Калі ў навуцы рэй вядуць амэрыканцы, у гуманітарных і літаратурных справах найбольшыя чыны зьдзяйсьняюцца ў іншых пунктах сьвету. Беларус упершыню рэальна прэтэндаваў на Нобэлеўскую прэмію міру. Налета да ліку беларусаў-намінантаў могуць дадацца чатыры зьняволеныя маладафронтаўцы.

Мэдыцына і фізыялёгія: за адкрыцьцё РНК-інтэрфэрэнцыі

Ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне мэдыцыны і фізыялёгіі сталі амэрыканскія дасьледнікі – 47-гадовы Эндру Файр (Стэнфардзкі ўнівэрсытэт) і 45-гадовы Крэйг Мэлоў (Масачусэцкі ўнівэрсытэт) за адкрыцьцё мэханізму РНК-інтэрфэрэнцыі. Дасьледаваньні былі зробленыя навукоўцамі яшчэ ў 1997 годзе ў лябараторыі факультэту эмбрыялёгіі Інстытуту Карнэгі ў Балтыморы. Падчас гэтых досьледаў яны зрабілі адкрыцьцё, якое прывяло да расшыфроўкі мэханізму «геннай цэнзуры». Яны адкрылі мэханізм прыдушэньня экспрэсіі генаў двухланцуговай РНК, якая прыводзіць да таго, што пэўныя прыкметы, закадаваныя ў спадчынным матэрыяле, не праяўляюцца ў арганізьме жывой істоты. Адкрыцьцё амэрыканцаў паспрыяе вывядзеньню новых гатункаў расьлінаў, а таксама можа дапамагчы ў барацьбе з ракам.

Фізыка: за абсалютна чорнае цела

У галіне фізыкі ляўрэатамі сталі таксама амэрыканцы Джон Мэзэр (супрацоўнік амэрыканскай касьмічнай праграмы НАСА) і Джордж Смут (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт). Узнагарода прысуджана за вывучэньне ў галіне «формы «чорнага цела» і анізатрапіі касьмічнага мікрахвалёвага фонавага выпраменьваньня». Гэтыя дасьледаваньні дапамагаюць прасунуцца ў вывучэньні ўзьнікненьня Сусьвету і разуменьня ўзьнікненьня галяктык і зорак. Праца вучоных была заснаваная на зьвестках, атрыманых з дапамогай спадарожніка НАСА ў 1989 годзе. Вынікі пацьвярджаюць тэорыю ўтварэньня Сусьвету шляхам «вялікага выбуху».

Хімія: за перадачу генэтычнай інфармацыі

Нобэлеўскую прэмію за хімічныя дасягненьні атрымаў яшчэ адзін амэрыканскі вучоны Роджэр Корнбэрг (Стэнфардзкі ўнівэрсытэт) за вывучэньне малекулярнай асновы эўкарыётнай транскрыпцыі, першага этапу сынтэзу бялка. Корнбэргу першаму ўдалося стварыць рэальную карціну прагрэсу транскрыпцыі і капіяваньня спадчынных рысаў ў так званых эўкарыётах -- арганізмах, клеткі якіх маюць ядро – ад жывёлаў да звычайных дрожджаў. Гэтае адкрыцьцё надзвычай важнае для лячэньня раку, сардэчна-судзінных захворваньняў, а таксама для распрацоўкі новых антыбіётыкаў. Бацька сёлетняга Нобэлеўскага ляўрэата Артур Корнбэрг таксама некалі атрымліваў гэтую ўзнагароду, праўда, у галіне мэдыцыны.

Эканоміка: за прагназаваньне інфляцыі

Нобэлеўскаю прэмію ў галіне эканомікі атрымаў зноў 73-гадовы Эдмунд Фэлпс (Калюмбійскі ўнівэрсытэт Нью-Ёрку). Ён атрымаў прэмію за дасьледаваньне ўзаемасувязяў паміж каротка- і доўгачасовымі эфэктамі ў макраэканамічнай палітыцы. Фэлпс займаецца вывучэньнем узаемасувязяў такіх зьяў, як інфляцыя і яе прагназаваньне. Паводле Фэлпса, узровень інфляцыі залежыць ня толькі ад узроўню беспрацоўя, але і ад інфляцыйных чаканьняў насельніцтва. Дарэчы, апошнія гады Нобэля ў эканоміцы атрымліваюць амаль выключна амэрыканскія навукоўцы.

Літаратура: уганараваны ўсходнеэўрапеец

Літаратурным Нобэлем адзначаны Архан Памук, 54-гадовы турэцкі пісьменьнік-постмадэрніст.

Ён нарадзіўся ў багатай стамбульскай сям’і 7 чэрвеня 1952 году. Скончыў стамбульскі амэрыканскі каледж «Robert College». Пасьля -- факультэт журналістыкі. Пэўны час жыў у ЗША. Ягоны першы раман «Джэўдэт-бей і ягоныя сыны» атрымаў прэстыжную турэцкую прэмію выдавецтва «Міліет прэс». Сусьветную вядомасьць Памуку прынесла кніга «Белая крэпасьць» (1985). А раман «Чорная кніга» стаўся адным з самых папулярных у турэцкай літаратуры. У 2003 годзе Памук атрымаў адну з самых прэстыжных сусьветных літаратурных прэміяў – Міжнародную дублінскаю прэмію IMPAC.

Раманы Архана Памука маюць папулярнасьць як у інтэлектуальнага, так і ў масавага чытача. Творы сёлетняга Нобэлеўскага ляўрэата перакладаліся на 40 моваў сьвету. Асноўнай тэмай творчасьці Памука ёсьць супрацьстаяньне: паміж захадам і ўсходам, ісламам і хрысьціянствам. І, вядома, ён чэрпае натхненьне ў свіам родным, спрадвечным Стамбуле-Канстантынопалі-Царгорадзе-Бізантыі, месьце, дзе зьмяшаліся ўсе расы і ўсе культуры.

Некаторыя нават мяркуюць, што Памук – пісьменьнік стамбульскі ў большай ступені, чым турэцкі. А Стамбул – гэта не Турэччына, кажа турэцкая прымаўка.

Памук вядомы таксама актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Памука ў Турэччыне досыць шарпалі нацыяналісты й органы правасудзьдзя. Шмат хто на радзіме лічыць Памука здраднікам. Нядаўна ён мусіў устаць перад судом за выказваньне салідарнасьці з курдзкім нацыянальным рухам. Ён таксама не пабаяўся адкрыта прызнаць армянскі генацыд.

Узнагарода Памуку – гэта і ўзнагарода ўсёй сучаснай турэцкай культуры, самабытнай, багатай і сьмелай. Напрыклад, на сёньня Турцыя – адна з самых «чытаючых» краінаў Усходняй Эўропы.

На беларускую творы Памука дагэтуль не перакладаліся. «Наша Ніва» рыхтуе першы пераклад з новага Нобэлеўскага ляўрэата ў наступны выпуск тыднёвіка.

У сьпісе намінантаў на літаратурнага Нобэля былі й беларусы -- Рыгор Барадулін і расейскамоўная пісьменьніца, што працуе ў жанры «літаратуры сьведчаньняў», Сьвятлана Алексіевіч.

Мір: за эканамічнае разьвіццё бедных краінаў

Нобэлеўская прэмію міру ў Осла ў пятніцу 13 кастрычніка была прысуджаная грамадзяніну Банглядэш Мухамэду Юнусу. Ён разьдзяліў прэмію з заснаваным ім жа «Grameen Bank».

Юнус атрымаў Нобэля за вялізарны ўнёсак у сацыяльнае і эканамічнае разьвіцьцё адной з найбяднейшых краінаў сьвету. Унікальны банк нобэлеўскага ляўрэата выдае беднякам мікракрэдыты, не патрабуючы ніякіх фінансавых гарантыяў.

Нобэлеўская прэмія міру складае 1,1 млн. эўра і будзе ўручаная 10 сьнежня.

Махамэд Юнус адзін з тых людзей, якія ахвярна займаюцца справаю дзеля дабра іншых людзей. Такім, мусіць, і павінна даставацца найбольшая гуманітарная прэмія сьвету.

Сёлета ўпершыню ў гісторыі прэміі сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру быў і беларус – праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі. Ягоныя шанцы ацэньваліся высока і, напэўна, ён застанецца ў сьпісе прэтэндэнтаў і наступныя гады. Паводле нашай інфармацыі з крыніцаў у нарвэскіх праваабарончых арганізацыях, налета ў сьпісе намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру могуць зьявіцца таксама чатыры беларускія палітвязьні, што належалі да незарэгістраванага «Маладога фронту» Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч і Красоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?