Спадарыня Чжан Інь вартая 3,4 млрд даляраў, якія яна зарабіла на ўтылізацыі амэрыканскага сьмецьця.

Нікому не вядомая кітаянка ў тры разы багацейшая за аўтарку «Гары Потэра». Яна –найбагацейшая жанчына сьвету сярод тых, хто сам нажыў сваё багацьце.

Маёмасьць кітайскай бізнэсвумэн ацэньваецца ў 3,4 млрд даляраў. Яна мае 72% удзелу ў фірме па ўтылізацыі сьмецьця, што катыруецца на біржы ў Ганконгу. Чжан Інь знаходзіцца на першым месцы ў абвешчаным на мінулым тыдні сьпісе 500 найбагацейшых кітайцаў. Іх сукупная маёмасьць ацэньваецца ў 138 млрд даляраў.

Сьпіс складае брытанскі фінансавы дарадца Рупэрт Гугвэрф, які жыве ў Шанхаі. Каб трапіць у гэты сьпіс, трэба мець прынамсі 6 млн даляраў гадавога прыбытку. Сярэдні кітаец мае ў год 1200 даляраў.

Пра найбагацейшую кітаянку вядома няшмат. Яна нарадзілася 49 год таму у Маньчжурыі. У маладосьці выехала ў брытанскі Ганконг, выйшла замуж за кітайца з Тайваню. Мае амэрыканскі пашпарт і разбагацела на амэрыканскім сьмецьці. Яна скупляе ў ЗША паперу і кардон, а пасьля на сваіх фабрыках утылізацыі сьмецьця перарабляе іх на пакункі. Яшчэ год таму Чжан Інь была на 36-м месцы ў сьпісе мільярдэраў. За гэты час яе фірма ўвайшла на біржу ў Ганконгу і павялічыла сваю вартасьць на 165%.

У мінулым годзе самым багатым кітайцам быў прызнаны Хван Гуан’ю, уладальнік GOME, сеткі продажу электраабсталяваньня. Сёлета ён апынуўся на другім месцы. Хван у маладосьці кінуў школу i скочыў у "мора бізнэсу" – прадаваў радыё і электрычныя дробязі на ходніку. Чалавек, маёмасьць якога ацэньваецца ў 2,5 млрд даляраў, жыве з жонкай і дзьвюма дочкамі ў сьціплай кватэры ў адным з пэкінскіх мікрараёнаў. Ён лічыць за лепшае не афішаваць сваё багацьце згодна з кітайскай максымай: багатыя баяцца выстаўляць сябе на людзі так, як сьвіньні баяцца патаўсьцець.

«Тыповы кітайскі бізнэсовец паходзіць зь вёскі, часьцяком ня мае сярэдняй адукацыі, а бізнэс раскруціў дзякуючы пазыкам сваякоў. Гэта першае пакаленьне прадпрымальнікаў», – распавядае Гугвэрф.

Сьпіс 500 мільярдэраў – вялікая дапамога для аналітыкаў, якія назіраюць за непразрыстай кітайскай эканомікай. Зьмены ў сьпісе адбываюцца вокамгненна. З 1999 г. у ім засталося да сёньняшняга дня толькі дзевяць прозьвішчаў. Цьмяныя кітайскія законы і ўсёмагутнасьць кіраўнікоў – вось прычына таго, што можна хутка як нажыць багацьце, так і страціць яго. Месяц таму быў арыштаваны забудоўшчык Жанг Ронгкун – нумар 16 зь леташняга сьпісу, заблытаны ў вялізнай афэры з растратай 400 млн пэнсійнага фонду Шанхаю. Ужо арыштаваныя дзясяткі падазраваных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?