«Фокусьнік». Геранім Босх. XV ст.

Вячаслаў Кебіч, першы прэм'ер-міністар незалежнай Беларусі:

Думаю, што Лукашэнку будзе аддадзена больш за 70%. Мілінкевіч у найлепшым выпадку атрымае 5%, бо мае ўстойлівае атаясамленьне з БНФ. Ён увогуле малавядомая пэрсона ў палітыцы.

Аляксандар Дабравольскі, намесьнік кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча:

На выбарах людзі будуць галасаваць тайна. Таму адзіны кандыдат ад аб'яднанай апазыцыі пры ўмове справядлівых выбараў здолее набраць ня менш за 50% галасоў. Але пры захаваньні сёньняшняга курсу варта чакаць чарговай "элегантнай перамогі" Лукашэнкі - 79-81%.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:

У сёньняшніх варунках Лукашэнка "набярэ" 78-82%, супраць 7-12% Мілінкевіча.

Мікола Маркевіч, арганізатар незалежнага радыёвяшчаньня на Беларусь:

Калі спн.Ярмошына будзе дзейнічаць паводле закону, то яна ня мае права рэгістраваць дзейнага прэзыдэнта ў якасьці кандыдата, бо гэта незаконна і больш за тое - амаральна. Папярэдняя колькасьць сабраных за кандыдатаў у прэзыдэнты подпісаў, як і вынікі розных сацыяльных апытаньняў, праведзеных каляпрэзыдэнцкімі структурамі, сьведчаць пра тое, што народ сьвядома рыхтуюць да чарговай перамогі Аляксандра Рыгоравіча, прычым да канкрэтных лічбаў - 76-80%. Ва ўмовах, калі альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі амаль не функцыянуюць, зрабіць нешта дзеля зьмяненьня сытуацыі складана. Тым ня менш, можа стацца, што сапраўдная сытуацыя выглядае прапарцыянальна адваротна таму, як усё падаецца афіцыйнымі ўладамі. У тым ліку і рэальная падтрымка народам незалежнага кандыдата. Напэўна, канчатковым вынікам выбараў улады захочуць пацьвердзіць неаспрэчную падтрымку існага ладу і мізэрны ўплыў апазыцыі. Таму і лічбы, агучаныя Лідзіяй Ярмошынай, ня будуць адрозьнівацца ад лічбаў сабраных подпісаў - мільёны за Лукашэнку, тысячы за Мілінкевіча.

Аляксандар Старыкевіч, журналіст:

Рабіць нейкія прагнозы можна будзе тады, калі зацьвердзіцца выбарчы сьпіс кандыдатаў. Лічба, якую на карысьць Лукашэнкі агучыць ЦВК, будзе хутчэй за 80%, каб падкрэсьліць калясальную падтрымку з боку беларускага народу. Калі ж уявіць, што ў гэтым сьпісе апынуцца адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і лідэр Лібэральна дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, то хутчэй за ўсё з мэтай дыскрэдытацыі аб'яднаных дэмсілаў Мілінкевічу налічаць галасоў менш, чым Гайдукевічу.

Сяргей Панькоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайту "Наша думка":

У нашым кантэксьце выбары ўвогуле ня могуць быць праведзены як сапраўдныя праз тое, што ўсё падпарадкавана пад патрэбы аднаго кандыдата. Я думаю, што агучаныя Цэнтравыбаркамам лічбы ня будуць значна розьніцца ад тых, што падаюцца прэзыдэнцкімі сацыялягічнымі групамі. Менш 75% працэнтаў Лукашэнка не атрымае. Магчыма нават і болей, бо існуе такі фактар, як уласная ініцыятыва на месцах. Аднак існуе істотнае адрозьненьне ад сытуацыі 2001 г., сёньняшнія выбаршчыкі ўжо не такія наіўныя, існуе моцны недавер да афіцыйнай інфармацыі, якая выконвае хутчэй заспакаяльную функцыю для самой улады, чымся выкарыстоўваюцца для прапагандысцкіх мэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?