Каля дваццаці беларускіх студэнтаў арганізавалі ў Кракаве акцыю салідарнасьці 16 кастрычніка.
Сярод іх былі як удзельнікі стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага, так і студэнты з Беларусі, якія ўжо раней навучаліся ў Польшчы. У 20.00 на галоўным пляцы горада яны запалілі сьвечкі й дасталі партрэты зьніклых. Некалькі чалавек засталося ажно да паловы на дванаццатую, бо зацікаўленнасьць мінакоў была вельмі высокая.
Падыходзілі з пытаньнямі ня толькі палякі, але й замежныя турысты, некаторыя зь якіх упершыню чулі пра Беларусь. Распавядаючы пра сытуацыю ў краіне, маладыя беларусы анансавалі наступныя акцыі – ўжо ня толькі палітычныя, але й культурніцкія. Яны думаюць аб фотавыставе, праглядзе беларускіх фільмаў, канцэртах ці нават дні беларускай кухні!
“Я вельмі баяўся, каб не атрымалася такая банальная й стандартовая акцыя. Але было файна! Зацікаўленнасьць з боку палякаў вельмі высокая” – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.