9 кастрычніка, у дзень першых ядравых выпрабаваньняў у КНДР, споўнілася 9 гадоў, як Кім Чэн Ір афіцыйна заняў пасаду кіраўніка Працоўнай партыі Карэі – найвышэйшы пост у дзяржаве. Пра гэта напісалі ўсе інфармацыйныя агенцыі сьвету. І мала хто перад тым зьвярнуў увагу на яшчэ адно супадзеньне датаў у гісторыі. У ліпені 1994 году сканаў «вялікі правадыр карэйскага народу», старшыня ППК таварыш Кім Ір Сэн, на зьмену якому прыйшоў ягоны сын – проста «любімы кіраўнік». Практычна адначасова, акурат дванаццаць гадоў таму, прыйшоў да ўлады ў Беларусі яе першы прэзыдэнт.

Пра магічнае й псыхалягічнае значэньне лічбы дванаццаць сказана ўжо шмат, і тут амаль няма чаго дадаць. І ўсё ж.

Працэс перайманьня вышэйшай улады ў КНДР даволі складаны. Павінны былі мінуць некалькі гадоў нацыянальнай жалобы па Кім Ір Сэне, перш чым Кім-малодшы стаў паўнаўладным кіраўніком партыі і краіны, роўным у велічы свайму бацьку. У Беларусі павінен быў адбыцца лістападаўскі рэфэрэндум 1996-га году, перш чым зьмены ў Канстытуцыі надалі кіраўніку дзяржавы практычна неабмежаваныя ўладныя паўнамоцтвы.

На гэтым паралелі вычэрпваюцца. Беларусі не пагражае голад. Беларусі не пагражае палітычная і эканамічная блякада. У Беларусі няма сваёй атамнай зброі.

Тым ня менш, пэўныя супадзеньні наводзяць на думку аб тым, што дыктатуры – нават калі паміж імі адлегласьці дзясяткі тысяч кілямэтраў і яны належаць да абсалютна розных рэгіёнаў сьвету, разьвіваюцца падобным чынам. Дыктатарскія рэжымы (калі яны сапраўды дыктатарскія, а не апэрэткавыя, кшталту «чорных палкоўнікаў») робяцца больш жорсткімі ды рэпрэсіўнымі, грамадзтва – дэградуе. Прычым адбываецца гэта ў значнай ступені незалежна ад эканамічнага складніка. Трэці Райх пры Гітлеру дасягнуў эканамічных посьпехаў яшчэ да пачатку агрэсіўных войнаў – нягледзячы на фашысцкую дыктатуру, у краіне працягвалі дзейнічаць рынкавыя мэханізмы.

У Паўднёвай Карэі эканамічны рост пачаўся яшчэ пры дыктатарскіх рэжымах.

Камуністычны Кітай разьвіваецца ня менш дынамічна, чым самая вялікая паводле насельніцтва дэмакратыя ў сьвеце – Індыя. (Праўда, і ў Кітаі ўлада вымушаная была разьняволіць прыватную ініцыятыву.) Цяпер абедзьве гэтыя дзяржавы пачынае даганяць Іран. З другога боку, дэмакратычныя краіны не заўсёды могуць пахваліцца посьпехамі ў эканоміцы – напрыклад, Аргентына даволі доўга ня можа ачомацца пасьля шэрагу эканамічных крызісаў. Але ўявіць сабе вяртаньня хунты там ужо немажліва. Дзясяткі тысяч людзей, у якіх падчас дыктатуры зьніклі сваякі, пратэстуюць супраць амністыі былым афіцэрам, датычным да масавых зьнікненьняў.

«Потым яны прыйшлі за мной»

Самае галоўнае, што адбываецца пры ўсіх без вынятку дыктатарскіх рэжымах, – гэта падзеньне чалавечага духу. На гэта зьвярнуў увагу ў адным з сваіх інтэрвію філёзаф Уладзімер Мацкевіч. На ягоную думку, у параўнаньні з гітлераўскім Райхам, які праіснаваў 12 гадоў, у Беларусі не адбылося яшчэ такога глыбокага маральнага распаду. Усё-ткі, тут не было вайны, татальнага вынішчэньня «неарыйцаў» і іншадумцаў, няма лягераў сьмерці.

Але ж колькасьць палітзьняволеных расьце. Растуць тэрміны іхняга пакараньня. Калі раней размова ішла галоўным чынам пра «хімію» за хуліганства, дык цяпер пачалі абвінавачваць у «тэрарызьме». А ў якасьці гіпатэтычнай (пакуль яшчэ) магчымасьці пакараньня пачалі фігураваць і «расстрэльныя» артыкулы.

Але галоўнае нават ня ў гэтым. Галоўнае – у нежаданьні большасьці людзей не заўважаць ні праяваў грамадзянскага супраціву, ні судоў, ні арыштаў, нічога такога, што непасрэдным чынам не закранае іхняга асабістага дабрабыту. Усё адбываецца паводле ўзору, аб якім гаварыў некалі нямецкі пастар-антыфашыст. Спачатку яны прыйшлі за камуністамі. Я маўчаў, бо я не камуніст. Потым – за габрэямі. Але я не габрэй. Потым яны прыйшлі за мной. Крычаць не было сэнсу, бо ўжо не было каму пачуць мяне.

Галадоўка пратэстантаў у Менску, у якіх хочуць забраць храм, пабудаваны ўласнымі рукамі, большасьці менчукоў не хвалюе. Бо яны не пратэстанты.

Пэрыяд пачатковага назапашваньня

Хоча гэтага ўлада ці не, у Беларусі, як і ў Расеі, як і ва Ўкраіне, ідзе пэрыяд пачатковага назапашваньня капіталу. У людзей зьявілася магчымасьць легальна або нелегальна – праз хітрыкі, падман, хабар, але з дапамогай уласных мазгоў і рук – зарабляць грошы і набываць больш-менш прыстойныя аўтамашыны, нерухомасьць, будаваць сваё прыватнае жыцьцё. Адарвацца ад гэтага захапляльнага занятку дзеля нейкай палітычнай абстракцыі, дзеля партыі, дзеля суседа, якога звольнілі з працы ці пасадзілі за палітыку? Ніколі. Гэта ёсьць пэўнага кшталту людажэрства, будаваньне свайго шчасьця на няшчасьці іншых людзей. Але так было і ёсьць заўсёды – амаль ва ўсіх грамадзтвах. Толькі ў дэмакратычных грамадзтвах ёсьць інстытуты права і свабодная прэса, якая фармуе грамадзкую думку. Там мярзотнікі паводзяць сябе больш сьціпла, бо на іх могуць паказаць пальцам. А тут на цябе пачынаюць паказваць пальцам ці круцяць ім ля скроні, калі чалавек раптам пачынае сябе паводзіць прыстойна.

Чаму апазыцыя доўгі час не патрапіць выпрацаваць эканамічную праграму, якая магла б захапіць выбарцаў? Ды таму, што большасьць цешыцца сёньняшнім станам. Чаму іх не прываблівае прыклад суседніх Польшчы або Літвы? Бо, на думку абываталя, можа, там і льга зарабіць больш, дык для гэтага трэба больш працаваць. А галоўнае – дзейнічаць у рамках закону і маральнай адказнасьці. Куды больш звыкла і зручна дзейнічаць не паводле закону й права, а паводле пратэкцыі, знаёмства, прынцыпу «паслуга за паслугу» і г.д.

За дванаццаць гадоў барацьбы з аўтарытарызмам апазыцыя і грамадзтва ў цэлым апынуліся ля разьбітага карыта. І ўсё тое ж пытаньне пэрыядычна хвалюе палітыкаў: ці трэба ўдзельнічаць у выбарах? Выбары – як улюбёная цацка ў дзіцяці. Можаш рабіць што хочаш – хоць у кут на калені саджай, але ж цацку не адбірай, бо заплача. Зразумела, разумныя «дарослыя дзядзькі» ўсяляк ухваляюць такія дзіцячыя паводзіны і нават стымулююць «дзетак» цукеркамі.

Калі гаварыць сур’ёзна, дык галоўная праблема не ў драконаўскім выбарчым заканадаўстве і не ў перашкодах, якія чыніць мясцовая адміністрацыя. А ў тым – хто выбірае, куды (у якія органы якой улады) і дзеля чаго? Для мільёнаў грамадзянаў выбары даўно ператварыліся ў рытуал паслушэнства дзяржаве. Вазьмеце мой голас – толькі адчапіцеся, дайце займацца сваёй прыватнай справай. Удзел апазыцыі ў выбарах разглядаецца як нейкі артэфакт. Нешта накшталт сьмешнага абавязку галасаваць таемна – за заслонай...

У чым яго праўда?

Зрэшты, апазыцыя ня зь Месяца звалілася, як часам пераконвае дзяржаўная прапаганда. Яна – костка ад косткі свайго народу. І для яе характэрныя тыя ж агульныя настроі і пабуджальныя матывы, што і для большасьці. Ёй хочацца ня толькі вырашаць нейкія тактычныя задачы, ці, кажучы прасьцей, спрабаваць выжыць на палітычным полі, якое з кожным днём звужаецца. Ёй хочацца выглядаць пры гэтым прыгожа. Як кажа мой калега – хочацца ўсьміхацца.

Успамінаю размову з адным апазыцыянэрам – вельмі інтэлігентным, мужным і прыстойным чалавекам. Ён выказаў думку, што нам, недзяржаўным журналістам, не стае аптымізму, калі мы пішам пра апазыцыю і яе дзеяньні. Шчыра кажучы, закід падаўся нечаканым. Здавалася б, апазыцыя як ніхто павінна быць зацікаўленая ў праўдзе. Тым больш што яна выстаўляе яе ў якасьці аднаго з асноўных сваіх лёзунгаў. У праўдзе, а не аптымізьме, якога хапае ў «Советской Белоруссии» і на БТ. Голас карэйскага дыктара, які паведамляе пра выпрабавальны ядравы выбух, таксама прасякнуты аптымізмам. Але размова не аб тым.

Сапраўды, нармальным людзям вельмі хочацца верыць у перамогу дабра й справядлівасьці. Адбяры ў чалавека веру, і што застанецца? Але ж дзеяньні вернікаў царквы «Новае жыцьцё» вось аб чым прымусілі задумацца: вера, відаць, толькі тады мае права называцца верай, калі яна пабуджае чалавека на нейкія дзеяньні. Аптымізм тут ні пры чым. Чалавек альбо скараецца абставінам, альбо прымае выклік – з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць.

Рэлігійная гэта вера ці проста вера ў справядлівасьць і чалавечнасьць – ня так ужо й важна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?