Сайты дзяржаўных органаў поўныя памылак — грубых або смешных. Піша Сяргей Богдан.

Часам хібнае напісанне назваў замежных дзяржаў прымушала задумацца над магчымым падтэкстам перайначвання. Вось, адшліфаваны да немагчымасці сайт кіраўніка Беларусі ў адным з паведамленняў называе Лівію «Ливийская Арабская ДжамахЕрия».

Іарданіі не пашанцавала болей. У яе назве ў адным з паведамленняў МЗСаўцы зрабілі аж дзве памылкі. «Иорданское ХОшЕмитское Королевство».

Краіны воляй беларускіх службоўцаў не толькі пераназываюцца, але і перасоўваюцца ў прасторы. Генадзь Навіцкі называе Індыю «адным з найаўтарытэтных партнёраў нашае краіны ў Паўднёва-Усходняй Азіі», хаця краіна гэтая размешчаная ў Паўднёвай Азіі.

Што ўжо казаць пра людскія імёны. МЗС ператварыў кабету-міністра турызму Амана ў мужчыну, памяняўшы арабскі «бінт» (дачка) на больш вядомы яму з фільма «Хатабыч» тэрмін сваяцтва «бен» (сын) у імені, выйшла «Раджа бен Абдуламир бен Али» са слушнай лацінскай транслітарацыі «Rajha Bint Abdulameer Bin Ali». Так бы мовіць, замест «Раджа Абдуламіраўна» — «Раджа Абдуламіравіч».

Сайт савета рэспублікі настойліва паведамляе пра сустрэчу Чаргінца з іранскім парламентаром «Алаеддином Броуджерди», які насамрэч завецца Баруджэрдзі.

Такая карціна на афіцыйных старонках сеціва сведчыць не толькі пра непісьменнасць, але і пра яе талеранцыю — многія знойдзеныя намі памылкі стаяць там гадамі — і нават абыякавасць. Разам з тым, калі людзі не могуць даць рады з вызначэннем імені суразмоўцы і партнёра, дык пра што сур’ёзнейшае яны могуць дамовіцца?

І гэта не «памылкі друку». Афіцыйныя паведамленні вывяраюцца неаднаразова чыноўнікамі перад іх абнародаваннем. Любыя памылкі ў інтэрнэце выпраўляюцца імгненна, у адрозненне ад папяровых выданняў. Таму спатканае намі непісьменства падаецца хутчэй нармалёвай практыкай, чымся выпадковасцю.

Дарэчы, праблема, магчыма, існуе не толькі з краінамі, што развіваюцца. Падчас ліпеньскага візіту ў Беларусь Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў партугальца Антоніу Гутэрыша прэсавая служба МЗС таксама не парупілася высветліць, як жа таго завуць, задаволіўшыся іспанізаваным варыянтам «Антонио Гутеррес». Між тым, ААНаўскія матэрыялы заўжды падкрэсліваюць слушнае напісанне яго імя па-расійску. Але дзеля гэтага беларускі МЗС ці іншыя ўстановы мусілі б іх, прынамсі, чытаць...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?