«Чаму людзі прагнуць жыць не сваім, а нечым чужым жыцьцём?» – пытаў герой памукоўскай «Чорнай кнігі» (па-турэцку яе назва гучыць яшчэ лепш – «Кара кітап»), на самай справе, задаючы пытаньне – так ужо ўладжаная ўсякая кніга! – нам, яе чытачам. Кожны з раманаў Архана Памука прачыталі сотні тысяч людзей ня толькі ў яго на радзіме, але і ў большасьці краінаў Захаду. Памук – мусіць, галоўнае адкрыцьцё ў сусьветнай літаратуры 90-х (разам зь ім падзеяй, здаецца, стала і ўся найноўшая турэцкая проза, улучаючы зусім не «жаночыя» раманы пісьменьніц Латыфэ Тэкін альбо Эмінэ Аздамар, у люстры якіх зь цікавасьцю ўзіралася Эўропа).

Архан Памук – прадстаўнік старой і заможнай сям’і выхадцаў з грэка-турэцкага гарадка Манісу (старадаўняя Магнэзія) непадалёк ад Ізьміру (Сьмірны). Навучаўся ў амэрыканскім Робэрт-каледжы, найлепшай стамбульскай спэцшколе, тры гады стажаваўся ў ЗША, цяпер жыве ў Стамбуле.

Дэбютаваў у 1979 годзе, 27-гадовым. На пачатку 90-х італьянскі пісьменьнік Мар’ё Б’ёндзі назваў Памука турэцкім Умбэртам Эка. «Вялікі турэцкі раман» – прэзэнтоўваў «Чорную кнігу» гішпанскамоўным і францускім чытачам ў 1996 годзе Хуан Гайтысола. «Калі казаць словамі Борхэса і Памука...» – сканчвалася рэцэнзія на амэрыканскае выданьне «Кара кітап» (1995) у газэце «Нэйшн». Дар уяўленьня, плястычную сілу і пераканаўчасьць Памука параўноўвалі з энэргіяй фантазіі ў Германа Гэсэ і Італа Кальвіна, Джэймса Грэма Баларда, Ўільяма Гаса, Джанэт Ўінтэрсан. Мне ж ён нагадаў тых – ня раз і ня два згаданых Борхэсам – начных баюноў, confabulatores nocturni, якія слова за слова сплятаюць у стагодзьдзях бясконцую кнігу «Тысячы і адной ночы» і якіх клікаў да сябе з усходніх базараў скрасіць бессань легендарны Зу-л-Карнайн, Аляксандар Вялікі. З ткацкай выдумкай апавядальнікаў з гарадзкога гандлёвага люду Памук снуе шматслойную алегарычную мэтафорыку вучонай паэзіі суфіяў. Нездарма герой некалькіх «апавяданьняў у апавяданьні», што складаюць галава¬кружныя галерэі і лябірынты «Кара кітап», – аўтар знакамітай і бязьмежнай «Кнігі аб схаваным сэнсе», легендарны пэрсамоўны паэт-містык ХІІІ ст. Джаляль ад-дын Румі.

Раман Памука «Чорная кніга» быў напісаны ў 1985–1989 гадох, апублікаваны ў 1990-м. Пазьней выйшлі Памукавы раманы «Новае жыцьцё» (1994) і «Мяне называюць Чырвоны» (1998), якія сталі ў Турэччыне ўнікальнымі паводле папулярнасьці бэстсэлерамі. Паколькі «Чорная кніга» – калі браць толькі адзін з узроўняў апавяданьня – дэтэктыў («першы турэцкі дэтэктыўны раман», як адзначана ў самым ягоным канцы), то я ня стану выкладаць сюжэту, прасочваць паваротак заблытанай інтрыгі і апярэджваць крымінальнай разьвязкі. Скажу толькі, што перад чытачамі – клясычны, родавы ўзор раманнага жанру, «раман пошуку». Прычым пошук гэты вядзецца ізноў-ткі ў некалькіх кірунках і некалькіх сэнсавых плянах. Памук – пісьменьнік-сымфаніст, майстар вялікай формы; аднаму з рэцэнзэнтаў ягоны раман нагадаў гіганцкі крышталь Дантавай «Камэдыі». Герой раману Галіп (Шэйх Галіп – гэтая меркаваная пераклічка важная! – найбуйнейшы турэцкі паэт-суфі XVIII ст., сябра брацтва пасьлядоўнікаў Румі) некалькі дзён шукае ў вялізным Стамбуле раптоўна зьніклага стрыечнага брата, вядомага журналіста, містыфікатара, дасьледніка чужых сакрэтаў і аматара галаваломных псэўданімаў Джаляля Саліка і сваю, таксама зьніклую, жонку, аматарку замежных дэтэктываў Рую (па кудзелі яна, дарэчы, належыць да роду прарока Мугамэта, а яе імя азначае «мара, мроя»). Разам з тым Галіп, ідучы сьлядамі брата, знаходзіць празь ягоныя старыя зацемках і помныя для іх абодвух зь дзяцінства куточкі гораду самога сябе, зьліваючыся з вобразам брата, больш за тое – як бы займаючы ягонае месца і становячыся пісьменьнікам. «Адзіны спосаб для чалавека стаць сабой, – заключае ён у канцы кнігі, – гэта стаць іншым, заблукаць у гісторыях іншых».

Джаляль жа ў сваіх карэспандэнцыях – імі перамяжаюцца сюжэтныя падразьдзелы раману – спрабаваў, сярод іншага, разгадаць таямніцу Румі: зразумець загадкавую фігуру ягонага духоўнага каханага-двайніка і настаўніка-мюрыда, «люстра ягонага твару і душы» Шэмса Тэбрызі, разабрацца ў падрабязнасьцях і сэнсе таямнічага забойства Тэбрызі – з тугі па памерлым сябры і нарадзілася ў Румі ягоная вялікая «Мэснэві». Акрамя таго, журналіст, відаць, стаўся небясьпечным сьведкам палітычных гульняў вярхоў. З вобразамі закуліснае змовы й таемнай суполкі ў раман уваходзіць далёкая і блізкая гісторыя Турэччыны ў яе ўзаемінах зь міталягізаваным Захадам: тэма схаванага збаўцы-махдзі і лжэмэсіі зь ягонымі лжэпрарокамі, матыў рыхтаванага прышэсьця Антыхрыста (пераклічка зь «Легендай пра Вялікага інквізытара»), шэраг гістарычных ростаняў і новага выбару шляху ў зьменлівых спробах жорсткай мадэрнізацыі зьверху і кансэрватыўнага супрацьстаяньня ім зьнізу аж да кемалісцкай рэвалюцыі першай чвэрці XX ст., левага падпольля 1940–1950-х і ваеннага путчу на пачатку 1980-х гадоў. Раманны quest набывае яшчэ больш абагульнены, глыбінны сэнс. Нарэшце, празь біяграфіі герояў у «Чорную кнігу» ўплятаюцца матывы рэлігійнай гарэзіі і двайніцтва. Рэч у тым, што брацтвы-ордэны хуруфітаў і бэкташы заснаваныя на суфійскай філязофіі, якая падсілкоўвае сюжэтныя пэрыпэтыі раману.

Віртуозна аркестраванае апавяданьне, то адрываючыся ў бок і нібы схамянаючыся толькі празь некалькі падразьдзелаў, то робячы падманныя хады і адразу падсьмейваючыся само зь сябе, блікуючы з другой часткі ў першую і наадварот, эпізод за эпізодам набірае шырыню і моц. Аповед аб некалькіх днях з жыцьця трох чалавек, нарошчваючы пласты як аўтабіяграфічнага, так і гістарычнага матэрыялу, якія да таго ж пераклікаюцца адзін з адным, становіцца пэўнага кшталту хартыяй блізкаўсходняга жыцьцёвага ўкладу – старой цывілізацыі, дзе спалучаюцца паганства і хрысьціянства, прававерны іслам і рухі і сэкты, што зь імі канкуруюць, сівая старадаўнасьць і навамодная аднадзёнка; так у знаходках на дне Басфору з зацемкі Джаляля суіснуюць алімпійскія бізантыйскія манэты і накрыўкі ад газіроўкі «Алімпас». У бок адзначу: ві¬даць, вялікую раманную форму – прынамсі, у ХХ ст. – не падняць і не ўтрымаць, не сынтэзаваўшы карпатлівай рэальнасьці прыватнага часу і месца з унівэрсальным даляглядам сымбаляў і ідэяў, не злучыўшы старадаўнасьці пачаткаў і вышыні арыенціраў. Дарэчы, ня часты, але і не такі ўжо рэдкі ў ХХ ст. усёахопны раман-цывілізацыя, раман-хартыя (правобраз іх усіх, джойсаўскі «Уліс», не ўявіць ні без гамэраўскай архаікі, ні без каталіцкай літу¬ргіі і лацінскай патрыстыкі, ні бяз дублінскага новага Бабілёну, але далёка ня кожная нават з прыпозьненых літаратур мо¬жа падобным жанравым монстрам пахваліцца) – па-мойму, адна з пэрспэктыўных разнастайнасьцяў буйной празаічнай формы менавіта ў апошнія дзесяцігодзьдзі: для прыкладу назаву хаця б «Хазарскі слоўн¬ік» Міларада Павіча і «Лэмпрыраўскі слоўнік» Лорэнса Нор¬фалка, «Энцыкляпэдыю мёр¬твых» Данілы Кіша, «Палінура з Мэхіка» Фэрнанда дэль Паса і «Дух продкаў, альбо Сьвяточную мітусьню на Іванаву ноч» Хуліяна Рыяса. Прычым падобная выніковая «хартыя» ня толькі набрыньвае мінулым, паводле звычнай нам формулы Бялінскага аб энцыкляпэдычным зводзе гістарычнага і будзённага жыцьця нацыі (Памукаў раман – невычэрпная калекцыя пабытовых рэчаў, уменьняў і імёнаў, прыкметаў свайго часу, цацак, што былі страчаныя, забытыя, патанулі альбо запалі ў шчыліну), але загадвае і будучыню. У стэрэаскапічнай гульні «таемнай сымэтрыі» – Гайтысола га¬во¬рыць пра «прызматычнае бачаньне» Памука – раман увесь час адсылае ня толькі да мінулага, але і да прышлага часу, а ў адным з падразьдзелаў першай часткі, у чарговым устаўным аповедзе аднаго з напаўкансьпірацыйных пэрсанажаў разгортваецца карціна ўтапічнай дзяржавы заўтрашняга дня.

Мэтафары таемнага скарбу і неадступнага – то ўтоенага, то відавочнага, а то і падманнага – двайніка, пераклічка аблічча і адлюстраваньня, гораду і карты, гульня сноў і люстэрак, а ўрэшце, жыцьця і мастацтваў у зьмене іх падабенстваў і адрозьненьняў («Усе забойствы, як і ўсе кнігі, паўтараюць адно аднаго», – кажа Джаляль) – скразныя матывы «Чорнай кнігі». Так, адно з навязьлівых бачаньняў Джаляля – трэцяе вока («...вока – гэта чалавек, якім я хацеў бы быць»). Гэтая вобразная нітка – Гайтысола згадвае ў сувязі з Памукам ілюзіянісцкую архітэктуру борхэсаўскіх навэляў і сэрвантэсаўскага раману – дае і чыста сюжэтныя вузлы (скажам, прэзэнтаваны легкаверным журналістам зь Бі-Бі-Сі макабрычны тэатар гістарычных манэкенаў у заключных главах першай часткі альбо падпольны публічны дом, дзе кожная з жыхарак удае турэцкую кіназорку, якая, адпаведна, выступала некалі ў нашумелым кінагіце ў ролі дзяўчыны лёгкіх паводзінаў). Але разьвіваюцца гэтыя мэтафары і ў больш агульным пляне – як свайго роду філязофія раманнага пісьма. Тут Памук апавядальнымі сродкамі разы¬грывае, даводзячы да гратэску, некаторыя ідэі хуруфізму, свайго роду ісламскай кабалістыкі зь ейнай ідэяй адпаведнасьцяў паміж рысамі вонкавага аблічча (абрысам месца, тварам чалавека), літарамі арабскага альфабэту і боскім уладкаваньнем сьвету ў ягоным прасторавым і часавым цэлым. У главе «Тайна літараў і забытая таямніца» сымбалічная значнасьць кожнага прадмету, імя, жэсту, учы¬нку вырастае перад героем да цыкляпічнага насланьня, пагражаючы яму стратай розуму.

Верагодна, самая бліскучая знаходка Памука тут – цудоўна ўзноўлены ім у храналягічнай і сацыяльнай паліфаніі вобраз Стамбулу. Гайтысола слушна адзначае: праўдзівы галоўны герой памукоўскага раману – горад. Які! Горад-сымбаль, разарваны, як усялякі сымбаль, на два паміж Эўропай і Азіяй. Палімпсэст трох тысячагодзьдзяў. Сталіца чатырох імпэрыяў ад Рымскай да Асманскай, уключаючы сярэднявечную Лацінскую, заснаваную крыжакамі. Бадзяньні герояў цераз прасторы стамбульскіх кварталаў, цераз стагодзьдзі гісторыі, этапы ўласнага жыцьця, гадзіны зьменлівага дня – асаблівае і найцікавейшае вымярэньне «Чорнай кнігі». Перакананы, яе будучыя выдаўцы яшчэ забясьпечаць асобным атлясам і даведнікам, але ўжо і для сёньняшніх чытачоў памукаўскі Стамбул увайшоў у асаблівую літаратурна-гістарычную геаграфію разам з гамсунаўскай Хрыстыяніяй і Парыжам Пруста, Брэтона альбо Картасара, борхэсаўскім Буэнас-Айрэсам, бэньямінаўскім альбо набокаўскім Бэрлінам і мілашаўскай Вільняй. Не выпадкова адна зь фінальных, сымбалічна нагружаных сцэнаў раману – конкурс на найлепшую выяву цікавостак і прыгостваў Стамбулу, іранічна разьлічаны зноў-такі на вока замежніка. Карціны разьмешчаныя ў залі гарадзкой забаўляльнай установы. Першую прэ¬мію атрымлівае ўдзельнік, які прыдумаў павесіць на супрацьлеглай сьцяне гіганцкае люстра. І вельмі хутка гледачы заўважаюць, што вобразы ў люстры жывуць сваім жыцьцём – складаным, непрадказальным і грозным...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?