Справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) распачата УУС Маскоўскага раёна Мінска па факце нападу невядомых на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, які знаходзіцца ў завулку Акрэсціна.

Інфармацыя пра здарэнне паступіла ў міліцыю 6 верасня ў 04.23. Двое невядомых кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю ў дзверы КПП Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, у выніку чаго яна загарэлася. Ці затрыманы хто-небудзь з тых, хто нападаў, пакуль невядома. У ГУУС Мінгарвыканкама гэтую інфармацыю ніяк не каментуюць.

Варта адзначыць, што інфармацыя пра атаку ЦІП кактэйлямі Молатава з’явілася ў інтэрнэце вечарам 6 верасня са спасылкай на анархічную групу «Сябры свабоды». Паведамлялася, што акцыя была праведзена ў знак салідарнасці з затрыманымі па падазрэнні ў дачыненні да інцыдэнту каля расійскага пасольства 30 жніўня.

Нагадаем, 3 верасня па падазрэнні ў дачыненні да атакі кактэйлямі Молатава расійскага пасольства ў Мінску былі затрыманы шасцёра маладых людзей. На сённяшні дзень, паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманых ужо сямёра.

Інцыдэнт каля расійскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску адбыўся вечарам 30 жніўня. У 22.20 супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС Беларусі падчас абходу тэрыторыі пасольства выявілі падпалены службовы аўтамабіль «Мазда-3». На месцы здарэння была знойдзена шкляная бутэлька ёмістасцю 0,33 літра з рэшткамі запальнай сумесі і асколкі шкляной бутэлькі з рэшткамі кнота. Па факце інцыдэнту была распачата крымінальная справа за хуліганства (арт. 339 КК).

2 верасня інтэрнет-рэсурсы belarus.indymedia.org і belarus.avtonom.org размясцілі заяву, у якой гаварылася, што адказнасць за напад на расійскае пасольства ў Мінску вечарам 30 жніўня ўзялі на сябе анархісты. «Гэтай акцыяй мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненні да сацыяльных актывістаў, якія сталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве», — адзначалася ў заяве. Пазней прадстаўнікі кампаніі ў абарону Хімкінскага лесу заявілі, што не маюць інфармацыі, з’яўляецца гэта акцыя дзеяннямі правакатараў ці сапраўды неабыякавых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?