Не такі вінаград і бяскрыўдны, як гэта нам падаецца. Калі ведаць пра вінаградныя сакрэты, то «перажыць» вінаградны сезон можна не толькі ў сваё задавальненне, а яшчэ і карысна.

Як правільна выбраць вінаград

Калі пакупнікі бачаць на ягадах карычневыя плямы, жаданне браць такі вінаград прападае. І дарма: менавіта гэтыя плямы кажуць, што вінаград выспеў і мае найлепшую якасць.

А вось плямы на галінцы нікога не спыняюць — вось гэта памылка: свежы вінаград заўжды будзе мець зялёную галінку без плямаў.

Калі на выгляд вінаград свежы, а галінка — карычневая, значыць, ён захоўваўся ў лядоўні, і свежым яго можна назваць вельмі адносна.

Дактары лічаць: чым цямнейшы вінаград — тым ён лепшы. У костачках знаходзіцца вялікая колькасць антыаксідантаў, дзейнічаюць яны мацней за вітамін Е.

Для людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы вінаградны сезон — як свята. Бо смачнейшых і карыснейшых адначасова лекаў за гэтыя ягады няма. У вінаградзе шмат калію, а калій павышае тонус сардэчнай мышцы.

Таксама вінаград дапамагае пры вірусных захворваннях, яго можна спажываць дзеля прафілактыкі грыпу, што асабліва актуальна восенню.

Каму нельга вінаград

Але адначасова вінаград называюць самай шкоднай ягадай, якую толькі можна ўявіць. Для людзей, што пакутуюць ад карыесу, ён — найгоршы вораг. Агромністая колькасць кіслот у ім разбурае зубную эмаль. Шкодны вінаград і праз вялікую колькасць цукру.

Калі маеце праблемы са страўнікам, вінаград лепш не ўжываць: ён уздзейнічае як наймацнейшы раздражняльнік. Калі ж у каго язва ці парушаны каліевы абмен — пра вінаград лепш не думаць.

Падлеткам рэкамендаваныя зялёныя сарты вінаграду, бо ад цёмных можа ўзнікнуць анемія. Асабліва гэта тычыцца цёмнага вінаграднага соку. Ні ў якім разе ні яго, ні самі ягады нельга ўжываць цяжарным жанчынам.

Пры стаматалагічных захворваннях (такіх як стаматыт) ад вінаграду варта адмовіцца, бо ён абвастрае іх. Напрыклад, замест тыдня, які стаматыт звычайна трымаецца, вінаград дапаможа «расцягнуць» хваробу ўдвая.

Вінаград і яго «спадарожнікі»

Мода на выкарыстанне вінаградных костачак у якасці касметычнага і медыцынскага прэпарату ўзнікла нядаўна. Выпускаюцца крэмы на аснове вінаградных костачак, новыя лекі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў утрымліваюць іх.

Вінаградным лісцем таксама можна лячыцца. Ад рыматусу і праблемаў са зрокам народная медыцына прапануе халодным настоем з 350 грамаў вінаграднага лісця і трох літраў вады. Усё гэта трэба настойваць тры дні. Карысны такі адвар пры падагры і дыябеце.

Вінаград варта ўжываць асобна ад сырога малака, тлустай ежы, гародніны, піва і іншых спіртных напояў.

У прынцыпе, кожны здаровы чалавек можа з’ядаць у дзень 500 грамаў вінаграду, і ніякіх пабочных эфектаў не будзе назірацца, а асалоду можна атрымаць — усё ж такі з большага для гэтага мы яго і купляем.

Вінаградная дыета

За тры дні, што яна доўжыцца, трэба з’есці чатыры кілаграмы вінаграду: 500 грамаў у першы дзень, паўтара кілаграмы ў другі, і цэлых два ў трэці. Мэта — скінуць два кілаграмы вагі. Затое праблемы з страваваннем вам забяспечаныя — скурка вінаграду жорсткая і дрэнна пераварваецца. Пры гэтым есці нічога іншага нельга. Таму, перш, чым распачаць дыету, падумайце, ці вартыя таго гэтыя два кілаграмы вагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?