«Я як ніколі гатовы да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, мяне вельмі моцна падтрымліваюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі», — заявіў БелаПАН лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргей Гайдукевіч, адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Паводле слоў Гайдукевіча, яго ініцыятыўная група налічвае больш за 10 тыс. чалавек. «Збіраць будзем больш за мільён подпісаў, мільён — гэта мінімум», — сказаў палітык. Для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты неабходна сабраць не менш чым 100 тыс. подпісаў.

Паводле слоў лідэра ЛДП, людзі «хоць заўтра» гатовыя пачаць збор подпісаў: «Мы даўно чакалі. Я ж экс-кандыдат у прэзідэнты, таму ў кожнага зборшчыка подпісаў ёсць папка, у папцы інструкцыя, як збіраць, і ручка».

Нагадаем, Гайдукевіч двойчы балатаваўся на пасаду кіраўніка дзяржавы — у 2001 і 2006 гадах.

Як заявіў Гайдукевіч, пры такой падтрымцы яго «зусім не цікавяць» умовы для правядзення перадвыбарнай кампаніі. «Умовы — гэта палітыка. Я ведаў, у якой краіне я жыву, я вельмі добра рыхтаваўся і дам бой такі, што мала нікому не пакажацца», — сказаў ён.

У Беларусі практычна няма рэальных прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах: нават палітызаваныя людзі амаль нікога не ведаюць, лічыць Гайдукевіч.

«Калі заўтра адключыць інтэрнэт, то наогул ніхто нікога не будзе ведаць.

Трэба проста рэальна да гэтых рэчаў ставіцца», — сказаў лідэр ЛДП.

«Для мяне рэальныя структуры ёсць у БНФ. Што да Аб’яднанай грамадзянскай партыі, то там наогул небывалыя справы чыняцца: лідэр партыі саскоквае з выбараў, гэта значыць, што няма ні рэсурсаў, ні структур. Дый на мітынгу АГП я ніколі больш за 20 чалавек не бачыў, нават сцягоў іх не ведаю», — адзначыў Гайдукевіч.

Палітык прызнаў, што найлепшыя ўмовы створаны для ўдзелу ў выбарах дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. «У параўнанні з Лукашэнкам у мяне ўмоў ніякіх. Але шансаў больш, чым ён думае. Мы цяпер з ім сапернікі ва ўсім: і ў ідэалогіі, і ва ўсім «, — сказаў лідэр ЛДП.

Гайдукевіч таксама нагадаў, што рыхтуецца да паездкі ў Паўднёвую Асецію для ўдзелу ў святкаванні 20-й гадавіны з Дня стварэння рэспублікі. Ён атрымаў асабістае запрашэнне ад прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Эдуарда Какойты. Святкаванне адбудзецца 20 верасня ў Цхінвале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?