Ініцыятыўныя групы створаны. Прадэмакратычных кандыдатаў шмат, але ў кожнага крытычна мала людзей. Толькі Някляеў мае больш за 2000 актывістаў, у Саннікава, Міхалевіча й Рымашэўскага — па 1700–1800.

У апошні дзень падаў сваю заяву на ўдзел у выбарах Аляксандр Лукашэнка. Раней такога не бывала. Сам факт зацяжкі выклікаў чуткі і спекуляцыі. Аднак выглядае, што ў аўтарытарнага кіраўніка краіны ўсё ідзе па аднаму яму вядомым плане. У склад ініцыятыўнай групы дзеючага прэзідэнта ўвайшлі 8403 асобы. Кіраўніком стаў бюракрат -- міністр адукацыі й кіраўнік «Белай Русі» Аляксандр Радзькоў.

Свае кандыдатуры вылучыла таксама сціжма прадэмакратычных кандыдатаў.
Першым заявіў пра свае намеры кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. У ягоную ініцыятыўную групу згуртаваліся каля 2600 чалавек. Гэта найбольш шматлюдная групоўка ў стане апазіцыі.
У пятніцу ад самага ранку падаў дакументы лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Ён здзівіў, сабраўшы ў сваю групу па зборы подпісаў больш за 1800 чалавек.
Мала хто чакаў такой лічбы ад «Еўрапейскай Беларусі», якая не мае разгалінаваных структур у краіне. У групу Саннікава ўваходзяць былыя зуброўцы, іншая патрыятычна настроеная моладзь, а таксама такія знакавыя постаці незалежніцкага руху, як Шушкевіч і Івашкевіч.
На трэцім месцы па памеры суполкі аказаўся лідэр новастворанага «Саюза за мадэрнізацыю». Алесь Міхалевіч. Яго выбарчым штабам кіруе Юрась Меляшкевіч, а сама група налічвае 1 778 чалавек.
Міхалевіч абапіраецца на актывістаў малодшага пакалення, ён і сам наймалодшы сярод усіх прэтэндэнтаў. Яго падтрымліваюць нацыянальна-дэмакратычнае крыло і празаходнія сілы. У яго моцныя пазіцыі ў шэрагу рэгіёнаў. Гэтак, у адным індустрыяльным Барысаве за Міхалевіча будзе збіраць подпісы 71 чалавек.

Амаль-амаль параўнаўся з імі ягоны аднагодак, лідэр хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі. У ягонай ідэалагічна матываванай групе — за 1700 вернікаў. Яе кіраўнік — былы палітвязень Павал Севярынец.

Ад 1300 да 1600 актывістаў набралі ў свае каманды кандыдаты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Яраслаў Раманчук, ад сацыял-дэмакратаў — Мікола Статкевіч.
Дэмакратычнай платформы трымаецца і першы намеснік старшыні Беларуская партыя «Зялёных» Юрый Глушакоў. Ягоны хаўрус маленькі — 243 асобы. Тым не менш, пасцябацца зялёныя, анархісты і антыглабалісты гатовы здорава. Гэтак, сёння яны заклікалі ЦВК не рэгістраваць Някляева. Чаму? Бо той публічна прызнаў, што ў маленстве жорстка забіў кацяня.
Вечны аўтсайдэр, лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч паставіў рэкорд масавасці.
У яго ініцыятыўную групу ўваходзяць 10 484 чалавекі. Гайдукевіч браў удзел у выбарах 2001 і 2006 гадоў.

Ёсць у кампаніі і іншыя кур’ёзы.

Падаў свае дакументы беспрацоўны Ілья Дабратвор. Яго ініцыятыўная група складаецца з аднаго чалавека.

З малавядомых у палітыцы дзеячоў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп падалі: прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка (яго група была зарэгістравана найпершай, 20 верасня), прадпрымальнік Уладзімір Правальскі, кіраўнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага плодаагародннага камбіната Сяргей Рыжоў. Здаецца, Рыжоў вылучаецца сваімі праваслаўнымі перакананнямі. А вось чым вызначаецца былы дэпутат Мінгарсавета ад Курасоўшчыны, дырэктар друкарскага прадпрыемства Дзмітрый Ус, няведама. Між тым ягоная ініцыятыўная група складаецца з паважных 1 325 чалавек.

Падаў дакументы Пятро Барысаў — мінскі інжынер-будаўнік (пенсіянер). Штурхнуў яго балатавацца кавардак у краіне.

Заявіў пра сябе і загадчык лабараторыі аб’яднаўчага інстытута па энергетыцы і ядзерных выпрабаваннях у Соснах Іван Кулікоў (1949 г.н.).

У яго ініцыятыўная група складаецца 108 чалавек. Яго праграма складаецца з двух пунктаў: развіццё атамнай энергетыкі і вывад Беларусі па ВУП на 15-е месца. Вядома таксама, што да 2004 г. ён быў у Партыі камуністаў, а затым яго запрасілі ў Камітэт дзяржкантролю.

З’явіўся яшчэ адзін кандыдат, які адмовіўся прадстаўляцца. Заявіўшы: «Мы ўсё будзем трымаць пад сакрэтам».

Падаў таксама дакументы на рэгістрацыю беспрацоўны 39-гадовыСяргей Іваноў.

У сваю чаргу, санітарка санаторыя «Чонкі» (Гомельскі раён) Наталля Старыкава, што падавала дакументы ў чацвер, заявіла, што здымаецца з перавыбарчай гонкі.

Задача сабраць 100 тысяч подпісаў за 20 дзён не такая і простая для апазіцыйнага кандыдата. Найменшымі сіламі ёй даў рады кандыдат Шушкевіч у 1994 годзе. Тады сярэдні зборшчык прынёс яму каля 85 подпісаў. Адгэтуль гэта рэкорд.
Але ў краіне тады была дэмакратыя, дый сродкаў на кампанію экс-спікер меў досыць.

У 2001 годзе сярэдні зборшчык у Домаша назбіраў 45 подпісаў, у Ганчарыка — 30.

У 2006 годзе у Мілінкевіча сярэдні зборшчык нашчыраваў 40 подпісаў, у Казуліна, які меў добра прафінансаваную кампанію, — 50.

Як будзе сёлета? З аднаго боку, у гэтым годзе не будзе такіх рэпрэсій, як у 2006-м. З другога, змякчэнне і незалежніцтва рэжыму ў многіх людзей зняло маральныя матывацыі для актывізму. Акрамя таго, сёлета толькі Саннікаў і Някляеў і, у нашмат меншай ступені, Міхалевіч маюць рэсурсы на кампанію.
Выглядае, што ў такой сітуацыі разлічваць на больш чым 40 подпісаў ад зборшчыка складана.

Праўдзісты Някляева маюць большыя шанцы набраць кандыдацкі мінімум.

Саннікаў, Міхалевіч, Рымашэўскі змогуць сабраць 100.000 толькі пры ўмове, што вялікая частка ініцыятыўнай групы будзе рваць для таго жылы.

А вось перад Статкевічам, Кастусёвым і Раманчуком стаіць задача амаль немагчымая.

Праўда, назіральнікі не выключаюць, што гэтым разам і сёй-той з апазіцыйных кандыдатаў будзе «збіраць» подпісы «метадам Гайдукевіча». Палітычны актыў ведае, што гэта значыць. Калі апазіцыя ўзброіцца метадамі сваіх праціўнікаў, у такім выпадку правілы палітычнай дзейнасці ў Беларусі стануць яшчэ цынічнейшымі, чым былі дагэтуль.

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў будзе доўжыцца да 30 верасня. Потым — да 30 кастрычніка будзе ісці збор подпісаў. Каб выйсці ў фінал выбараў прэзідэнта, трэба набраць якнайменш 100 тыс. подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?