У закон «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» плануецца унесці дапаўненні. Міністэрства юстыцыі Беларусі прапануе, ў адпаведнасці з падрыхтаваным ім законапраектам «Аб ўнясенні дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях супрацьдзеяння тэрарызму», дапоўніць артыкул 5 Закона аб друку палажэннем аб недапушчэнні выкарыстання СМІ для «распаўсюджання інфармацыі, якая служыць прапагандзе альбо апраўданню тэрарызму».

Сёння мы гэты праект закона перадалі на разгляд у Савет Міністраў. Папярэдне дакумент быў ўзгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі: КДБ, МУС, Мінінфармацыі, Пракуратурай і Вярхоўным судом, - паведамілі прэс-службе БАЖ у Міністэрстве юстыцыі.

Зараз Законам «Аб барацьбе з тэрарызмам» устаноўлена забарона на распаўсюджанне такой інфармацыі. Аднак гэта норма дзейнічае толькі падчас правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, - сцвярджаецца ў пісьмовым адказе Міністэрства юстыцыі за подпісам намесніка міністра І. Тушынскага на афіцыйны запыт БАЖу. «Разам з тым, сёння практычна ўсе арганізацыі радыкальнага толку маюць свае сайты ў Інтэрнэце. Міжнародныя тэрарысты актыўна выкарыстоўваюць існуючыя інфармацыйныя рэсурсы сеткі Інтэрнэт для прапаганды сваіх ідэй, размяшчэння матэрыялаў, якія апраўдваюцьх тэрарызм, і г.д. Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў на інтэрнэт-сайтах сродкаў масавай інфармацыі пры асвятленні ходу судовых працэсаў па справах аб тэрарызме адбываецца абнародаванне выступленняў у абарону абвінавачаных-тэрарыстаў,»– тлумачыцца ў лісце неабходнасць унясення дапаўненняў у Закон аб друку.

Свой пункт гледжання на запланаваныя дапаўненні выказаў Андрэй Бастунец, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»: «Гэты законапраект адлюстроўвае агульную тэндэнцыю: абмежаванне свабоды выказвання. Я не бачу неабходнасці ў Беларусі, якая, дзякую Богу, не знаходзіцца на першай лініі фронту барацьбы з тэрарызмам, ўводзіць у закон аб друку гэткія нормы. Рызыка не ў дапаўненні закона, а ў тым, як ён будзе выкарыстоўвацца на практыцы. Тое, што гэткая рызыка існуе, падкрэслівае нават абгрунтаванне Мінюста: маўляў, пры асвятленні хода судовых працэсаў СМІ могуць абнародаваць выступы у абарону абвінавачаных-тэрарыстаў. Але, па-першае, калі гэтыя выступы адбыліся падчас адкрытых справаў, то аб абнародаванні казаць ужо нельга (гэта адбылося падчас судовага разбіральніцтва). Па-другое, няблага памятаць, што абвінавачаныя карыстаюцца прэзумпцыяй невінаватасці, і выступы ў іх абарону яшчэ не ёсць выступамі ў абарону тэрарызму.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?