Гісторыю былога начальніка аддзела па наглядзе за дазнаннем і аператыўна-вышуковай дзейнасцю Генпракуратуры Сяргея Осіпава, у чыю кампетэнцыю ўваходзіў нагляд за аператыўнай дзейнасцю МУС, Дэпартамента фінансавых расследаванняў і Дзяржаўнага мытнага камітэта, пры шматгадовай практыцы, якая склалася ў краіне, можна лічыць унікальнай.

Прысуджаны ў лютым 2007 судом Мінскай вобласці за хабарніцтва і злоўжыванне службовым становішчам да васьмі гадоў пазбаўлення волі, канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення правоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў, у красавіку гэтага года ён быў прызнаны невінаватым і выпушчаны на свабоду.

Пастанова Мінаблсуду прызнала за Осіпавым права «на пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды, нанесенай яму ў выніку незаконнага асуджэння і ўтрымання пад вартай», а таксама «права на аднаўленне працоўных правоў», парушаных незаконным прысудам.

Нядаўна вызвалены з месцаў пазбаўлення свабоды Сяргей Восіпаў на мінулым тыдні наведаў рэдакцыю «БелГазеты». «Вы пісалі пра абвінаваўчы прысуд, — пачаў ён размову, — напішыце і пра апраўдальны. Можна проста нататку, як з залы суду». Спрабуючы высветліць прычыны распачынання крымінальнай справы і наступнага апраўдання, карэспандэнт «БелГазеты» выйшла за рамкі прапанаванага фармату. Успамінаючы перанесеныя выпрабаванні, юрыст са шматгадовым стажам патлумачыў, што адкрываецца высокапастаўленаму ў мінулым супрацоўніку праваахоўных органаў, калі ён апынаецца па той бок кратаў.

«Ухіл быў абвінаваўчым»

— Наколькі складана невінаватаму, асуджанаму з парушэннем закона чалавеку выйсці на волю?

— Вельмі складана. Ужо само па сабе распачынанне крымінальнай справы т.зв. карупцыйнай скіраванасці ў пэўнай ступені дазваляе нядобрасумленныя асобам у асабістых інтарэсах распраўляцца з непажаданымі ім людзьмі, стала найвышэйшай мерай пакарання — велічэзныя тэрміны, уціск у правах, невыкарыстанне амністыі і інш. Усе тры гады і тры месяцы, праведзеныя пад вартай, я звяртаўся са скаргамі, прайшоў усе інстанцыі судовай сістэмы і Генпракуратуры. Доўгі час адказы былі стандартнымі адпіскамі — «Прысуд вынесены законна і абгрунтавана, мера пакарання справядлівая». Гэта было вельмі цяжка. І маральныя пакуты пераносіліся складаней, чым фізічныя.

— Пры якіх абставінах вам высунулі абвінавачанне?

— Крымінальная справа ў дачыненні мяне была распачатая непасрэдна Генпракуратурай па адным надуманым эпізодзе абвінавачання па падзеях 2001, які нібыта адбыўся ў Маскве — у неўсталяваным месцы, у неўсталяваны час, пры адсутнасці прадмета хабару, без якога-небудзь дакументавання. Заяўнікам стаў тройчы судзімы за махлярства па справах, звязаных з падманам, грамадзянін П., які на момант распачынання крымінальнай справы адбываў чарговы тэрмін.

Маё асуджэнне стала магчымым таму, што судовае разбіральніцтва было праведзенае павярхоўна, акалічнасці, якія маюць істотнае значэнне, не высвятляліся, абгрунтаваныя хадайніцтвы падсуднага і абароны не прымаліся пад увагу.

Роля пракурора ў судзе заключалася толькі ў абвяшчэнні загадзя вызначанага рашэння. У мяне асабіста склалася ўражанне, што калі б дыспазіцыя артыкула прадугледжвала найвышэйшую меру пакарання, дзяржабвінаваўца без ваганняў агучыў бы яе ў дачыненні да мяне, пры гэтым гледзячы абыякава ў стол і ўяўляючы сабой толькі нейкі элемент інтэр’ера залы судовага паседжання. Здавалася, што вырашаецца не лёс чалавека, а нешта далёкае, другараднае, якое не мае да гэтай справы ніякага дачынення.

— Як ацэньваеце працу следства Генпракуратуры, якая высунула вам абвінавачванне?

— Якая-небудзь ацэнка з майго боку працы следства Генпракуратуры ў дадзеным выпадку не да месца, бо апраўдальны прысуд і прызнанне мяне недатычным да інкрымінаванага мне злачыннага дзеяння кажуць самі за сябе і ў каментарах не маюць патрэбы.

— Вы чакалі абвінаваўчага прысуду?

— Не, не чакаў. Спадзяваўся на аб’ектыўнасць суду да апошняга моманту. Аднак у зале суду я быў арыштаваны і дастаўлены ў СІЗА N1 Мінска, дзе, насуперак і ў парушэнне закона, паводле якога пракурорскія работнікі павінныя ўтрымлівацца асобна, быў змешчаны ў перапоўненую камеру. Адразу ж стала вядома, што дастаўлены пракурор Генпракуратуры. Утрымліваўся я ў гэтай камеры на працягу трох сутак разам з падазраванымі і асуджанымі за забойства, разбойны напад, з наркаманамі і г.д. Карацей, «красой» злачыннага свету.

Нагавор

— Як пазнаёміліся з галоўным сведкам абвінавачання і чаму ён наважыўся на нагавор?

— Знаёмства адбылося ў 2001 у Маскве, падчас майго навучання ў Расійскай акадэміі дзяржслужбы. Аднойчы ў госці ў інтэрнат заехаў знаёмы, захапіўшы свайго прыяцеля П. Мае стасункі з гэтым чалавекам насілі павярхоўны характар. Бачыліся мы некалькі разоў. Апынуўшыся ў чарговым зняволенні, П. накіраваў да мяне сваю жонку і адваката з просьбай дапамагчы яму. Я адмовіўся. Магчыма, гэта і паслужыла прычынай нагавору.

Магчымыя і іншыя варыянты: напрыклад, імкненне П. дамагчыся змякчэння пакарання сабе як «змагару з карупцыяй». Амбіцыі, на мой погляд, таксама адыгралі не апошнюю ролю: для прафесійнага махляра, ды яшчэ неаднаразова судзімага, абгаварыць пракурора і «аформіць» яго па этапе — гэта як тэст на пацверджанне яго «суперпрафесіяналізму». Гэтым ён бравіраваў і падчас судовага разбіральніцтва.

— Акцэнтуючы ўвагу на шматразовай судзімасці выпадковага знаёмага, вы даяце зразумець, што людзям, якія парушылі закон, нельга верыць?

— Заявы як судзімых, так і неасуджаных павінныя разглядацца ў аднолькавым фармаце. Разам з тым, яны мусяць быць даследаваныя ў сукупнасці з іншымі доказамі, чаго ў маёй крымінальнай справе не было.

Справа для падручніка

— Ці згодныя Вы з меркаваннем былога супрацоўніка МУС, падпалкоўніка міліцыі, які быў асуджаны і правёў у калоніі больш за год, што заявіў «БелГазеце»: на ўсіх беларускіх праваахоўнікаў не хапае рэальных злачынстваў, даводзіцца іх мадэляваць, а не раскрываць?

— У калоніі «Віцьба» пасля вызвалення асуджаныя праводзілі мяне шматзначнымі позіркамі, а то і проста казалі: «Справа ясная! Свае свайго выцягнулі!» Гэта зусім не так. Генпракуратура, прэзідыум Вярхоўнага суду і Мінскі абласны суд у другім слуханні справы прынялі рашэнне аб маёй поўнай невінаватасці пад грузам відавочных, бачных, вобразна кажучы, нават слепа грубых прабелаў у доказнай базе. А дакладней, у сувязі з яе адсутнасцю ў варыянце, адпаведным крымінальна-працэсуальнаму праву. Мяркую, што ў пэўным сэнсе ім няпроста было прыняць такое рашэнне. Прызнаць свае памылкі такога маштабу — справа толькі моцных асоб і магчымая толькі ў прававой дзяржаве. Таму, што справа перагледжаная праз некалькі гадоў і што апраўдальны прысуд у прынцыпе стаў магчымым, лічу, ёсць падстава ў пэўнай ступені паверыць у верхавенства закона ў нашай краіне.

Магчыма, аднойчы мы станем сведкамі таго, як «справа Осіпава» ўвойдзе ў падручнікі па правазнаўстве, па якіх будуць навучацца будучыя пакалення юрыстаў, як прыклад дзейнасці Генпракуратуры ва ўмовах, калі яна застаецца без належнага кантролю з прычыны залішняга даверу да яе.

— Ці маеце намер высунуць прэтэнзіі следчаму і суддзю, намаганнямі якіх апынуліся на зоне?

— Мяне асудзілі і апраўдалі па адных і тых жа абставінах, нічога новага, пакуль я знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, у справе не з’явілася. Бясспрэчна, з такой доказнай базай крымінальную справу заводзіць было немагчыма ў прынцыпе.

Зыходзячы з практыкі, якая склалася, у дачыненні да асоб судовай і праваахоўнай сістэмы, якія дапусцілі падобную памылку, абавязаныя ўжыць адпаведныя меры ўздзеяння. Я чакаю мер, адэкватных сітуацыі, але ініцыяваць іх сам пакуль не буду. Паглядзім, якое рашэнне вынесуць праваахоўныя структуры, службовыя асобы якіх датычныя да майго незаконнага асуджэння.

З пачуццём грэблівасці

— Ці збіраецеся скарыстацца пастановай Мінаблсуду, які даў права на пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды, нанесенай у выніку незаконнага асуджэння і ўтрымання пад вартай па прысудзе, а таксама права на аднаўленне на працы?

— Так, безумоўна. Я маю намер скарыстацца ўсімі правамі, якія належаць мне па законе, у т.л. на аднаўленне на працы. Зразумела любому, што аднаўленне на працы, якой прысвяціў вялікі адрэзак жыцця, — гэта і стаж для пенсіі, і заробак, у якім мае патрэбу мая сям’я.

— У якую суму ацэньваеце перанесеныя пакуты?

— Перанесеныя мною пакуты не эквівалентныя любой грашовай ўзнагародзе, але я не адмоўлюся ад пакрыцця маральнай шкоды ва ўстаноўленым законам парадку.

— Працягваеце верыць у ідэалы, захоўваючы высокае меркаванне пра сваё ведамства?

— Калі вы хочаце даведацца, ці затаіў я злосць на сваіх калегаў, пра што пыталіся мяне неаднаразова як у калоніі, так і па вяртанні дадому, то са здзіўленнем нават для самога сябе павінен канстатаваць: не. Здзіўляюся сам, адкуль узялося ўва мне столькі спакою, вытрымкі і цярплівасці! Гады нягодаў толькі загартавалі мяне і ўмацавалі ў чалавекалюбстве яшчэ больш. Але я прызнаю і нянавісць. Гэта ў маім разуменні вельмі высокае пачуццё, і яго трэба быць вартым. У дадзеным выпадку адчуваю толькі расчараванне і пачуццё грэблівасці ў дачыненні да асобных службовых асоб, скажам так, нетрадыцыйнай прававой арыентацыі. Не сумняюся, што сістэма пракуратуры і суду рана ці позна адрыне іх і да іх падобных, як нешта іншароднае.

— Пакаранне, вызначанае Вам прысудам, жорсткае — восем гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Вы згасілі пазоў на карысць дзяржавы?

— Так, мая сям’я вымушаная была выплаціць усю суму памерам у Br14 млн., каб я здабыў права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, якое ўжываецца ў маім выпадку праз палову адбытага тэрміну. Была канфіскаваная па прысудзе таксама бытавая тэхніка. Сёння ўсё вяртаецца. Кошт маёмасці пры гэтым — у цэнах здзейсненай рэалізацыі на карысць дзяржбюджэту.

У адстойніку

— Юрыст з вашым досведам напэўна аказаўся запатрабаваным у месцах пазбаўлення свабоды, дзе многія зняволеныя маюць патрэбу ў кваліфікаванай юрыдычнай дапамозе…

— На зоне звычайна вельмі негатыўнае стаўленне да былых работнікаў праваахоўных органаў, асабліва да пракурораў і суддзяў. У вачах многіх асуджаных я быў нібы асноўны вінаваты ў іх бедах, які міжволі адказвае за ўсе судовыя памылкі. Нічога не ведаючы пра мяне, пераважная маса была гатовая абразіць толькі за папярэдняе месца працы. Вось гэта сапраўдная трагедыя! Бывалі правакацыі, але я магу абараніць сябе, што і рабіў.

— Няўжо былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў не адбываюць пакаранне ў спецыяльных атрадах, ізаляваных ад злачынцаў, якім супрацьстаялі па родзе службы?

— Адно з самых цяжкіх уражанняў у мяне засталося ад камеры N207 ў СІЗА N1 Мінска, дзе я правёў першыя трое сутак пасля арышту ў зале суду. Памяшканне камеры — адстойнік — цалкам адпавядае свайму прызначэнню: плошча прыкладна 8 кв.м, удзень у там часам знаходзілася прыкладна 15–20 чалавек. Размяшчаецца камера ў паўпадвальным, ледзь асветленым, сырым памяшканні, прызначаным выключна для кароткачасовага — на 2–3 гадзіны — утрымання асоб, якія прыбываюць з этапу, а таксама дастаўленых канвоем у суд для разгляду крымінальных справаў.

У гэтым памяшканні — у адрозненне ад звычайных тыпавых камераў — не прадугледжана спальных месцаў, не даецца пасцель, няма рукамыйніка для асабістай гігіены, няма элементарных умоваў для прыёму ежы, стала і крэслаў, няма магчымасці прыгатаваць кіпень, радыё, цалкам адсутнічае ацяпленне.

У лютым 2007 на працягу трох сутак майго знаходжання тэмпература ў камеры не перавышала 10–12 градусаў, а з залы суду я быў дастаўлены ў лёгкім адзенні. Калі першыя суткі заставаўся на нагах, то ў наступныя праз стомленасць даводзілася міжволі класціся на брудную падлогу і спаць не больш за 2–3 гадзіны па чарзе. На працягу трох сутак не праводзілася ніякай санітарнай уборкі — і гэта пры вялізнай колькасці людзей і бесперапынным курэнні 24 гадзіны ў суткі. У тым памяшканні не было абсалютна нічога, што адпавядала б самым мінімальным, прымітыўным чалавечым патрэбам!

Шчыра кажучы, я быў узрушаны ўбачаным — нават за шматгадовую пракурорскую дзейнасць не мог уявіць, што такое магчыма цяпер. На жаль, памылкова лічыў, што такое засталося ў мінулым. Я быў разам з усімі, на агульных падставах. Ніякіх прэферэнцый як пракурорскага работніка, хоць гэта і прадугледжана законам, у мяне не было.

— Чым займаліся ў зняволенні?

— Працаваў. У Мінску выкладаў права і эканоміку — многія зняволеныя працягваюць навучанне ў вечаровых школах; працаваў цэнтр рэабілітацыі асуджаных, які дае магчымасць павышаць узровень ведаў. У «Віцьбе» чытаў лекцыі па адміністратыўным праве для тых, хто рыхтаваўся да вызвалення, працаваў бібліятэкарам.

— Што чытаюць зняволеныя?

— Усё, што ёсць у бібліятэцы. Я перачытаў класіку — Някрасава, Чэхава, Дастаеўскага, на якіх не хапала часу на свабодзе, хтосьці цікавіўся дэтэктывамі. Каля 7% зняволеных рэгулярна падпісваюцца на газеты, у іншых на прэсу, відаць, не хапае сродкаў.

— У размове з «БелГазетай» адзін грамадзянін, які выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, расказаў, быццам без грошай і падтрымкі з волі пражыць у калоніі немагчыма — ежа ў сталовых пакідае жадаць лепшага…

— Гэта так. Харчаванне для нармальнага чалавека неналежнае, а прадукты ў краме ў бедным асартыменце, да таго ж існуе абмежаванне па суме — Br175 тыс. у месяц. Пратрымацца дапамагалі перадачы ад родных.

ДАВЕДКА

Сяргей Восіпаў нарадзіўся ў 1955 у Жлобіне. Пасля заканчэння ў 1983 г. Харкаўскага юрыдычнага інстытута працаваў у Жлобінскай міжрайпракуратуры следчым, памочнікам, старшым памочнікам. У 1988–1992 — пракурор Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці; у 1992 — намеснік пракурора Партызанскага раёна сталіцы. У 1998 — начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем і аператыўна-вышуковай дзейнасцю пракуратуры РБ. Звольнены ў чэрвені 2006 пасля распачынання крымінальнай справы. Скончыў БДУ па спецыяльнасці «палітолаг, выкладчык сацыяльных дысцыплін»; Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ («менеджар-эканаміст»); Расійскую акадэмію дзяржслужбы пры прэзідэнце РФ («дзяржаўнае кіраванне, нацыянальная бяспека»). У 2003 абраны акадэмікам Акадэміі праблемаў бяспекі, абароны і правапарадку РФ.

Да ведама:

Апраўдальны прысуд — рэдкая падзея ў Беларусі. У савецкія гады іх доля не перавышала 2% ад усёй масы вынесеных прысудаў пры норме ў развітых дзяржавах у 10–20% і вышэй. У 2008, па дадзеных Вярхоўнага суду РБ, апраўданы ўсяго 191 чалавек на 68 530 асуджаных (0,28%); у 2009 — 187 апраўданых на 62 064 асуджаных (0,3%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?