Неверагодна: 11 верасня ў Белай зале Палаца рэспублікі будзе выступаць сусветна славуты Лонданскі філарманічны аркестр, салістка — Анджэла Георгіу.

Пачуўшы пра гэта, я не паверыла вушам. Ніколі яшчэ ў Мінску не выступала зорка гэткага масштабу. Калі і прыязджаюць нейкія славутасці, дык звычайна тыя, што ўжо скончылі кар’еру. Як той Карэрас, які блішчаў у 1970-я, а цяпер жыве парэшткамі былога голасу і славы.

Зусім іншы выпадак — спадарыня Георгіў. У свае 45 гадоў казачна прыгожая і ў росквіце опернай кар’еры. У яе вельмі шчыльным календары — толькі найлепшыя сцэны свету: Metropolitan Opera (Нью-Ёрк), Royal Opera Covent Garden (Лондан), Deutsche Opera (Берлін)… І раптам сенсацыя — выступ у Мінску! Прычым не ў оперным спектаклі, а ў… скажам так, малазразумелай антрэпрызе, якую арганізавала нікому не вядомае ЗАО «Абу-Дабі сервіс». Цана квіткоў — як у Беларускай оперы: ад 15 да 50 тысяч рублёў.

Усё гэта падалося настолькі неверагодным, што я зазірнула на афіцыйны сайт сп-ні Георгіу. Ніякай інфармацыі пра мінскі канцэрт там няма. Затое ёсць звестка пра тое, што 12 верасня артыстка мусіць быць у Японіі, у Іакагаме, і іграць галоўную ролю у гастрольным спектаклі каралеўскай оперы Covent Garden «Травіята». Паспець з Мінска на спектакль у Іакагаме фізічна немагчыма. А значыць, ніякага выступу сп-ні Георгіў у Мінску быць не можа!

Зазіраю на сайт Лонданскага філарманічнага аркестру. Там ёсць інфармацыя пра тое, што 11 верасня калектыў будзе выступаць у «Dvorets Respubliki (Palace of the Republic), Minsk». Ёсць і праграма канцэрту — на мінскіх афішах яе няма. Відаць, арганізатарам нязручна было паведамляць, што

ўдзел сп-ні Георгіу у канцэрце абмяжоўваецца дуэтам з «Травіяты» і дзвюма арыямі — з оперы Каталані «La Walli» і Пучыні «Джані Скікі». Астатнюю частку праграмы складаюць оперныя ўверцюры і вальсы Штраўса, а таксама выступ маладога румынскага тэнара Марыюса Мані
, якога, як піша лонданская газета «The Independent», «пры наймацнейшым уяўленні нельга прызнаць голасам міжнароднага класа». Пра тэнара мінскія афішы ўвогуле маўчаць. Як маўчаць і пра тое, што кіраваць аркестрам будзе малады румынскі дырыжор Тыберыу Саарэ, не вядомы нідзе, апрача сваёй краіны.

Пры далейшых пошуках высветлілася, што сп-ня Георгіу амаль у апошні момант скасавала свой удзел у японскіх гастролях. А 17 ліпеня яна адмовілася спяваць «Травіяту» на сцэне Covent Garden. Гэта быў апошні спектакль у сэзоне, аматары былі моцна расчараваныя. Апавядаюць пра тое, што на папярэдніх спектаклях голас сп-ні Георгіў быў не ў найлепшым стане. Магчыма, з гэтай прычыны яна і скасавала свой выступ, спадзяючыся, што яе цудоўнае сапрана ачуняе да наступнага сезона. Але здарылася іначай.

Вось імавернае тлумачэнне, чаму славутая спявачка раптоўна, без якой-любя папярэдняй рэкламы, абяцалася выступіць у Мінску. Бо 

гэта выступ без гарантыі. Магчыма, гэта будзе найлепшае ўражанне ў вашым жыцці. А магчыма, найгоршае. Альбо канцэрт увогуле не адбудзецца. Але сапраўднае мастацтва, у адрозненне ад пыласосаў ці пантофляў, заўжды без гарантыі.
І таму яно для нас асабліва дарагое.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?