Трапіць у госці да Уладзіміра Някляева аказалася складаней, чым на прыём да прэзідэнта. Напэўна, баіцца паказваць сваю маладую жонку, гадалі мы. Але ўсё было якраз наадварот. На шчасце, сумесны праект карэспандэнта «Салідарнасці» Настассі Зелянковай і фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч не застаўся без героя. Мы ж, у сваю чаргу, даведаліся, як жывецца ў Уладзіміра Някляева ягонай котцы Басі, што паэт чытае, калі не піша, і як ён правяраў вернасць сваёй жонкі.

Котцы Басі хутка 20 год.

Котцы Басі хутка 20 год.

Боршч у Вольгі атрымаўся на славу.

Боршч у Вольгі атрымаўся на славу.

А што, калі я котку якую прывяду?

А што, калі я котку якую прывяду?

Стаю на балконе я ў лыжы абуты, паехаць хачу — ды няма парашута!

Стаю на балконе я ў лыжы абуты, паехаць хачу — ды няма парашута!

Разносячы ўсё вакол, паэт намагаўся раскруціць злашчасны абруч.

Разносячы ўсё вакол, паэт намагаўся раскруціць злашчасны абруч.

Спявае Някляеў, трэба прызнаць, добра.

Спявае Някляеў, трэба прызнаць, добра.

А вось так я абыходжуся з жонкай

А вось так я абыходжуся з жонкай

Прызнаюся шчыра: з Уладзімірам Някляевым мяне звязваюць практычна сямейныя сувязі. Калі б не ён, мой шчаслівы 9-гадовы шлюб мог бы і не адбыцца. Некалькі вершаў класіка ў выкананні майго будучага мужа на світанку студэнцкай маладосці зрабілі сваю справу — ну, а што яшчэ трэба «нацыянальна свядомай дзяўчыне»? Таму ў госці да Някляева я збіралася з самымі роднаснымі пачуццямі.

Шкада толькі, што трапіць удалося не адразу. Аказалася, што жонка паэта, пра маладосць і хараство якой не пісаў толькі лянівы, сама не рвалася рабіць мужу рэкламу. «Не хоча яна ў мяне публічнасці», — апраўдваўся Уладзімір Пракопавіч. Урэшце, бастыён быў узяты прыступам.

Насуперак усім чаканням, Вольга сустрэла нас вельмі ветліва.

— Праходзьце, будзем цяпер боршч есці, — ледзь не з парога заявіла гаспадыня.

Адмовіцца ад такой заваблівай прапановы мы проста не маглі. (Хутка, як бач, прыйдзецца пераймяноўваць наш праект — «Хто лепш за ўсіх прыкорміць журналістаў».)

Пакуль Вольга завіхалася на кухні, Уладзімір Пракопавіч арганізаваў экскурсію па кватэры.

Трэніруемся на котках

Не паспелі мы прайсці ў гасцёўню, як насустрач нам выбегла… котка. Пасля абвінавачванняў «зялёных» у здзеках з дадзеных прадстаўнікоў фаўны ад хвастатай істоты ў доме паэта патыхала нейкім сюррэалізмам.

— Наша Бася, — прадставіў Някляеў котку.

Дзеля справядлівасці адзначым: Бася выглядала даволі худой, дый поўсць на ёй ладна пазношвалася.

— Дык усё-ткі здзекуецеся? Не корміце, — паспрабавалі мы ўесці кандыдата.

— Бася нарадзілася роўна за год да жнівеньскага путчу ў Маскве. Значыць, у гэтым годзе дваццаць. У чалавечым летазлічэнні — 140. Вы сустракалі бабулек, якія ў такім узросце выглядаюць лепей? . — неяк асабліва ўважліва ўгледзеўся ў нас Някляеў. — Вы наогул у Беларусі каго-небудзь у такім узросце сустракалі? Тоўстага альбо худога, з поўсцю ці без? .

— Бася ў любові жыве, — сказала Вольга. — Інакш даўно б памерла.

Валодзя ёй на хвост выпадкова наступіць — і адразу шкадаваць, выбачацца: «Бася, прабач…»

А пра яго бог ведама што пішуць.

Як выявілася, Вольгу вельмі зачапіла абвінавачанне «зялёных» на адрас мужа.

— Ды калі б вы толькі ведалі, як ён жывёл любіць! І жывёлы яго! Сабакі, коткі — усё да яго збягаюцца. Рукі ліжуць, твар. Ды ні адзін «зялёны» з імі так не возіцца, як Валодзя. Усіх бяздомных кожную раніцу кормім…

— Добра, не хвалюйся, — супакойвае паэт расхваляваную жонку. — Затое яны маёй драме «Армагедон» якую рэкламу зрабілі! Можа, хоць цяпер беларусы знойдуць час прачытаць, задумаюцца. Дарэчы, я сам не думаў, што сюжэт «Армагедона» так дакладна ляжа на нашу рэчаіснасць. І там, і тут усе спробы пабудаваць нешта талковае, слушнае сканчаюцца будаўніцтвам вар’ятні. А чаго чакаць ад яе насельнікаў?.. Вось яны і пішуць, што я не магу быць прэзідэнтам, таму што ў дзяцінстве котку забіў. Забіў, не забіў — ніхто не бачыў… Але гэта можа прывесці да канфлікту з Еўропай — і наогул да сусветнай катастрофы. Адзін да аднаго — Армагедон.

Гаспадыня тым часам спрабуе пакарміць котку, каб тая супакоілася, не нервавалася з-за гасцей. «Вельмі дрэнна есць, — скардзіцца Вольга. — Ледзь не з рук карміць прыходзіцца… »

Трэба прызнаць, што да Басі тут сапраўды ставяцца вельмі кранальна: і месца ў яе асабістае за сталом, і корм — самы лепшы. І як мы ні стараліся адысці ад размоў пра кашэчых (баючыся абвінавачванняў у ангажаванасці), усё роўна пераключаліся на іх.

Па ходзе высветлілася, што і

радавод ў Басі — шляхетны. Самі Раінчыкі ў родзе (ну, зразумела, іх гадаванцы).

А вось сваім імем котка абавязаная Барбары Радзівіл. Калі яе прынеслі дадому да Някляеву, па тэлебачанні — тады яшчэ сапраўды беларускім — ішла праграма, у якой апавядалася легенда пра Чорную панну Нясвіжа…. Вось і назвалі котку — таксама чорную — у гонар Барбары.

Паралельна мы даведаліся, што любяць Някляева не толькі коткі.

— Аднойчы, яшчэ дзіцём, быў у лесе са сваім дзядзькам, — успамінае паэт. — Ён адышоўся крыху, а я бачу: сабака да мяне ідзе. Здаравенны такі, прыгожы. Я ёй насустрач. Чую, мой дзядзька гарлапаніць, аж у істэрыцы б’ецца: «Гэта воўк! Бяжы! «. А я, як ішоў, так і іду. І воўк да мяне. Падышоў, лізнуў мяне ў шчаку, зірнуў на дзядзьку з здзіўленнем — і пайшоў сабе прэч.

Яшчэ б! Хто ж захоча падзяліць лёс няшчаснага кацяняці!

Мара паэта

Агляд кватэры шмат часу не заняў. Па ходзе высветлілася, што гэтая двушка непадалёк ад Лошыцкага парку належыць Вользе — дакладней, дасталася ёй ад бацькоў.

— Увогуле, я тут у прымаках, — смяецца паэт. — Бацькоўскі дом пакінуў брату, ранейшую кватэру — першай жонцы. Маёмасцю не звязаны. На ўздым лёгкі. Так што, калі што, чамадан ў рукі — і на выхад.

Але, мяркуючы па ўсім, у бліжэйшы час Някляеву гэта не пагражае. Іх з Вольгай сямейныя адносіны блізкія да ідэальных.

Жонка — узорная хатняя гаспадыня (пасля сыходу з часопіса «Крыніца» з такім прозвішчам на працу яе больш не бяруць). Затое ў доме парадак і ўтульнасць, капуста-баршчы на пліце. А калі трэба, можа і звярстаць, і карэктуру вычытаць. Ну, проста мара паэта!

— Але ж сварыцеся часам? — не верым мы ў такую ідылію.

— Ды як і ўсе, — паціскае плячыма Вольга.

— Вы яе не слухайце, — перабіў жонку кандыдат. — У мяне жонка — скарб. Яна не тое, што не крычыць — голас не падвышае.

Можа, і хацела б, ды не ўмее. Так выгадаваная. Калі крыўдзіцца, то перастае са мной размаўляць. Напэўна, калі б я першы не саступаў — цэлы год магла б маўчаць. А спрачацца з ёй наогул няма сэнсу. Кажа: «Твой бацька кім быў? Радавым? А мой — падпалкоўнікам. Так што будзь ласкавы… «.

Вольга такі расклад у рэгаліях не ва ўсім пацвярджае. Паводле яе слоў, адносіны ў сям’і самыя дэмакратычныя.

— А што, калі я котку якую прывяду? — на справе вырашыў праверыць дэмакратычнасць жонкі кандыдат.

— Пойдзеш з ёй на дах мяўкаць, дзе ў нас каты збіраюцца, — не прайшла тэст Вольга. — І чаму гэта ты «котку»? А што, калі я — «ката»?

— Дык ты ж ведаеш, што я з катамі раблю, — разрагатаўся Уладзімір Пракопавіч.

Дэмакратыя ў сям’і Някляевых не пракаціла.

Вольга таксама распавяла, як некалі будучы муж зладзіў ёй праверку на вернасць.

— Неяк узімку Валодзя прапанаваў перайсці з ім па лёдзе праз Свіслач. Было жудасна страшна. Дзе-нідзе лёд быў зусім тонкі. Разломваўся, бугрыўся. А ён ідзе, чорт… Што мне было рабіць?.. Потым гэта стала нашым своеасаблівым рытуалам: узімку перайсці па небяспечным лёдзе. Як загадаць наперад на штосьці… Вось і цяпер — як па небяспечным лёдзе…

— А я тады падумаў, загадаў: пойдзе — значыць, назаўжды. Ды калі б і не пайшла… Правёў бы берагам. Але яна пайшла. І не падвяла мяне ні ў чым, ні разу.

У выніку — 5 гадоў шчаслівага шлюбу. Дарэчы, размовы пра «маладую жонку Някляева» Вольгу вельмі весяляць.

— Усе чамусьці думаюць, што ён ажаніўся ледзь не з 17-гадовай. Мне ўжо 40 (трэба прызнаць, выглядае Вольга значна маладзей — аўт.). А тут у «маладзіцы» запісалі.

Муж глядзіць на жонку здзіўлена:

— А чым табе гэта не падабаецца? .

«Чукча не чытач»

Пры аглядзе кватэры ў вочы адразу кінулася вялікая колькасць карцін на сценах — Вольга захапляецца жывапісам, сябруе з многімі мастакамі.

— А пад гэтай карцінай я быў зачаты, — з гонарам дэманструе паэт лясны краявід над камодай. — Яна ў нашай хаце ў Крэве вісела. Яе падарыў маёй маці пан (Крэва ў той час польскім мястэчкам было) за тое, што добра вучылася. Аўтар невядомы, але з нашых краёў. Гэта адзінае, калі не лічыць Евангелле і «Урок Закона божага», што я ўзяў з дзедавага дома.

А вось кніг у кватэры паэта было менш, чым мы чакалі.

— Выцеснілі з кніжнай шафы ўсіх канкурэнтаў? — пацікавілася я.

— Проста пакінуў на той кватэры. Няма дзе іх захоўваць.

А вось нядаўна з Масквы прывёз дзесятак кніг Яўлінскага ды іншых разумных лібералаў. Усё хачу зразумець: чаму ў Расіі ліберальныя ідэі нікому не патрэбныя?

Ліберальныя ідэі Яўлінскага нас чамусьці таксама не асабліва цікавілі. А вось бар паэта ўвагу прыцягнуў.

— Ды я практычна і не п’ю, — апраўдваўся кандыдат, спрабуючы загарадзіць алкагольны «кампрамат».

Але ад нашага пільнага позірку нічога не схавалася.

— А што гэта ў вас? — заўважылі мы бутэльку дзіўнага выгляду і колеру.

— Настойка кары дуба, — растлумачыў паэт. — Вельмі добры сродак. Я нават сваю нованароджаную дачку калісьці ў гэтай настойцы купаў. Мне параілі дадаваць у ванначку, сказалі, што добра ўмацоўвае. Дык вось, калі да нас медсястра прыйшла — укол дзіцяці не магла зрабіць. Іголка не ўваходзіла — так ўмацаваў.

— А цяпер што ўмацоўваеце? — яхідна пацікавіліся мы.

— Так, агульны тонус, — сышоў ад адказу кандыдат.

Пра казу і баян

Перамясціўшыся на кухню, мы прыняліся ўплятаць боршч. Ён у Вольгі атрымаўся на славу. Затым падаспелі катлеты, гарбата з цукеркамі. І нават дыня на дэсерт. Гаспадыня ў Някляева, і праўда, выдатная.

Але асабліва

ўразіў на кухні сам гаспадар, які старанна мыў посуд і клапатліва нарэзаў нам дыню.

— Для мяне мыццё посуду наогул не праблема. Як і бульбу драць. У гэты час добра думаецца, — растлумачыў паэт.

Тое, што гэты працэс — не паказальнае выступленне на камеру, пацвердзіла і Вольга. Як выявілася, усё паказальныя выступленні нас чакалі яшчэ наперадзе.

— Хадзем — я вам лыжы свае пакажу, — паклікаў нас на балкон Някляеў. — Мяне актывісты кампаніі «Гавары праўду» вельмі прасілі, каб я ў лыжах сфатаграфаваўся. Я нават новы верш для гэтага прыдумаў — як варыянт ужо вядомага: «Стаю на балконе я ў лыжы абуты, паехаць хачу — ды няма парашута!»

Але і

лыжы на балконе не былі пустым рэквізітам. Някляеў сапраўды рэгулярна расьсякае узімку па Лошыцкім парку.

А вось з хулахупам справы ішлі складаней. Разносячы ўсё вакол, паэт намагаўся раскруціць злашчасны абруч. Але безвынікова. Затым у ход пайшоў трэнажор жонкі… Спартыўны запал Някляева мы здолелі суцішыць не адразу.

Дапамагло высокае мастацтва. Заўважаная намі гітара была вынутая са свайго кута і пакладзеная на калені да кандыдату. Спявае Някляеў, трэба прызнаць, добра. Такімі тэмпамі хутка з кандыдатамі можна будзе арганізаваць цэлы прэзідэнцкі ну калі не аркестр, дык ансамбль песні і танца дакладна.

Прычым Някляеў можа ў ім і на кантрабасе збацаць, і на акардэоне (калі каго трэба) падмяніць.

Дарэчы, ягоную гісторыю з баянам ўжо даўно перадаюць з вуснаў у вусны.

— Каб купіць інструмент, бацькам давялося карову прадаць, — згадвае паэт. — А я так не хацеў на ім граць. Проста выкінуць — шкада. Вырашыў: хай лёс сам распарадзіцца. Узгрувасціў на віядук ля чыгункі і пастанавіў: калі ад руху цягніка баян ўпадзе ў мой бок — буду граць, не — значыць, не дадзена. Цягнік ідзе, а акардэон ўсё не падае. Што ж, лёсу давялося крыху дапамагчы.

Акрамя гульняў з лёсам ёсць у кандыдата і іншыя захапленні. Так кожны чацвер кандыдат ходзіць у лазню. Ці патоп, ці сусветная рэвалюцыя — усе ведаюць: увечары па чацвяргах Някляева не турбаваць.

Праўда, веніка і лазневай шапачцы навідавоку мы не знайшлі. Затое заўважылі цюбецейку.

— А гэта мне мае сябры казахі падарылі, — пераключыўся Някляеў, тут жа насоўваючы шапку на галаву.

Дык вось хто фінансуе кампанію кандыдата!

Праз секунду ў руках паэта ўжо ззяў бізун, зроблены з казінай ножкі (да ведама «зялёных», таксама падарунак казахаў).

— А вось так я абыходжуся з жонкай, — паспрабаваў наглядна прадэманстраваць ён.

Але выхаваўчы працэс сарваўся. На крыкі прыбегла Бася, і Някляеў тут жа прыняўся вазіцца з коткай.

На развітанне паэт падпісаў некалькі кніг на памяць, а Вольга гасцінна запрасіла завітваць на боршч. Падобна на тое, што наш праект пачынае прыносіць свае дывідэнды — у любым разе ў галодны час нам будзе куды вярнуцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?