Каляж Арцёма Лявы

Алег Блахін, трэнэр зборнае Ўкраіны, за некалькі хвілінаў да сэрыі пасьляматчавых пэнальці, на якіх павінна было вырашыцца, ці выйдзе ягоная каманда ў чвэрцьфінал, у час, калі памочнікі мітусіліся вакол футбалістаў асноўнага складу з нататнічкамі, а запасныя гульцы нэрвова грызьлі пазногці, нечакана пакінуў трэнэрскае крэсла і пайшоў у распранальню пад трыбунамі.

У манастырскай цішы распранальні было халаднавата. Ён накінуў камзол, скінуў абрыдлыя «адыдасы», надзеў батфорты, што стаялі ў куце, са століка-бару ўзяў бутэльку к’янці, наліў сабе поўны келіх і сеў за дубовае бюро. Абмакнуў гусінае пяро ў чарнільніцу і вывеў на па-шляхетнаму жаўтаватым аркушы: «Трактат аб швайцарскім футболе».

Пасьля абавязковых у такіх выпадках рэвэрансаў у бок кіраўніцтва ФІФА і ўкраінскага імпэратара, ён коратка распавёў пра асноўныя вяхі швайцарскай гісторыі, засяродзіўшыся трохі больш на дваццатым стагодзьдзі. У прыватнасьці, ён у найвышэйшай ступені выказаўся аб швайцарскім нэўтралітэце і падкрэсьліў выключную ролю Швайцарыі ў стварэньні міжнароднага Таварыства Чырвонага Крыжа. Потым зрабіў трыдыцыйную паралель паміж футболам ды жыцьцём і нарэшце дабраўся да сутнасьці трактату. «У швайцарскага футболу, – пісаў Алег Блахін, – як, дарэчы, і ў швайцарскага хакею,– адна праблема. Іх поўная, татальная беспэрспэктыўнасьць».

«Як мы ведаем, – працягваў уладальнік «Залатой Буцы», – за радасьцю перамогі ідзе расчараваньне паразы, і футбольнае жыцьцё – бясконцае іх чаргаваньне. І гэта датычыць усіх без вынятку камандаў. Розьніца толькі ў тым, – дадала супэрзорка сусьветнага футболу, – што калі некаторым зборным падчас сьветлай паласы перамог, дзякуючы якасьцям, якія выпрацоўва¬ліся іх нацыямі стагодзьдзямі, можа пашчасьціць заняць высокае месца ў турніры, дык іншым, гэтаксама «дзякуючы» іх нацыянальным якасьцям, нават пры ўсіх усьмешках фартуны, – ані блізка. Таму бразыльская нязмушанасьць, нямецкая зладжанасьць або ўкраінская ўпартасьць маюць усе шанцы (пры памысным зьбегу акалічнасьцяў, зразумела) занесьці зборныя гэтых краін на грэбень посьпеху. А вось швайцарская бесстароннасьць, швайцарская пунктуальнасьць, да жалю, – не зусім тыя рысы, якія патрэбныя ў змаганьні за мяч. І таму швайцарская зборная ніколі, нават у спрыяльны для сябе час, ня здолее ўзьняцца на вяршыню футбольнага Алімпу. Швайцарскім зборным будучыні наканавана біцца сваёй зусім не дурной галавой аб сьценку і толькі час ад часу бачыць аблудны цень надзеі ў выглядзе асобных перамог у адборачных турнірах».

«Аднак, трэба заўважыць, – выводзіў уладальнік Кубку кубкаў і Супэркубку, – што Швайцарыя, якая ў іншых галінах мае багаты досьвед пільнаваньня нэўтралітэту і бесстароннасьці, магла б напоўніцу выкарыстаць гэты патэнцыял і стаць злучальным мастком паміж супернікамі і ў футболе. Трэба, – а ў выбітнага кіяўляніна не было на гэты конт ані найменшага сумневу, – ведаць сваю нішу і карыстацца ейнымі перавагамі».

Далей у сваім трактаце Алег Блахін далікатна прапанаваў швайцарскаму каралю адмовіцца ад удзелу ў чэмпіянатах і іншых турнірах ды перакваліфікаваць усіх без вынятку швайцарскіх футбалістаў у футбольных судзьдзяў. «І менавіта ў гэтым рамястве будуць запатрабаваныя пералічаныя вышэй якасьці швайцарскай нацыі, – натхнёна пісаў сяміразовы чэмпіён СССР. – І менавіта на гэтым шляху яе чакае сусьветнае прызнаньне. Зь цягам часу ўвесь сьвет адмовіцца ад паслуг арбітраў– прадстаўнікоў іншых краінаў ды пяройдзе на швайцарскіх, ды швайцарскі судзь¬дзя будзе цаніцца гэтаксама высока, як швайцарскі гадзіньнік або швайцарскі складанчык».

Блахін не абмінуў сваёй увагай і недахопаў намаляванай ім пэрспэктывы. Ён зазначыў, што швайцарцы, выконваючы абавязкі выключна «судзьбовыя», вядома, будуць пазбаўленыя шанцу паспытаць смаку перамогі. «Але зь іншага боку, яны ніколі не зазнаюць паразы», – адцеміў былы форвард кіеўскага «Дынама». Да таго ж, дзякуючы свайму надзвычайнаму прафэсіяналізму, швайцарскія судзьдзі здолеюць заваяваць сымпатыю ды будуць мець пашану да сябе мільёна футбольных заўзятараў ва ўсім сьвеце. Прыплюсуем да гэтага акрыляльнае адчуваньне абранасьці, калі ты судзіш учынкі іншых. «У разумных межах эўрапейскага лібэралізму, вядома», – дадаў лепшы бамбардзір за ўсю гісторыю савецкага футболу.

Са столі пасыпаўся пабел, і данеслася кананада саракатысячнага натоўпу. Відаць, нехта рэалізаваў пэнальці. Блахін заплюшчыў вочы. Яму ўявіўся стадыён футбольнай школы Цюрыху, дзе сотні маленькіх хлопчыкаў у чорных майках адпрацоўваюць прызначэньне адзінаццацімэтровага ўдару ды па-над пляцоўкай стаіць гуд дзясяткаў арбітарскіх сьвісткоў.

Блахін расплюшчыў вочы і завяршыў трактат рытарычным пытаньнем: «Нашто быць дзясятымі ў лізе сусьветнай, калі ў сваёй, уласнастворанай лізе судзьдзяў можна быць багамі... альпійскімі багамі?»

Дапісаўшы апошняе слова свайго трыццацістаронкавага трактату, Блахін паклаў пяро на адмысловы беражок бурштынавага прэс-пап’е і зноўку заплюшчыў вочы. Але тут у распранальню ўварваўся змакрэлы, апрануты ў жоўта-блакітны касьцюм памочнік галоўнага трэнэра. Рухаючыся, ён сьпехам насоў¬ваў белы, шчодра абсыпаны пудрай, парык. Усё ж абмінуўшы абавязковы ў гэтых выпадках кніксэн, памочнік узрушана загарлаў:

– Васпан! Бацька Блахін! Віват! Бітва пад Кёльнам скончылася перамогай! Яны не забілі ніводнага пэнальці!

Падкоўкі на батфортах Блахіна пераможна цокнулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?