Прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Наталля Старыкава знялася з выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 28 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Наталля Старыкава — жыхарка пасёлка Чонкі Гомельскага раёна, працуе па часовым кантракце санітаркай у гразелячэбніцы аднайменнага санаторыя.

У яе вышэйшая эканамічная адукацыя. Калегі Старыкавай успрынялі яе рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі як розыгрыш.

23 верасня Старыкава падала дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў складзе 30 чалавек (для рэгістрацыі патрэбна як мінімум 100 чалавек). Паводле слоў жанчыны, яна не ведала аб такім абмежаванні. Старыкава выказала сумненне, што паспее запісаць у ініцыятыўную групу яшчэ 70 чалавек.

24 верасня яна паведаміла журналістам, што адмаўляецца ад удзелу ў выбарах.

«Заяву Старыкавай я знайшла ў сваёй пошце ўжо пасля прынятага 27 верасня Цэнтрвыбаркамам рашэння аб адмове ў рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы. Калі б заява паступіла раней, мы проста не разглядалі б гэтае пытанне», — сказала Ярмошына.

Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, ў лісце Старыкава напісала, што аддае свой голас і галасы членаў ініцыятыўнай групы на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?