На цэнтральным рынку Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) 7 верасня затрыманы лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад АГП Яраслаў Раманчук.

Як паведаміў Лябедзька БелаПАН, ён з Раманчуком прыехаў у Баранавічы на сустрэчу з прадпрымальнікамі. «Мы хадзілі па рынку, раздавалі інфармацыйныя матэрыялы, тэзісы перадвыбарнай праграмы Раманчука, размаўлялі з прадпрымальнікамі. Аднак праз некаторы час да нас падышлі два маёры міліцыі. Яны паведамілі, што мы затрыманыя, і даставілі нас у будынак адміністрацыі рынку. Паводле слоў супрацоўнікаў міліцыі, цяпер да іх прыехаў чалавек з крымінальнага вышуку, які старанна вывучае матэрыялы, што мы раздавалі, на прадмет «крамолы», — сказаў Лябедзька. На гэты час палітыкі працягваюць знаходзіцца ў будынку адміністрацыі рынку.

Лябедзька адзначыў, што гэта не першая спроба ўлад сарваць сустрэчы Раманчука са сваімі патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. «Нядаўна падобныя спробы зрыву сустрэч адбыліся ў Салігорску і Вілейцы. Відаць, улада ўсур’ёз апасаецца Раманчука», — сказаў Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?