Звычайна ў выходныя палітыкі стараюцца не трывожыць сон абывацеляў. Адпачні сам і дай адпачнуць электарату — слушны прынцып, бо якасная рэкрэацыя мазгоў выбарцаў ёсць зарукай поспеху на будучых выбарах. Аднак часам здараюцца выключэнні.

Адміністрацыя расійскага прэзідэнта ў нядзелю напружылася ў звышурочным рэжыме

і падрыхтавала неблагі сюрпрыз на панядзелкавую раніцу для «офіснага планктону» саюзнай дзяржавы з гаспадаром Крамля ў галоўнай ролі.

У тым, што Мядзведзеў адрэагуе на пятнічныя закіды «галоўнага брата» ніхто не сумняваўся. Нечаканай была хіба хуткасць рэакцыі, а вось тое, што Мядзведзеў не пашкадаваў выходных, каб персанальна правесці хук у адказ, адразу паставіла яго відэазварот у шэраг надзвычайных здарэнняў на палітычнай сцэне.

Як нагадаў сам Мядзведзеў, апошні такі персанальны разбор справы ён учыніў амаль год таму Віктару Юшчанку напярэдадні ўкраінскіх выбараў. Цікавае падабенства, ці не праўда?

Магло падацца, што нядзельны адказ Мядзведзева ёсць цалкам люстраным адбіткам палымянага спічу Лукашэнкі. Інтэрнэт-каментатары адразу звярнулі ўвагу на мілую сэрцу рыторыку пра супольныя карані, гісторыю і культуру. Прагучала нават штосьці накшталт «гніення разам у акопах».

Аднак гэта ўсё эмоцыі, такая рыторыка не прадугледжвае важкіх аргументаў, бо калі жонка кажа «я яму ўсё аддала, а ён маё жыццё загубіў», яна не імкнецца абгрунтаваць гэта. Галоўнае — стварыць вобраз ахвяры і заручыцца падтрымкай атачэння.

Тут, безумоўна падабенства дуэлянтаў навідавоку, бо пісталеты такія самыя і такога самага калібра.

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка прамаўляў нібы той Акела, які прамахнуўся, але не жадае саступаць месца важака ў зграі. Нядзельны зварот Мядзведзева быў хутчэй рыкам Шэрхана, што прагне крыві і сваёй долі здабычы.
Шэрхан атакуе, прычым не саромеецца папікаць Акелу ў… празмернай крыважэрнасці. «Імкненне сфармаваць у грамадскай свядомасці вобраз замежнага ворага заўсёды адрознівала беларускае кіраўніцтва» — адзначыў Мядзведзеў, нібыта забыўшыся пра тое, што менавіта такая формула дагэтуль ёсць асновай расейскай унутранай палітыкі. Адно што вораг гэты ўжо не Захад, а міжнародны тэрарызм.

І, нарэшце, апафеоз паслання, які тлумачыць сэнс дзіўнай мімікрыі Мядзведзева. Словы пра тое, што «гэтая бессэнсоўная паласа напругі абавязкова скончыцца» і «хто б ні кіраваў Расеяй і Беларуссю» не пакідаюць сумневу: мэсідж скіраваны зусім не да аб’екта крытыкі. Ён скіраваны да чынавенства, да тых ад каго будзе непасрэдна залежыць ход выбарчага працэсу «на месцах». Адсюль гэтакі стыль, гэтая карцінка: словы нібы тыя самыя, сэнс — адваротны.

Сваім пасланнем Мядзведзеў намякае — у Новы год можна і з новым партнёрам, а таму будзьце гатовыя зрабіць правільны выбар. Як тут не прыгадаць сцэнар, апісаны палітолагам Віталём Сіліцкім, дзе непрызнанне выбараў і супраца Крамля з беларускімі кіраўнічымі элітамі могуць стаць ключавымі элементамі расійскай палітыкі пасля 19 снежня. А тыя выбары могуць стаць усяго толькі праймерыз да сапраўдных, магчыма, датэрміновых выбараў новага прэзідэнта Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?