21–25 верасня ў Беларусі пройдзе свята нямецкай мовы. Пра гэта паведаміў загадчык аддзела нямецкай мовы і адукацыйных праграм Інстытута імя Гётэ Дзмітрый Клічко 9 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, арганізатарамі свята выступаюць мінскі Інстытут Гётэ і Федэральнае міністэрства адукацыі, мастацтва і культуры Аўстрыі. Акцыя прымеркавана да Еўрапейскага дня замежных моў, які адзначаюць 26 верасня.

Як паведаміў Клічко, гэтае свята — традыцыйная акцыя, якая праводзіцца ў Беларусі ўжо чацвёрты год. У гэты раз арганізатары маюць намер акцэнтаваць увагу на пытаннях варыятыўнасці нямецкай мовы. Перш за ўсё вывучаюцца тыя нормы мовы, якія існуюць у Германіі, аднак нямецкая мова выкарыстоўваецца таксама ў Швейцарыі і Аўстрыі, адзначыў Клічко.

Мерапрыемствы свята прадугледжваюць культурную і адукацыйную праграму. У рамках культурнай праграмы будзе прадстаўлена шоу швейцарскай пісьменніцы і спявачкі Брыгіты Шэр. 21 і 22 верасня яна выступіць у Гродне. Гледачоў чакае арыгінальнае спалучэнне тэксту і музыкі, дэкламацыі і спеваў. Пісьменніца прадставіць свае кнігі з дапамогай сродкаў тэатра, мастацтва і музыкі. 24 і 25 верасня Брыгіта Шэр пакажа сваё музычна-песеннаешоу-чытанне ў Мінску. 25 верасня сустрэча пройдзе з перакладам на беларускую мову. Тэксты швейцарскай пісьменніцы, перакладзеныя на беларускую мову, прадставіць адна з вядучых актрыс Беларусі.

Адукацыйная праграма пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце (БарДУ), Інстытуце Гётэ ў Мінску. У БарДУ 23 верасня адбудзецца Дзень Аўстрыі. Аўстрыйскі прафесар Аляксандр Бурка правядзе семінары па аўстрыйскім варыянце нямецкай мовы для студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ.

У Інстытуце Гётэ 24 верасня будуць прадстаўлены даклады нямецкіх і аўстрыйскіх спецыялістаў аб праблемах нямецкай мовы, варыянтах мовы ў Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. 25 верасня будуць арганізаваныя семінары і творчыя майстэрні для выкладчыкаў нямецкай мовы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?