З сэнсацыйным дакладам выступіў намесьнік старшыні БСДП(Г) Уладзімер Нісьцюк на сэмінары Парлямэнцкай асамблеі NАТО па Беларусі, які праходзіў 13–14 кастрычніка ў Вільні. Прысутныя пачулі тэкст нібы зрэдагаваны ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Нісьцюк заявіў: апазыцыя «ня мае падтрымкі ў народу», зь ёй «ня хоча мець справу намэнклятура», яе «разьдзіраюць унутраныя супярэчнасьці». Апазыцыі абы (цытуем) «рэалізоўваць лопаюшчыеся праекты кшталту апошняга: «Мілінкевіч – наш прэзыдэнт». Нам пашэнціла, што ён ім ня стаў, бо за ім – пустата».

Адначасова Нісьцюк не шкадаваў словаў захапленьня кіраўніком Беларусі. «А.Лукашэнка – гэта не Акаеў, ня Кучма, не Шэварднадзэ і нават не Саакашвілі. Гэта – моцны, валявы, самадастатковы і самастойны палітык. (...) Дастатковую вагу гэтаму лідэру прыдаюць нарастаючы эканамічны і палітычны альянс з Кітаем і шматлікімі краінамі Паўднёвага Ўсходу. (...) Сацыяльныя праекты, якія стала рэалізуюцца ці нават проста дэкляруюцца ў краіне, гарантуюць найвышэйшай беларускай уладзе на бліжэйшы час пастаянную падтрымку большасьці жыхароў, прычым ня толькі пэнсіянэраў і інвалідаў, але і пэўнай часткі іншых слаёў грамадзтва: кваліфікаваных рабочых, сярэдніх прадпрымальнікаў, творчай, навуковай і пэдагагічнай інтэлігенцыі. Ён умее дырыжыраваць настроямі лепш за любога постсавецкага лідэра».

З вуснаў Нісьцюка прагучала і звычайная для Лукашэнкі фраза аб тым, што кіраўнік дзяржавы «трымае ў руках заслон Эўропы ад нелегальнай міграцыі», бо празь Беларусь нібыта штогод праходзяць 150–200 тысячаў нелегалаў.

Нісьцюк кажа: галоўнай памылкай апазыцыі апошніх дванаццаці гадоў было «тупое жорсткае супрацьстаяньне ўладам у любых аспэктах». Ён за тое, каб палітыкі пачалі размаўляць з народам на «зразумелай мове, хай гэта нават сумесь беларускай і расейскай». А «падтрымка нацыяналістычнай апазыцыі супярэчыць мэнталітэту беларускай нацыі».

Нісьцюк ня верыць у масавы ўдзел грамадзянаў Беларусі ў палітыцы ў будучыні: «Запэўніваньні асобных прадстаўнікоў апазыцыі, што яны выведуць на плошчу сто тысяч чалавек, – абсалютны блеф. Ня гэтым трэба займацца».

А чым жа трэба? Сп.Нісьцюк раіць: супрацоўнічаць з уладамі: «Мы павінны паспрабаваць зь імі супрацоўнічаць. Расейскі эканамічны шантаж можа зблізіць пазыцыі ўлады і дэмакратычных сілаў». Нісьцюк загаварыў пра «канструктыўную апазыцыю», пад якой кіраўнік Беларусі звычайна мае на ўвазе палітыкаў кшталту Сяргея Гайдукевіча й Вольгі Абрамавай.

На думку Нісьцюка, эўрапейцам трэба весьці перамовы «не з радыкальнымі апазыцыянэрамі, а з уладай і канструктыўнай апазыцыяй». Тут У.Нісьцюк перайшоў да канкрэтных прапановаў.

Па-першае, намесьнік старшыні БСДП(Г) заклікаў скасаваць кропкавыя візавыя і эканамічныя санкцыі, супраць найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі, як «бессэнсоўныя».

Пакрокавая нармалізацыя адносінаў ЭС зь Беларусьсю, на думку Нісьцюка, магла б адбыцца наступным чынам.

2) Беларусі вяртаюць статус спэцыяльна запрошанага ў Раду Эўропы ў абмен на «хай нават адзінкавыя зьмены ў выбарчае заканадаўства».

3) Эўразьвяз адкладае на год-два рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый, а Менск ідзе на зьмякчэньне прысуду Казуліну.

4) Эўрапейскія інстытуты адмаўляюцца ад фінансаваньня новых праграмаў радыё- і тэлевяшчаньня на Беларусь, а А.Лукашэнка вяртае «Народную волю» і «іншыя апазыцыйныя газэты» ў кіёскі і падпісныя каталёгі.

5) Узамен за зьмякчэньне заканадаўства пра масавыя акцыі і адмену некаторых нормаў Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў Беларусь вяртаюць у Раду Эўропы, размарожваецца супраца з Эўрасаюзам, ухваляюцца адзін-два інвэстыцыйныя праекты.

Дыялёг з А.Лукашэнкам для рашэньня ўсіх гэтых пытаньняў, на думку Нісьцюка, мусяць весьці «знакавыя асобы, якія змогуць выступіць дастойнымі партнэрамі». Гэта, вядома ж, ня лідэры апазыцыі і не грамадзкія дзеячы, а экс-прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас і экс-прэзыдэнты Польшчы й Латвіі (маюцца на ўвазе хіба што не Валэнса, а Квасьнеўскі і Улманіс). Іх прапануецца надзяліць мандатам аднаго з эўрапейскіх інстытутаў, найлепей АБСЭ.

І праўда, як жа па БТ было б паказаць дыялёг А.Лукашэнкі з А.Мілінкевічам, акадэмікам Гарэцкім і Жаннай Літвіной? У нас жа няма апазыцыі, ёсьць кучка экстрэмістаў на датацыі Захаду. А Бразаўскас будзе глядзецца вельмі нават імпазантна: ізаляцыя прарваная.

Прапановы Нісьцюка ня ёсьць ніякім зрухам. Па-ранейшаму прапануецца ігнараваць наяўнасьць у Беларусі апазыцыі і альтэрнатыўнага грамадзтва, без чаго дэмакратычны працэс застанецца імітацыяй, а правы чалавека не атрымаюць заканадаўчых гарантый. Але гэта адступленьне. Вернемся да прамовы Нісьцюка на натаўскім сэмінары.

Шостае і, здаецца, галоўнае, чаго, на думку Нісьцюка, чакае Менск: «Першым сыгналам можа стаць узгодненая пазыцыя эўрапейскіх краінаў у дачыненьні да расейскага газавага шантажу Беларусі. Трэба паказаць, што ня толькі Ўсход і Азія могуць стаць апорай нашай беларускай дзяржаве».

Зь першай часткай прамовы сп.Нісьцюк лёгка мог бы выступіць на якім Усебеларускім сходзе, а вось другая – ясны плян.

Пакуль такія прамовы не суправаджаюцца дзеяньнямі, яны мала што азначаюць. Аднак нешта яны ўсё-такі значаць: на расейскім кірунку безь пераменаў, і сёй-той чакае гарачанькай зімы.

ЗП

Тыя самыя думкі У.Нісьцюк выказаў у інтэрвію агенцтву «Маркетынг і кансалтынг». Поўны тэкст глядзеце тут.

Камэнтар БСДП(Г) да выказваньняў У.Нісьцюка вось тут.

?

Уладзімер Нісьцюк: «Хіба Эўропа не прызна? Лукашэнкі?»

Каб паставіць усе кропкі над «і» датычна віленскіх заяваў намесьніка старшыні БСДП(Г) Уладзімера Нісьцюка, мы непасрэдна зьвярнуліся да аўтара гэтых словаў.

«Наша Ніва»: Спадар Нісьцюк, Вашыя віленскія заявы наконт магчымага дыялёгу між беларускімі ўладамі і эўрапейскімі структурамі нарабілі многа шуму. Што менавіта Вы хацелі тады сказаць?

Уладзімер Нісьцюк: Гэтая заява не зьявілася раптоўна. Яшчэ тры гады таму мы з Уладзімерам Падголам падрыхтавалі стртэгію, якая была разьлічаная на пакрокавае збліжэньне Беларусі з ЭС. Такая патрэба насьпела пасьля таго, як у Эўрасаюз уступілі краіны – суседкі Беларусі. Цяпер мы маем зусім іншую сытуацыю, мяняюцца геапалітычныя канфігурацыі. Гаворка ідзе нават пра страту незалежнасьці, таму такі дыялёг проста неабходны. Эўропа ўжо зрабіла першы крок да збліжэньня, калі адмовілася ўводзіць супраць Беларусі эканамічныя санкцыі. Лукашэнка ў адказ даў магчымасьць больш свабодна дыхаць прафсаюзам. Такая палітыка будзе на карысьць абодвум бакам.

«НН»: Ці будзе месца ў такім дыялёгу апазыцыі?

УН: А хто можа яе годна рэпрэзэнтаваць? Цяпер няма кандыдатуры, якая б задавальняла ўсіх. Калі перад выбарамі мы мелі два апазыцыйныя цэнтры, то цяпер такіх ужо чатыры ці нават болей. У апазыцыі нічога няма, яна страціла нават тое невялікае, што мела дагэтуль.

«НН»: Такім чынам, Вы прапаноўваеце, каб Эўропа афіцыйна прызнала легітымнасьць выбараў 2006 году?

УН: А хіба яна не прызнае Лукашэнкі цяпер? Непрызнаньне ёсьць толькі ў заявах розных эўракамісараў, а насамрэч ідзе шчыльная праца дзелавых і фінансавых колаў Эўропы зь беларускімі ўладамі. І тое, што Пяткевіч з Кабяковым едуць на форум у Жэнэву, я лічу пазытыўным крокам у гэтым кірунку.

«НН»: Чаму Вы заклікаеце Эўразьвяз спыніць фінансаваньне тэле- і радыёпраектаў, разьлічаных на Беларусь?

УН: Мы добра ведаем, якія грошы атрымліваюць журналісты, што працуюць у Беластоку, Варшаве ці Бэрліне, і ведаем, як працуюць іхнія калегі на радзіме, калі почасту яны знаходзяцца ў паўжабрацкім становішчы. Я выступаю за іншае разьмеркаваньне грошай, што ідуць з Эўропы. У Беларусі ёсьць людзі, якія па тры і болей гадоў сядзяць бяз працы, бо страцілі яе праз свае палітычныя перакананьні. У першую чаргу трэба дапамагаць менавіта ім. А то польскі бок выдзяляе трыста месцаў для студэнтаў, дык, прабачце, столькі блізка ня выгналі з ВНУ.

«НН»: Вы кажаце, што, калі б апазыцыя прыйшла да ўлады, яна б не змагла кіраваць краінай. Чым Вы гэта абгрунтоўваеце?

УН: Бо за апошнія гады апазыцыя роўным лікам нічога не зрабіла. Яна трымаецца яшчэ на тых здабытках, якіх у 1991 годзе дасягнуў Зянон Пазьняк са сваімі паплечнікамі. Новых дасягненьняў няма, адны няўдачы. За пяць гадоў ад часу прэзыдэнцкіх выбараў-2001 апазыцыя згубіла 10% сваіх прыхільнікаў, і не таму, што яны хочуць галасаваць за Лукашэнку, а таму, што ня хочуць – за апазыцыю.

«НН»: Чаму Ваша партыя не падтрымала Вашых заяваў?

УН: У нас ёсьць праграма «Шлях да годнага жыцьця», якая была зацьверджана, яшчэ калі Казулін быў на волі. Тая праграма ўтрымлівае амаль усе мае сёньняшнія пастуляты і заявы. Нічога новага я не казаў. Што да партыі, то ў нас поўны плюралізм, мы ж не КПСС, таму кожны мае права выказваць свае пазыцыі.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Фота photo.bymedia.net

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна