Акцыя салідарнасці, якая 16‑га дня кожнага месяца праводзілася на Кастрычніцкай плошчы, у чацвер пройдзе каля касцёла святога Язэпа. Ад таго дня грамадскія актывісты будуць збірацца штовечар а 19‑й гадзіне.

Пачынаючы з 16 верасня, акцыі за вяртанне касцёла святога Язэпа будуць адбывацца штодзённа. Пра гэта заявіў Павал Севярынец на прэсавай канферэнцыі, якая адбылася 13 верасня проста на прыступках забранай святыні, што знаходзіцца ў цэнтры Менску. Акрамя лідэра БХД, на прэсавай канферэнцыі выступілі кіраўнік «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч і моладзевы лідэр Франак Вячорка.

На думку Паўла Севярынца, дамагацца вяртання касцёла патрэбна менавіта зараз, бо ў перадвыбарчы перыяд ёсць магчымасць паўплываць на дзеянні ўладаў.

Таксама, як адзначыў Павал Севярынец, 15 верасня БХД плануе перадаць у адміністрацыю Лукашэнкі, палату прадстаўнікоў і Апостальскую Нунцыятуру зварот з патрабаваннем перадаць касцёл вернікам, падпісаны некалькімі тысячамі чалавек.

Вернікі, грамадскасць, каталіцкія іерархі неаднойчы ўздымалі пытанне вяртання касцёла святога Язэпа перад уладамі. Пяць гадоў штодня адбываюцца малітвы за вяртанне касцёла. Аднак улады не спяшаюцца перадаваць храм вернікам. Наадварот, згодна з планамі Мінгарвыканкама, мусіць быць прыстасаваны пад гасцінічны комплекс і аб’екты гандлёва‑побытавага прызначэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?