Вы гатовыя?

Ну, тоді, поєхали, друзі!

Усё гэта адбылося, скажам, у Італіі. Італія месьціцца на Апэнінскай паўвысьпе, асноўныя галіны прамысловасьці: станковае і машынабудаваньне, вінаробства. ВУП – 140 млрд эўра, насельніцтва – 50 млн дуп.

Флярэнцыя – дурны горад, свавольная какетніца: то весяліцца бяз дай прычыны, то б’е парцалян і кідаецца на маладых людзей з нажом для рэзкі памідораў. Гэта калі ў гуморы, але толькі паспрабуйце заляцацца ў іншы час, адразу надзявае глыбінныя строі, нават не пурытанскія, глыбей, глыбей. Паказвае трупна-зялёныя фарбы жонка гандляра, нябожчыка: «Мы такія жалобныя, мы такія, як вы можаце да нас, такой небаракі, удавы, заляцацца?» Гляньце на мапу Італіі: Італія як Італія, бот ботам, а Флярэнцыя – не разьбяры-бяры што, чорная дзірка Галівуду.

На флярэнтыйскім карнавале ўсе нажлукціліся, і п’яныя кітайцы стралялі ў конскі зад сьвятога Вацлава з пэтардаў. Прага – сталіца Італіі, а Флярэнцыя – хрэнь нейкая.

Яна прыехала на ровары і сказала: «Дай, дай мне ўкалоцца». Жартую, яна сказала: «У вас мыла ня знойдзецца?» Ехала на ровары, уся такая, ва ўсім такім, спалучэньне «паркаль-вэльвэт», такога за грошы ня купіш, на ровары, але з абцасамі і парасонам, заходзіць у краму і кажа. Ну, вядома, у краму, і ні ў які не «магазын». Бабуля мая казала – «магазын». Ды яшчэ з націскам на другое «а». Аднак «магазын» – гэта частка аўтамата ў такой далёкай, няіснай, але суседняй Югаславіі. Інфармацыя для развагі: жаўнеры войска італьянскага ваююць зробленай у форме «М-16» піццай. Генэралам лічыцца той, хто зьеў тры пачкі равіёляў.

Пытаньне, канечне, бязглуздае. Крама ж спэцыя-лі-за-ва-ная. Мыла ў краме ёсьць, якое хочаце, процьма. Заварное, у кружочак, безалькагольнае, кашміравае, расклёшанае, з турбанаддзіманьнем.

І ніхто, ніхто ня ведае, што ў гэтыя хвіліны ў Мазыры на лаўцы ў парчыку выпіваюць два чалавекі: адзін лысы, другі прагуляцца выйшаў, і размаўляюць аб тым, ня ведаю аб чым, ну, скажам, аб тым, як у горадзе Флярэнцыя на паўпатаемным зборышчы мылаедаў, якое абавязкова адбудзецца неўзабаве на адной віле, будуць гаманіць Фабіё, Рабэрта і Джанлюка. Фабіё на рэдкасьць бялявы, што мае радовішча жаночых ботаў на поўначы Італіі. Апошні суразмоўца не такі важны для апавяданьня, таму заўважым, што Джанлюка – ён чарнявы, непаголены мачоіст, і ягоная роля будзе заключацца ў тым, што пры канцы ён праваліцца ў люк. Усе трое багемяцца з калыскі. Але, увага! Памылкаю будзе лічыць, што яны і тут таксама сабраліся адно патусавацца. Сьпяшаемся паведаміць, што яны ды іншыя сябры клюбу зьбіраюцца штосерады і штопятніцы з мэтаю добра прабавіць час і зьесьці па кавалачку духмянага – уй, матачкі, духі займае, – чароўнага – ніхто не ўратуецца – валіся адразу, – мыла. Вечарына на віле будзе: пер’е й бліскаўкі, кока й гера, Буда й Пэшту.

Выйшаў я ў лазьню памыцца. Натуральна, ручнік, мыла кавалак у руцэ трымаю. Кацька дала са старых яшчэ запасаў. Італьянец па горадзе ідзе. Як убачыў, дык кажу – італьянец. Адразу італьянец і ўсё.

– А, што й та ў вас, э, тут за краіна? – пытае і на маё мыла касавурыцца.

– А вы па справе па якой ці проста цікавіцеся? – кажу.

– А я, гэта, тут бізнэс круціць хачу, – пастаўляць вам грошы, а вы мне – гаспадарчыя тавары на мільёны рублёў у буйных памерах. А што гэта ёсьць у вас за мылца?

Я ня сьцяміў усяго (чалавек я такі), а ён – хоп, схапіў маё мыла і ўцякае.

– Ах, ты, – кажу яму ўвасьлед, – сволач, прасьцітут! Зла на цябе не хапае.

Хлопчїк-схопчик, де ти був?

Зновку сливку з косткай ів?

Маска, маска, я цябе ведаю. Ты – Віцебская вобласьць.

З купленым мылам яна паехала на сустрэчу з каханым, які яго зацяты фэн. І перад гэтай сустрэчай на чыгуначным пераезьдзе яна сустрэла сустрэчны цягнік. Але нічога зь ёй ня здарылася – абтрэсла вэльвэт ад пылу і паехала далей, а вось цягнік па кавалках зьбіралі. Не падкручвайся пад ногі закаханым дзяўчатам, скажам мы. Абтрэсла вэльвэт і паехала прайсьці інструктаж ад любага перад наведваньнем клюбу аматараў мыла.

«Са старшынём клюбу размаўляй разьняволена, хлопец ён наскі. Але, любая, трэба зьесьці мыла. Прынамсі раз на сустрэчу. Танчы, весяліся, і потым неназойліва, але каб усе пабачылі, зьясі адзін шматочак. І можна адразу прагнаць тонікам, тэкілай. Асабіста я рэкамэндую гарэлку з «Рэд булам». Торкне як мае. Давай, любая, усьміхніся».

– Так, так, спадарства, такая цяпер дарагоўля! Абмыляльныя рэчывы шалёных грошай каштуюць. І як вынік – звычайны брусок «дэ-люкс» – пяцьдзясят эўра. Пяцьдзясят! Моцарт.

– Ня можа быць, ваў! Што вы кажаце, гэта ж нейкая жуда! Штраўс.

– Фі, поскудзь! Паганіні.

– Быў я тут у адным месцы. Там адзін мужык выйшаў у лазьню памыцца. Натуральна, ручнік, брусок у руцэ трымаў. Гаспадарчага мылца. Ну, я яго і таго. Вівальдзі.

– А што думаеш ты, любая? Шубэрт.

І тут яна кажа, божа ты мой, і тут яна кажа, кажа, кажа:

– Не падабаецца, не падабаецца, не падабаецца! Сэктанты клятыя! Ненаві¬джу!

Я хачу па-сапраўднаму. Каб бяз мыла. Рабэрта, колькі можна яго есьці? Смактаць, лізаць, садзіць у першых шэрагах, распавядаць яму пра ВКЛ, перашываць для яго старую вопратку ад Барбі, запіхваць у брусок сім-картку, крывіць зь сябе Маўглі, езьдзіць у апраметную на мэтро. Хто вы такія тут? Лейтэнанты трускалачных палёў? Во дзе вы ў мяне! Абрыдлі!

Трах-бах, яна абмылкам старшыні ў скронь, ён плясь на зямлю – імгненная сьмерць. Крыкі, амбулянсы. Працяг нецікавы. Прыяжджаюць карабінэры – выхопліваюць з кабуры свае выштукаваныя са спагецьці пісталеты, і абгавораны Джанлюка, згодна са зробленай вышэй заяўкай на правядзеньне санкцыяванага калецтва, пасьпяхова правальваецца ў люк. Каханьне трыюмфуе. Мілянскія каты ў захапленьні.

Тым часам у Маладэчна, на вуліцы Савецкай, былой Віленскай, а яшчэ раней Савецкай, а яшчэ раней Віленскай, у доме нумар 3, на трэцім паверсе, яшчэ да таго, як яна адтуль гахнулася і зламала сябе аўтамабіль, але ўжо пасьля таго, як пасьпела ажаніцца з маім татам,

мама

мыла

раму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?