Пазітыўных крокаў з боку Беларусі ў накірунку Рады Еўропы няма. Аб гэтым перад адкрыццём восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) ў Страсбурзе заявіў прэзідэнт ПАРЕ Меўлют Чавушоглу.

4 кастрычніка ў французскім Страсбурзе адкрылася чарговая восеньская сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

На прэс-канферэнцыі перад пачаткам сесіі прэзідэнт ПАРЕ Меўлют Чавушоглу, адказваючы на пытанне аб стасунках з Беларуссю, адзначыў, што апошнім часам яны не бачаць пазітыўных крокаў з боку нашай краіны.

«ПАРЕ прыняла станоўчую рэзалюцыю па Беларусі. У Нацыянальным сходзе створана рабочая група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання. Аднак пасля гэтага ў Беларусі прыводзяцца ў дзеянне два смяротныя прысуды», — адзначыў прэзідэнт ПАРЕ.

Нагадаем, у сакавіку было растраляна двое асуджаных, у верасні вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд. У той час, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ёсць асноўнай умовай для ўзнаўлення статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі ў ПАРЕ.

Па словах Чавушоглу, апошнія смяротныя прысуды значна пагоршылі атмасферу ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Радай Еўропы.

Пры гэтым палітык дадаў, што да прэзідэнцкіх выбраў, якія адбудуцца у снежні, пераменаў ад Беларусі чакаць не варта, выказаўшы спадзеў, што нешта зменіцца пасля выбарчай кампаніі.

«Я хачу ў чарговы раз прадкрэсліць неабходнасць паляпшэння стасункаў Беларусі з Радай Еўропы. Мы спадзяемся, што наш дыялог будзе працягнуты і пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Мы гатовы і надалей рабіць высілкі па ўцягванню Беларусі ў Раду Еўропы. Аднак і Беларусь павінна нам дапамагчы», — адзначыў Меўлют Чавушоглу.

Нагадаем, наша краіна адзіная ў Старым Свеце, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы і ніяк не прадстаўленая ў яе Парламенцкай асамблеі. Беларускі парламент пазбавіўся статусу спецзапрошанага ў ПАРЕ, якім валодаў з верасня 1992 па студзень 1997 года, пасля рэферэндуму-1996, які даў вялікія паўнамоцтвы прэзідэнту за кошт парламенту. Тады Рада Еўропы прызнала змененую Канстытуцыю, як і праведзеныя ў Беларусі перавыбары ў парламент, недэмакратычнымі. Аднаўленне дыялогу адбылося ў 2009-м годзе, калі ПАРЕ вырашыла змяніць палітыку ізаляцыі, якая, на іх думку, не прынесла плёну, на дыялог. Тады ж на базе Белдзяржуніверсітэта ў Мінску адбылося адкрыццё інфармацыйнага пункта Рады Еўропы, рэгістрацыя якога сёлета была падоўжана.

Цэнтральнымі пытаннямі на восеньскай сесіі ПАРЕ, якая працягнецца да 8 кастрычніка, будзе сітуацыя з бяспекай у Еўропе («цыганскае пытанне»), барацьба з экстрэмізмам, правы чалавека і бізнэс, адзначэнне 60-годдзя Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і інш.

Як паведаміў Меўлют Чавушоглу, сярод іншых пытанняў парадку дня плануецца абмеркаваць і сітуацыю ў Беларусі.

Дадамо, што паралельна з сесіяй ПАРЕ пад эгідай Рады Еўропы адбываецца Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы. На двух дыскусіях будзе абмяркоўвацца сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі напярэдадні выбараў, а таксама палітычная сітуацыя ў краіне і змены ў выбарчым заканадаўстве.

Апроч прадстаўнікоў беларускага трэцяга сектара ў іх возьме ўдзел старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Мікалай Самасейка. На сесіі ПАРЕ прысутнічае і вялікая группа беларускіх журналістаў — прадстаўнікоў як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?