«НН» прапанавала чытачом зьвярнуцца да дырэктара «Белпошты» і папрасіць уключыць газэту ў падпісны каталёг на 2007 год.

Здаецца, справа вартая падтрымкі, бо ўсім зразумела, наколькі гэта цяжка – распаўсюджваць выданьне ў цяперашняй сытуацыі. Але ўсё ж. У каторы раз нас заклікаюць прасіць іх. Вось гэтага я прыняць і не магу. Колькі можна прасіць уладу пра тое, што яна проста абавязана забясьпечыць. Трэба патрабаваць, бо мы, чытачы і падпісчыкі «НН», – грамадзяне Беларусі. Дзяржава павінна паважаць і абараняць нашы правы. Зразумела, што абараняюць і паважаюць яны толькі сябе і сваіх «братоў па розуме», а беларускасьць ім як костка ў горле. Тым больш трэба паказаць людзям, што незалежніцкі рух – гэта сіла, а дзеля гэтага неабходна дзейнічаць рашуча, а не прасіць. Якуб Колас яшчэ ў паэме «Сымон-музыка» пісаў:

А як стане не ў трываньне,

І тады чакаць пакорна,

Покі стане жыць прасторна?

А змаганьне? Дзе змаганьне?

Ой, не, дзедку: проціў сілы

Можна ставіць толькі сілу,

Калі хочаш ты ўстаць з пылу,

Калі цягнуць зь цябе жылы...

А то зьбіраемся перамагчы рэжым і... просім памяшканьне для кангрэсу ў Лукашэнкі, кажам пра незаконнасьць прысудаў і... сплачваем штрафы, арганізуем Чарнобыльскі шлях і... зноў просім дазволу!

Вось і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў карэспандэнт «НН», а потым і А.Трусаў (у інтэрвію «Свабодзе») прапанавалі абвясьціць збор сродкаў для ўратаваньня Дому літаратара. У прыклад ставілася сытуацыя з «Народнай воляй». Сабралі б сродкі, заплацілі, і няўжо нехта думае, што ўсе праблемы на гэтым бы й скончыліся? Не стваралі б тады ўлады «чэснага» саюзу з чаргінцамі і скобелевымі. Прыклады можна доўжыць бясконца, але відавочна адно: рэжым панічна баіцца палітыкаў, якія адкрыта ідуць на сутыкненьне, дзейнічаюць сьмела і гатовыя ісьці да канца. Думаю, што прыклад Аляксандра Казуліна яскрава гэта прадэманстраваў. А спадарам Мілінкевічу, Вячорку, Лябедзьку і іхняму бліжэйшаму атачэньню пара вызначыцца, за што яны змагаюцца.

Калі яны выступаюць за абарону правоў, захаваньне беларускай культуры, распаўсюд праўдзівай інфармацыі (што я толькі вітаю!), але сваімі дзеяньнямі дэ-факта прызнаюць легітымнасьць рэжыму – гэта адно; калі ўсё ж такі яны змагаюцца за ўладу ў краіне, ідучы лоб у лоб з рэжымам, – гэта зусім другое.

P.S. З радасьцю далучуся да ініцыятывы «НН», калі рэдакцыя зьменіць фразы: «Прашу ўключыць...» і «Прашу пры фармаваньні...» на «Патрабую ўключыць...» і «Патрабую пры фармаваньні...» адпаведна.

Дзяніс Рабянок, Калінкавічы

Ад Рэдакцыі. Фармулюйце на Ваш густ і розум, спадару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0