У сталіцы будзе створана інтэлектуальная транспартная сістэма (ІТС), паведаміў на прэс-канферэнцыі 8 верасня старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

«Каб упарадкаваць працу грамадскага транспарту, павялічыць адказнасць вадзіцеляў індывідуальных транспартных сродкаў, скаардынаваць працу, павялічыць прапускную здольнасць вуліц, прынята рашэнне аб стварэнні ў Мінску комплекснай інтэлектуальнай транспартнай сістэмы», — сказаў Ладуцька.

Паводле яго слоў, праект плануецца рэалізаваць у канцы 2013 — пачатку 2014 года. Цяпер у Кітаі знаходзяцца спецыялісты, якія вядуць перамовы, у тым ліку з банкамі, аб прыцягненні сродкаў на ажыццяўленне праекта. Ладуцька паведаміў, што аб’ём фінансавання будзе вызначаны пасля завяршэння экспертызы праекта, ужо распрацаваныя тэхнічнае заданне і канцэпцыя ІТС.

Будзе створана шматпланавая сістэма, якая ўключае ў сябе арганізацыю працы святлафораў на скрыжаваннях, датчыкаў, якія будуць вызначаць нагрузку на транспартныя артэрыі, сказаў Ладуцька. Укараненне такой сістэмы дазволіць павялічыць прапускную здольнасць вуліц на 20–25%.

Сістэма таксама прадугледжвае электронны кантроль аплаты за паркоўку, відэафіксацыю парушэнняў правілаў дарожнага руху, у тым ліку хуткаснага рэжыму, устаноўку на прыпынках грамадскага транспарту электронных табло з інфармацыяй пра час прыбыцця аўтобуса, тралейбуса, трамвая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?