Вялікая група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праехала з дэпутацкай інспэкцыяй па адметных мясьцінах Беларусі. У рамках вывучэньня сытуацыі з аховай помнікаў гісторыі і культуры яны наведалі Гомельскую, Берасьцейскую і Гарадзенскую вобласьці. Ці дапаможа дэпутацкі дэсант аднаўленьню гістарычна-культурнай спадчыны рэгіёнаў?

У прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў расказалі, якім маршрутам цягам чатырох дзён праехалі дэпутаты.

(Супрацоўніца прэс-службы: ) «Яны наведалі Нацыянальны парк «Прыпяцкі», Тураў, Давыд-Гарадок, Пінск, Чырвоны двор у Іванаўскім раёне (радавую сядзібу Напалеона Орды), Берасьцейскую крэпасьць-герой, Белавескую пушчу, Горадню і Аўгустоўскі канал».

Адна з ініцыятараў дэпутацкіх вучэньняў – намесьніца старшыні сталай камісіі па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе Натальля Аўдзеева. Мэты дэпутацкага ваяжу акрэсьлівае так:

(Аўдзеева: ) «Перш за ўсё мы распрацавалі новы закон «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны». Безумоўна, глядзім, як выконваюцца на месцах нормы закону, як увогуле разьвіваецца ў гэтым кірунку наша краіна. Трэба сказаць, што ёсьць вельмі сур’ёзныя станоўчыя зрухі, і гэта прыемна. Таму чым зможам, тым будзем дапамагаць. Бо, прыкладам, падчас прыняцьця бюджэту кожны год мы можам уносіць якіясьці карэктывы ў гэтай сувязі».

У сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі каля 4800 аб’ектаў, зь іх 4600 – матэрыяльныя. Шэраг аб’ектаў уключаны ў сьпіс гістарычнай спадчыны ЮНЭСКО. Самыя вядомыя – Белавеская пушча, Мір, Нясьвіж, геадэзычны аб’ект «Дуга мэрыдыяну Струвэ». Кандыдатамі на пападаньне ў сьпіс – Аўгустоўскі канал і культурная прастора Ўсходняга Палесься.

(Аўдзеева: ) «Каб усяго гэтага дасягнуць, трэба было і сродкі выдаткоўваць, і вельмі сур’ёзна працаваць. Самае галоўнае, што ў нас сёньня дзеля гэтага насамрэч вельмі сур’ёзнае прававое поле створанае, і ў гэтым полі ідзе праца. Трэба сказаць, што прыемна бачыць, як зьмяняецца ў добрым сэнсе гістарычнае, культурнае разуменьне нашых грамадзянаў. Таму што мы і ў глыбінцы на аб’ектах бываем і бачым, якія людзі шчасьлівыя, калі аднаўляецца тое, што было колісь страчанае».

Аднак дзяржаўныя высілкі часта крытыкуюцца. Былы інспэктар аховы гістарычна-культурнай спадчыны ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга не высокага меркаваньня пра здольнасьці чынавенства ў гэтай сфэры. Паводле Папругі, досыць паглядзець, як літаральна пад носам у дэпутатаў руйнуецца гістарычны цэнтар Менску.

(Папруга: ) «Нашым чыноўнікам часам незразумела – адкуль ён такі ўзяўся, закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове спадчыны»? У іх уражаньне, што гэта яны, беларускія чыноўнікі, самі яго прыдумалі. А калі так, то, маўляў, мы яго самі можам і адмяніць. Трэба ім тады даць гістарычны экскурс: адкуль узялося ахоўнае заканадаўства Беларусі? Усё вельмі проста! Гэта тое самае, як законы гравітацыі: можна іх ня ведаць, але ўсе вымушаныя існаваць у гэтым полі. Як законы Ньютана, якія насамрэч прыдуманыя невядома кім і невядома дзе, але маюць унівэрсальны характар. І працуюць абсалютна аднолькава – і ў Занзыбары, і ў Беларусі. Так і ў нашым выпадку».

Адзін з аўтарытэтных спэцыялістаў у галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Дзянісаў нагадвае, што ў Беларусі досыць спэцыфічна абыходзяцца нават з помнікамі, уключанымі ў пералік ЮНЭСКО. Прыкладам, руйнуюць сьцены Нясьвіскага замку толькі таму, што беларускія рэстаўратары ня могуць кваліфікавана іх аднавіць. Між тым міжнародныя нормы забараняюць самавольна перабудоўваць такія аб’екты.

(Дзянісаў: ) «Існуе сучасная мэтодыка рэстаўрацыйных работ, якая можа захаваць аб’ект у любым тэхнічным стане. Калі нават ён рассыпаецца ў пясок, яго можна захаваць. Ёсьць такія мэтодыкі кансэрвацыі. Таму што на Захадзе, у сучаснай Эўропе галоўны падыход да захаваньня спадчыны – гэта кансэрвацыя. Не рэстаўрацыя нават, а кансэрвацыя. Гэта запісана, у першую чаргу, у Хартыі рэстаўрацыі помнікаў культуры, прынятай 30 гадоў таму Міжнароднай радай помнікаў і гістарычных мясьцін (ІКАМОС) – гэта структура ЮНЭСКО, якая непасрэдна займаецца аховай спадчыны ў сьвеце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?