У музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Незалежнасці, 47) адкрываецца выстава працаў швейцарскага фотамастака П’ера-Вільяма Анры «25 секунд».

Не сядзіцца П’еру-Вільяму Анры ў сваім швейцарскім гарадку Картаё. Нястомны падарожнік, чалавек, які аб’ездзіў усе краіны Афрыкі і ці не ўсе Амерыкі, ён не толькі аглядае фотааб’ектывам ваколіцы, але паказвае тубыльцам іншае жыццё. Ён дэманструе здымкі сібіракоў у мараканскай вёсачцы, а фоты мараканскіх вяскоўцаў — грэнландскім рыбакам. Цяпер прывёз швейцарак беларусам. Потым, зняўшы беларусак, павязе іх выявы ў Швейцарыю.

«25 секунд» — некалькі дзясяткаў фатаграфіяў у мастацкім жанры ню, жанры, які выяўляе аголеную натуру. П’ер-Вільям Анры выявіў на здымках жанчын у інтэр’ерах іх кватэр.

— — Я здымаў звычайных жанчын, якія раней ніколі не пазіравалі, — кажа П’ер-Вільям Анры. — Маёй задачай было выявіць характар кожнай жанчыны праз яе выгляд, паказаць яе прыгажосць.

Калі адкінуць усю шумечу вакол выставы «25 секунд» — дык працы швейцарца — выдатна зробленае мастацкае фота. Тут не варта шукаць нейкіх асаблівых сэнсаў. П’ер-Вільям Анры выконвае спрадвечную задачу мастацтва — прыадчыніць гледачу завесу чужога жыцця.

Выстава «25 секунд» працягнецца да 25 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?