пачалі рэалізацыю сцэнара змены ўлады… І выдатны доказ няздольнасці цяперашняга кіраўніцтва сілавікоў нешта гэтаму супрацьпаставіць… Пра наяўнасць неабходнага ўзроўню прафесіяналаў для выканання гэтага злавеснага плана я нават не кажу — яны ў гэтым сцэнары самі сабой разумеюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?